Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Падтрымаў называецца...

Фота pstgu.ru

Цяпер у нашых навучальных установах шмат студэнтаў-замежнікаў. Гэта некалі было, што называецца, кот наплакаў: у прыватнасці, гадоў семдзесят таму на нашым беларуска-рускім аддзяленні філфака вучыўся хіба што паляк Эдвард. Хлопец ён быў свой, кампанейскі, мовы — і рускую, і беларускую — на спецыяльных курсах вучыў...

А месяцы праз два і праверка рыхтуецца: рассаджваюць нас, чалавек пяцьдзясят, у прасторнай аудыторыі, раздаюць праштампаваныя аркушы паперы, пачынаюць дыктоўку... Як зараз помню, тэкст — даволі складаны: урывак з рамана Пятра Паўленкі. А таму ўсе студэнты напружана слухаюць тэкст, карпеюць над паперай ды перачытваюць тое, што напісалася. Я ж да ўсяго раз за разам кручу галавой — падказваю нешта Эдварду, які спецыяльна ўладкаваўся побач...

Урэшце справа зроблена: дыктант гатовы. Студэнтам прапануюць апошні раз усё праверыць — выправіць магчымыя памылкі.

Я чытаю тое, што напісаў, нешта выпраўляю — і не столькі ў сваім дыктанце, колькі ў суседавым.

...А дні праз два мы зноў збіраемся разам, каб падвесці вынікі. Для большай нагляднасці нам раздаюць нашы работы з выпраўленымі памылкамі і пастаўленымі адзнакамі. Я сваёй задаволены. Гляджу ў работу Эдварда і вачам не веру: там добрая... сотня памылак — і граматычных, і сінтаксічных. Называецца, дапамог...

І тым не менш у працэсе вучобы ды зносін Эдвард (мы яго звалі Эдзікам) хутка зраўняўся з іншымі, паспяхова здаваў экзамены, атрымаў запаветны дыплом і з'ехаў да сябе на радзіму. Праўда, філолагам там не працаваў: яго адразу ж прызначылі дырэктарам — у медыцынскі каледж. Значыць, веды ён атрымаў грунтоўныя?

Віктар Несцяровіч, г. Лагойск


Анекдот? Ці жыццё?

Фота beon.ru

Не так даўно я выпадкова сустрэла свайго былога аднакурсніка ці нават кавалера. У маладосці мы з ім сябравалі, ён, як выглядала, быў трохі закаханы, але ж...

Як склалася, так склалася: я — замужам, ён жанаты. А таму сустрэўшыся, мы проста пасядзелі, пагаварылі, успомнілі тыя часы, перабралі агульных знаёмых і толькі потым, па дарозе дамоў, усплыў на памяць яшчэ адзін эпізод.

Было гэта пад канец вясны, здаецца, у нядзелю, пад вечар. Мы з Колем дамовіліся сустрэцца і пехам схадзіць у кіно, гэта значыць перад пачаткам фільма прайсціся па шырокім праспекце, паглядзець, як цвітуць каштаны, пагаварыць.

Часу на гэта ў нас хапала: кінатэатр быў кіламетраў за пяць, надвор'е цудоўнае, людзей навокал — раз-два і аблічыўся. Хіба...

У скверы, метраў за колькі ад тратуара, стаялі рэдкія лавачкі. Амаль усе яны чамусьці пуставалі, толькі ля адной кучкавалася з дзясятак падлеткаў. Мы здалёку чулі іхнія крыкі, нейкі падазроны — і не сказаць, што п'яны — смех, але ўвагі на яго, можна сказаць, не звярталі, бо навошта? У іх, як той казаў, сваё вяселле, у нас сваё...

Усё так. І зусім не так, бо як толькі мы падышлі бліжэй, хлопцы чорнай зграяй сарваліся з месца, выскачылі на праспект і не проста заступілі дарогу, — з усіх бакоў акружылі нас.

— Э-э, пацан, — звярнуўся «важак» да Колі, і я адчула, як той напружыўся, бо пацанамі, хамутамі, шантрапой былі падлеткі, а зусім не ён. — Ты дзе такую кралю падчапіў? Я б яе зараз...

Хлопцы (мусіць, тое ўявіўшы?..) дзіка «заржалі», Коля рвануўся ў бойку, а я...

Не паверыце: спакойна падхапіла пачатую паскуднікам фразу, сказала яму кароткае:

— ...І нічога ў цябе не выйшла б.

