Вы тут

Чаму сумесны выхад на паркет — найлепшая праява пачуццяў?


«Дом пабудавалі, дрэваў вакол насадзілі, сына выгадавалі. Можна і факстроту навучыцца», — прыкладна так разважалі гамяльчане Генадзь і Вольга Карчэўскія, запісваючыся на заняткі дзесяць гадоў таму. Шматразовыя чэмпіёны Беларусі па спартыўных бальных танцах у катэгорыі «Сеньёры» расказалі «СГ», як квікстэп можа замяніць трэнажорку і чаму сумесны выхад на паркет — найлепшая праява пачуццяў.


Ззянне стразаў, элегантныя прычоскі, гучная прыгожая музыка. Некалькі зусім юных пар круцяцца ў віхуры венскага вальса. У паветры вітае напружанне, і здаецца, што вось-вось на чарговым павароце нехта не паспее ўхіліцца і адбудзецца сутыкненне. Сотні іншых канкурсантаў і балельшчыкаў з трыбун назіраюць за тым, што адбываецца на паркеце. Не хаваючы эмоцый, яны выкрыкваюць імёны фаварытаў, падбадзёрваюць удзельнікаў апладысментамі. І толькі адна пара стаіць быццам паводдаль. Хударлявы высокі мужчына нетаропка ходзіць туды-сюды з задуменным поглядам. Яго спадарожніца ў цёмна-сіняй сукенцы з бірузовым пер'ем на падоле і рукавах ледзь заўважна ўстае на дыбачкі і апускаецца назад. Паміж сабой — ні слова, ні погляду.

— Перад спаборніцтвамі мы стараемся адключыцца ад усяго, каб не збіць настрой, — тлумачыць пасля Вольга. — Загаворышся, засяродзішся на нейкай дробязі — і ўсё, танец не пойдзе.

— Як вы трапілі ў танцы?

— Вольга — артыстка з дзяцінства, — заўважае Генадзь.

— Па праўдзе, я заўсёды марыла займацца балетам. Але ў пачатку 80-х у горадзе нават нічога падобнага не было, таму мама завяла мяне на народныя танцы. А калі мы пераехалі жыць на Сельмаш (мікрараён у Гомелі. — Аўт.), то я трапіла ў танцавальны клуб «Палеткі», дзе займалася да самага выпуску са школы ў харэографа Юрыя Лабанава. Тут ужо быў і першы вальс, і кадрыль, і сучасныя павевы. Спартыўныя бальныя танцы ў нас толькі набіралі папулярнасць.

Прыкладна ў той час мы з Генам і пазнаёміліся. Я вучылася ў дзясятым класе, ён вярнуўся з арміі. Маладыя, прыгожыя. Літаральна праз тры дні пасля сустрэчы мы ведалі, што пажэнімся. Так яно і адбылося: пасля выпускнога падалі заяву ў загс. Не кажу, што гэта ўзор і так павінны рабіць іншыя. Але калі ты кахаеш чалавека і ўпэўнены ў ім, то навошта цягнуць? У нас шмат сяброў, якія таксама рана пажаніліся і добра жывуць не адно дзесяцігоддзе. Вось і ў нас сёлета жамчужны юбілей — 30 гадоў разам.

Калі мы рыхтаваліся да вяселля, вырашылі развучыць некалькі фігур для танца ў загсе. Па дапамогу звярнуліся да Юрыя Генадзевіча. Яшчэ тады ён сказаў мужу: «Гена, у цябе здольнасці! Трэба танцаваць». Але дзе там! Мы толькі пачыналі сямейнае жыццё, нарадзіўся сын, я вучылася на завочным. Адным словам, было не да вальса.

У пачатку лютага пара Карчэўскіх узяла «серабро» на чэмпіянаце Беларусі па спартыўных бальных танцах.

— Калі вярнуліся да забытага хобі?

— Калі сын з'ехаў вучыцца ў іншы горад, мы засталіся дома ўдваіх. Вечары каля тэлевізара пачалі ўваходзіць у звычку. Хоць мы і імкнуліся да актыўнасці: муж хадзіў на футбол, я — на фітнес, гэтага было недастаткова. Калі я сказала Гену, што мы ідзём на танцы, у яго быў шок.

— Паставілі мужа перад фактам?

— Не, але было блізка да гэтага (усміхаецца). Некалькі разоў я схадзіла на заняткі сама, паглядзела, што ды як. Аднак бальныя танцы — гэта абавязкова пары, таму трэба было вызначацца з партнёрам.

— Генадзь, вядома, не дапусціў, каб жонка танцавала з чужым мужчынам?

— Гэта быў мой хітры ход, каб зацягнуць яго ў зал (смяецца). Праўда, згадзіўся муж толькі пры ўмове, што пасля танцаў будзе магчымасць паплаваць у басейне. Самае цікавае, што ён хутка ўцягнуўся. Пасля заняткаў у студыі глядзеў у інтэрнэце выступленні прафесіяналаў, сачыў за чэмпіянатамі свету, у яго з'явіліся свае «любімчыкі».

