Вы тут

75 заявак дасланыя на саісканне Нацыянальнай літаратурнай прэміі


Своеасаблівае «хатняе заданне на лета» — прачытаць і ацаніць мастацкую вартасць сямі дзясяткаў кніг прозы і паэзіі, выданняў для дзяцей і юнацтва, зборнікаў публіцыстыкі, драматургіі і літаратурнай крытыкі — атрымала журы Нацыянальнай літаратурнай прэміі, якое прыступіла да разгляду дасланых работ.


Кіраўнік упраўлення вытворчасці і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Алена Паўлава адзначыла, што колькасць пададзеных работ самая высокая з моманту зацвярджэння прэміі ў 2015 годзе. Для параўнання: па выніках 2014-га на прэмію прэтэндавалі 45 кніг, 2015-га — 30, праз год паступіла 41 заяўка, летась — 53, а сёлета сярод «прэтэндэнтаў» — 75 кніг, якія ўбачылі свет з 1 студзеня да 31 снежня 2018 года. Але да разгляду прафесійным журы ў сямі намінацыях будуць дапушчаны толькі тыя выданні, што адпавядаюць усім умовам конкурсу.

Традыцыйна самая вялікая канкурэнцыя — у намінацыі «Найлепшы твор для дзяцей і юнацтва», дзе на атрыманне прэміі прэтэндуюць 18 аўтараў. 15 выданняў прадстаўлены ў намінацыі «Найлепшы твор прозы», 14 — у намінацыі «Найлепшы твор публіцыстыкі», 13 кніг спаборнічаюць за званне «Найлепшы твор (зборнік) паэзіі». У намінацыі «Найлепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства» арганізатары атрымалі сем заявак. Шэсць твораў разглядаюцца ў намінацыі «Дэбют», у тым ліку кніга самай юнай з сёлетніх канкурсантаў, 15-гадовай Сафіі Ворсы, а вось намінацыя «Найлепшы твор драматургіі», як і ў папярэднія гады, прадстаўлена найбольш сціпла — толькі два аўтары. Сярод усіх кніг-прэтэндэнтаў каля 60 % твораў выйшлі на беларускай мове, прыкладна 40 % — на рускай.

Зрэшты, незалежна ад колькасці заявак у асобных намінацыях, агульны ўзровень работ вельмі высокапрафесійны, у адзін голас сцвярджаюць члены журы Нацыянальнай літаратурнай прэміі. «Беларусы — гэта нацыя талентаў, нацыя інтэлектуалаў, асветнікаў, людзей, скіраваных на духоўнасць, — мяркуе старшыня журы, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Іван Саверчанка. — Таму не дзіўна, што колькасць удзельнікаў прэміі павялічваецца. Тым больш для гэтага створаны перадумовы: Міністэрства інфармацыі паклапацілася і пра арганізацыйны складнік, справядлівае правядзенне конкурсу, і пра фінансавы: памер грашовай узнагароды ў шасці асноўных намінацыях складае цяпер 100 базавых велічынь, у намінацыі «Дэбют» — 50. Прэмія цікавіць, за яе змагаюцца вельмі моцныя аўтары, і гэта вельмі хораша. Хоць журы, на маю думку, будзе вельмі няпроста ў гэтым годзе вызначыцца з пераможцамі».

«Што асабліва прыемна для мяне, — гаворыць дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» паэт і пісьменнік Алесь Бадак, — гэта пэўны рэнесанс жанру публіцыстыкі. Калі ў мінулыя гады ў гэтай намінацыі было прадстаўлена хіба па адной кнізе, то летась ужо восем, а сёлета — 14. Калі раней падавалася, што жанр нарысаў застаўся ў ХХ стагоддзі, то цяпер іх зноў пішуць, таксама з'яўляюцца цікавыя кнігі ў жанры інтэрв'ю».

Пазнаёміцца з гісторыяй прэміі, лаўрэатамі мінулых гадоў і сёлетнімі прэтэндэнтамі можна на афіцыйным сайце lіtрrеmіа.bу. Імёны пераможцаў будуць абвешчаны не пазней за 6 жніўня, а вось сама ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання ўжо традыцыйна пройдзе ў верасні ў межах святкавання Дня беларускага пісьменства ў Слоніме. Дарэчы, у гэтым годзе лаўрэаты атрымаюць у дадатак да дыпломаў і грашовых узнагарод новую прызавую статуэтку — сімвал конкурсу — над яе стварэннем зараз працуюць арганізатары з дапамогай творчых сіл Акадэміі мастацтваў.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Загаловак у газеце: Разнастайнасць зместу і формы

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.