— Гэта чаму? — вылупіў вочы нягоднік.

— Ды сябры твае, — я паказала на прысутных, — дасталі б парадамі.

Гэтага анекдота падлеткі, відаць, не чулі яшчэ, а таму, што называецца, зайшліся, пакаціліся ад рогату! Не адстаў ад іх і прыставала. У выніку мы з сябрам пайшлі далей.

Вось так ад многіх і, відаць, вельмі вялікіх непрыемнасцяў (калі не сапраўднай бяды) нас з Колем уратаваў адзін маленькі анекдот.

Чаму ў той момант я ўспомніла яго? Чаму, як той казаў, не «абвалялася» ў капрыз, у крыўду ці слёзы?

Ведае пра тое толькі Бог.

Н. К., г. Барысаў


Артысткі... з пагарэлага тэатра

Фота миамир.рф

Амаль усё маё жыццё звязана з дзецьмі, са школай.

...У той год з першага верасня мне далі другі клас. Хлопчыкі ў ім як хлопчыкі, дзяўчаткі — як дзяўчаткі. Непакоіла хіба адна, Алёнка. Я ніколі не бачыла гэткіх дзяцей — худзенькіх да празрыстасці, адна скура ды костачкі, нібы ўчора з канцлагера... Дзе ўжо тое здароўе? Збяруцца дзеці ў клас, я прыйду, распачну ўрок і ледзь не адразу ж скончу, бо ў Алёнкі з носа кроў пайшла. Трэба ратаваць.

Вось і ў той дзень вывела я дзяўчынку з класа, абмыла, паклала на пераноссе холад, пытаюся:

— Дзіцятка, ты сёння снедала?

— Не, — кажа малая, — мамка з раніцы на ферму пайшла. А потым ёй да бабулі трэ было — бульбу капаць.

Ну што тут будзеш рабіць? Я за Алёнку ды за сяброўку яе (каб паклікала калі што...) і павяла іх да сябе дадому (балазе гэта блізка — насупраць школы). Хуценька паставіла перад імі ладную горку блінцоў, варэнне, кампот, сказала малым, каб добра пад'елі, а сама вярнулася ў клас.

Правяла ўрок з горам папалам і бегма дамоў.

Каля ганка чую нейкія гукі... Зазіраю ў акно і бачу: мая «хворая» з той сябровачкай скачуць перад трумо, крыўляюцца і рагочуць.

Ну, думаю, шэльмы, я ж вам пакажу!

Гэта была першая думка. А потым мяне смех разабраў, бо дзіця ж яшчэ горкае, а, бач ты, прыдумала, як настаўніцу вакол пальца абвесці: нейкую больку ў носе зачэпіць, і палова ўрока, глядзіш, сарвана...

Карацей, паздзіўлялася я, пасмяялася, а потым зрабіла заклапочаны твар, нечым бразнула ў калідоры, каб «госці» мае пачулі, заходжу ў кухню. Блінцы, заўважаю, з'едзены да апошняга, кампот выпіты. Значыць, апетыт у малых будзь здароў!

Праходжу далей і яшчэ раз не веру, як казаў Станіслаўскі, — ні вачам сваім, ні вушам: у спальні карціна алеем. Алёнка ляжыць на ложку (ножкі ў струначку, ручкі на грудзях, як у нябожчыцы...) і ледзь чутна шэпча:

— Вой, Любоў Мі-хай-лаў-на, па-мі-раю...

— Ну што ты, Алёнка, — суцяшаю яе, — быць такога не можа! Вы ж толькі што з Валяй танцавалі. То ўставай, дзіцятка: на гэтым канцэрт закончаны. Гайда ў клас!

Пачырванела малая, падхапілася і пабегла ў школу...

З таго дня як рукою зняло: кроў з носа ў яе болей не ішла, урокі не зрываліся. А я тады чарговы раз убачыла, якія ж нашы дзеці артысты — можна сказаць, прыроджаныя!

Л. Чыгрынава, г. Мінск


Як збываюцца мары

Фота 4lapki.com

Было гэта вельмі даўно, недзе на пачатку трыццатых гадоў мінулага стагоддзя. Непадалёк ад Гомеля, у вёсцы Прудок, знаходзіўся 59-ы конны завод. Мой дзядуля працаваў там конюхам, бабуля — вартаўніком у канторы. А тут яшчэ і мяне матуля прывезла... Прыйшлося ўладкаваць у дзіцячы садок.