— Мяне ўкалолі, заразілі танцавальнай ліхаманкай! — пацвярджае словы жонкі Генадзь.

— І ўсё ж з самага пачатку для нас гэта была забава. Аднойчы мы выпадкова сустрэліся з Аляксеем Лабанавым — сынам Юрыя Генадзевіча. У яго свая школа танцаў у ЗША, час ад часу ён прыязджае на радзіму, праводзіць тут семінары. Нам вельмі пашанцавала, што Аляксей Юр'евіч узяўся трэніраваць нашу пару. Хоць на першых занятках і пажартаваў: «Лепш бы стаялі. Стаіце вы добра». Кожны крок, позірк, узмах рукі — усяму мы вучыліся літаральна з нуля. Вынік — харэограф-сын амаль паўтарыў словы бацькі: «Гена, ты не тым займаўся па жыцці!»

— Шлях да тытула чэмпіёнаў краіны быў складаны?

— Тое, што мы танцуем, недарма адносіцца да спорту. Падчас трэніровак (заўважце, не рэпетыцый) пацееш не менш, чым у трэнажорнай зале. Мала таго, што ўсё цела ад кончыкаў пальцаў да павек знаходзіцца ў напружанні, дык яшчэ трэба, каб яно рухалася ва ўнісон з партнёрам. Помню, развучвалі квікстэп, і Аляксей тлумачыў Гену, як правільна дыхаць падчас танца. Муж пасмейваўся, маўляў, я дзесяць гадоў футболам займаўся, скакаць умею і дыхальная сістэма ў мяне ў парадку. Праўда, праз некалькі хвілін ад яго самаўпэўненасці не засталося і слядоў: танец забраў усе сілы і збіў дыханне. Надзвычай складаны ў фізічным плане і венскі вальс.

Таму займацца даводзіцца шмат. Тройчы на тыдзень — уласна танцы ў клубе «Палеткі» пад кіраўніцтвам Юрыя і Аляксея Лабанавых. Мы працуем над еўрапейскай праграмай: квікстэп, павольны вальс, танга, павольны факстрот і венскі вальс. Дадаткова ідзе харэаграфія, дзе вучымся валодаць сваім целам, а таксама ходзім у басейн.

— І ўсё дзеля чаго? Медалі ці задавальненне на першым плане?

— Мой бацька казаў: «Нада шаваліцца!» Вось я і «шавалюся», — жартаўліва прыгадвае наказ старэйшых на гомельскай гаворцы Генадзь. — Мы не гонімся за рэйтынгамі і цвяроза ацэньваем свае магчымасці — як-ніяк прыйшлі ў гэты від спорту досыць позна (Вользе было 38, а мне — 43). Але ведаем, што можам дастойна прадстаўляць краіну на міжнародным узроўні. Напрыклад, летась у Германіі на сусветным першынстве мы абышлі 90 пар са 125. Згадзіцеся, нядрэнны вынік для гомельскай пары без сувязяў і з даволі сціплым досведам выступленняў? Летась удалося палепшыць рэйтынгі ў Дрэздэне і Вене.

Нягледзячы на тое, што на міжнародных спаборніцтвах мы выступаем пад сцягам краіны і прадстаўляем Беларускі альянс танцавальнага спорту, усе выдаткі за ўдзел, пражыванне, праезд прыходзіцца браць на сябе.

— Але яно таго вартае. Танцы поўнасцю перамянілі наша жыццё, — далучаецца Вольга. — Ёсць пары, якія ставяцца да гэтага выключна як да спорту: прыехаў, выступіў, паехаў дадому. Мы глядзім на спаборніцтвы шырэй. Выязджаючы на чэмпіянаты за мяжу, абавязкова складаем культурную праграму: наведваем музеі, тэатры, нацыянальныя паркі. Калі б не танцы, мы хутчэй за ўсё не патрапілі б у многія гарады. Гэтыя паездкі замяняюць нам водпуск.

З сынам Янам.

— У якіх краінах ужо пабывалі? Што больш за ўсё запомнілася?

— Аб'ехалі палову Еўропы. Там зусім іншая культура ўспрымання бальных танцаў. Паўфіналы і фіналы спаборніцтваў — гэта ўжо не проста спорт, а цэлае шоу, ці правільней казаць, баль. На іх прыходзяць як у Вялікі тэатр. Сімфанічны аркестр, афіцыянты ў белых пальчатках, свечкі. Нават гледачы апранаюць вячэрнія касцюмы, каб падчас перапынкаў таксама выйсці на паркет і павальсаваць, — кажа Генадзь. — «Сеньёры» там дзеляцца на некалькі ўзроставых катэгорый, кожная з якіх налічвае па некалькі сотняў удзельнікаў. У нас на першынстве краіны прадстаўнікоў гэтай групы можна пералічыць па пальцах.

— Разам з тым, нельга сказаць, што беларусам бальныя танцы нецікавыя. Гэта класіка. Яна, як вядома, ніколі не старэе. Студый і клубаў хапае і ў нас. Народ спрабуе, уваходзіць у смак. Але, магчыма, пакуль не гатовы да выхаду на спаборніцтвы.

— Як сын ставіцца да вашага захаплення?

— Вельмі ганарыцца. Ён, дарэчы, калі маленькі быў, таксама рваўся на заняткі танцамі ўслед за дзяўчынкай, якая яму падабалася. Але мы аддалі яго ў музычную школу. Зараз разумею, што паступілі правільна. Бальныя танцы — гэта спорт, і каб у ім дасягнуць значных вынікаў, трэба выкладвацца па поўнай. Дзеці трэніруюцца не менш за дарослых, няўдачы ўспрымаюць вастрэй. Нават у нас, дарослых танцораў-аматараў, бываюць расчараванні і слёзы. Што ўжо казаць пра 12—15-гадовых падлеткаў?

Сын не шкадуе, што тады не пайшоў танцаваць. Зараз ён усур'ёз цікавіцца трыятлонам, бегае марафоны. Трэніроўкі штодня па раскладзе. Кажа, што мы яго станоўчы прыклад.

— Як танцы паўплывалі на вашы адносіны?

— Усё залежыць ад таго, з якога боку глянуць. Не буду ўтойваць: падчас трэніровак можам і пасварыцца. Мы павінны рухацца як адзінае цэлае, а гэта атрымліваецца не заўсёды. Таму, бывае, што дадому з залы я іду пехам (астываю пасля канфлікта), а муж едзе на машыне. У парыве эмоцый магу сказаць: «Усё, больш ніякіх танцаў!» Але калі зноў зайграе музыка, пачуецца шалясценне сукенак — не стрымацца.

У той жа момант, танцы робяць адносіны глыбейшымі, як і любое іншае сумеснае хобі. Толькі тут у вас ёсць магчымасць паказаць свае пачуцці праз мастацтва рухаў і зрабіць гэта так, каб усе «ахнулі».

— Дома танцуеце?

— З кухні ў залу ўваходзім толькі ў рытме танга, — жартуе Генадзь.

— Калі сур'ёзна, то па-за паркетам танцаваць даводзіцца рэдка. Аднойчы на вяселлі далі маладому пакаленню невялічкі майстар-клас па венскім вальсе.

— Калі мэты стаць першымі няма, то аб чым марыце?

— Як мінімум, датанцаваць да катэгорыі «Гранд Сеньёры» (пары ўзростам з 61 года. — Аўт.). Неяк у Штутгарце мы трапілі на выступленне танцораў 70+. Колькі грацыі і гонару было ў іх рухах! Хочацца, каб і мы ў іх узросце змаглі вось так кружыцца, гледзячы адно на аднаго.

КАМПЕТЭНТНА

Наталля Пачэпка, сямейны псіхолаг, загадчыца аддзялення псіхалагічнай дапамогі сям'і і дзецям Мінскага гарадскога цэнтра сацыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей:

— Сям'ю, якая ў асноўным выканала сваю бацькоўскую функцыю, часта называюць "апусцелым гняздом". Крызісны перыяд пачынаецца, калі з дому сыходзіць малодшае дзіця. Мяняецца структура сям'і: існаваўшы на працягу доўгага часу трохвугольнік "мама—тата—дзіця" трансфармуецца ў дыяду. На першы план зноў выходзяць адносіны бацькоў. Нават гарманічныя пары гэты перыяд могуць перажываць досыць балюча. А калі ў сям'і былі нявырашаныя праблемы да нараджэння дзіцяці, то яны могуць вярнуцца. Сужэнцам трэба нанова вучыцца жыць удваіх.

Існуе некалькі варыянтаў выхаду з крызісу. Першы — неканструктыўны, калі партнёры аддаляюцца, расчароўваюцца ў шлюбе, адчуваюць адзіноту і спусташэнне, не могуць знайсці занятак, які б задавальняў. Некаторыя працягваюць канцэнтравацца на жыцці дзяцей, хоць гэта больш і не патрэбна. Фактычна адбываецца раскол пары.

Другі падыход звязаны са з'яўленнем новых сфер самарэалізацыі мужа і жонкі. Пара пачынае атрымліваць задавальненне ад сталых адносін. З цікавасцю бярэцца за ажыццяўленне планаў, ад якіх прыходзілася адмаўляцца з-за выхавання дзяцей. Агульнае хобі можа стаць менавіта тым штуршком, які дасць магчымасць па-новаму зірнуць на блізкага чалавека.

Ганна КУРАК

Фота аўтара і з архіва герояў

Мінск — Гомель — Мінск

Загаловак у газеце: Танцы па-даросламу, або Агульнае хобі як новы віток адносін

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.