Не ведаю чаму, але мне там зусім не спадабалася. Таму пасля абеду, як толькі ўсіх укладвалі спаць, я — калі праз дзверы, калі праз вокны — старалася ўцячы дадому. Праўда, так было да пары, пакуль...

Неяк у канцы лета нас, малых, пастроілі ў шарэнгу. Мне і яшчэ аднаму хлопчыку далі ў рукі па транспаранце і павялі ў бок завода. Там на вялікім пляцы паўкругам стаяў народ, а пасярэдзіне красаваліся два вельмі важныя вусатыя дзядзькі-вайскоўцы. Нам сказалі, што адзін з іх — Сямён Міхайлавіч Будзённы. Пра яго нават мы, дзеці, ведалі тады з песні «По земле грохочут танки, самолёты петли вьют, о будёновской тачанке в небе лётчики поют».

У тую гадзіну, праўда, песень не было. Ва ўсе вочы мы глядзелі, як з канюшань выводзяць коней, як Будзённы нешта кажа пра іх, а выхавацелька нам пераказвае, што спачатку адбіраюць самых моцных — так званых цяжкавозаў, ламавікоў, каб вазіць гарматы, потым — коней для запрэжкі ў тачанкі, а нарэшце ўжо — скакуноў, якія служылі ў конніцы. Вось яны былі самыя прыгожыя: мне, ва ўсякім разе, яны вельмі спадабаліся!

Тым часам надвор'е стала псавацца, заімгліў дождж. Я расшпіліла сваё паліцечка і палой прыкрыла транспарант. Вайсковец, які быў з Будзённым, заўважыў гэта, нешта сказаў маршалу, і ён падышоў да нас. Прывітаўся, пачаў пытацца, як мы жывём, ці добра нам у садку? Мы хорам адказалі, што вельмі, і (як выхавацелька нам шапнула) запрасілі таварыша Будзённага да сябе на абед. Ён падзякаваў, але адмовіўся: сказаў, што не мае часу.

Тады мы (і зноў з падказкі выхавацелькі) папрасілі героя перадаць наша прывітанне таварышу Сталіну. Будзённы паабяцаў. На гэтым і развіталіся. Мы пайшлі ў садок. Але мяне гэта сустрэча ўсхвалявала на ўсё жыццё. З таго самага дня я вельмі палюбіла коней, збірала пра іх кніжкі і марыла хоць калі-небудзь ды праехаць конна...

І яшчэ я перастала ўцякаць з садка.

Прайшлі гады... У тое лета я зноў была ў бабулі, працавала ў яе на агародзе. А за ім было вялікае поле, на якім да раніцы пасвіўся конь. Аднойчы, страшэнна баючыся, я прывяла яго да ганка, ускараскалася неяк на спіну і такі ж праехала... Сама. Конна...

Як на той час, дык гэта былі самыя цудоўныя хвіліны ў маім жыцці, бо я спраўдзіла сваю мару.

М. Любаскіна, г. Бабруйск

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

Ад яе ж...

Шчыры дзякуй усім чытачам, якія дасылаюць свае «вясёлыя і праўдзівыя гісторыі», якія стараюцца расказаць іх коратка і цікава і тым самым кожную пятніцу запрашаюць нас у... «вандроўку» — не толькі па гарадах і сёлах, але і па «часах ды норавах». Сёння, у прыватнасці, асобны рэспект Міры Канстанцінаўне Любаскінай, з «падачы» якой мы, хоць краем вока ды, можна сказаць, убачылі жывога Будзённага!

А таму конкурс на найлепшую гісторыю «Звязда» працягвае, журы працуе. Пішыце!

Выбар рэдакцыі

Здароўе

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

Менавіта зімой павялічваецца колькасць інфарктаў і павышаецца артэрыяльны ціск.

Культура

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Піша Зіновій Прыгодзіч.

Грамадства

У 2023 годзе з'явяцца квоты на рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю

У 2023 годзе з'явяцца квоты на рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю

У Беларусі на сённяшні дзень звыш 570 тысяч чалавек маюць інваліднасць.

Грамадства

АЭС у Астраўцы гатова да імітацыі работы ядзернага рэактара

АЭС у Астраўцы гатова да імітацыі работы ядзернага рэактара

Першы энергаблок Беларускай АЭС гатовы на 95 %, другі — на 70 %.