Вы тут

Прэзентавана кніга Інесы Плескачэўскай «Гістарычныя прагулкі з Францыскам Скарынай»


Выдавецкі дом «Звязда» сумесна з кнігарняй «Светач» прэзентаваў кнігу журналісткі і пісьменніцы Інесы Плескачэўскай «Гістарычныя прагулкі з Францыскам Скарынай».


— Ідэя паехаць па еўрапейскіх гарадах Скарыны ўзнікла напярэдадні 500-годдзя выхаду яго першай кнігі. Менавіта тады мы адправіліся ў першыя вандроўкі па слядах асветніка і першадрукара. Кракаў — горад, дзе ён вучыўся. Падуя, дзе ён бліскуча абараніў вучоную ступень доктара лекарскіх навук. Дарэчы, гэтым дасягненнем ён вельмі ганарыўся, бо змяшчаў звесткі пра сваю адукацыю амаль у кожнай кнізе. Пасля была Прага — горад, які па праве можна назваць калыскай беларускага друку, таму што там Францыск Скарына выдаў свае першыя кнігі. Вільня — месца, дзе ён ажаніўся, нарадзіліся яго дзеці і дзе, як пісалі ў Вялікай савецкай энцыклапедыі, «ён заснаваў першую на тэрыторыі СССР друкарню». У 2022 годзе літоўцы будуць шырока адзначаць юбілей гэтай падзеі, — расказала аўтар на сустрэчы з чытачамі.

На думку спадарыні Плескачэўскай, Францыск Скарына, хоць і нарадзіўся ў Полацку і ніколі пра гэта не забываў, быў усё ж чалавекам Еўропы. «Сёння, куды ні заедзеш, яго паўсюль лічаць сваім. Таму што ў XVІ стагоддзі ён пражыў такое жыццё, да якога мы сёння павінны імкнуцца», — падкрэслівае журналістка.

Эксперты сыходзяцца на думцы, што гэты чалавек паўплываў не толькі на славянскі друк, але і ў цэлым на еўрапейскі. Напрыклад, тытульныя лісты да Францыска не рабіў ніхто. Таксама ён быў першы, хто не пасаромеўся размясціць свой партрэт у кнігах, якія выдаваў.

Аднак галоўная мэта «Гістарычных прагулак» — не проста паказаць веліч асобы, а разгледзець за вечнымі справамі жывога чалавека.

— У выданні шмат фота, яны перадаюць атмасферу гарадоў, дзе Скарына жыў, вучыўся і працаваў. Ідзеш па завулках, па якіх хадзіў Францыск, і здаецца, быццам ён зараз вынырне з-за рага. Мы імкнуліся зрабіць акцэнты на дробязях. Напрыклад, у Падуі ў той аўдыторыі, дзе будучы першадрукар здаваў экзамены, цудоўна захавалася арыгінальная столь. Дагэтуль журналісты, якія пісалі пра падуанскі перыяд Скарыны, не ведалі дакладнага месца іспытаў. Але мы былі настойлівыя: мясцовыя ў архівах адшукалі інфармацыю, і цяпер чытачы могуць на ўсе сто зазірнуць у мінулае.

Сапраўдным адкрыццём кнігі стала бібліятэка невялічкага гарадка Герліц на нямецка-польскай граніцы. Менавіта там быў знойдзены скарынаўскі канвалют (некалькі кніг пад адной вокладкай).

— 11 арыгінальных фаліянтаў у цудоўным стане мы не бачылі вельмі даўно. А захаваліся яны добра, бо ў Германіі кнігі, надрукаваныя кірыліцай, попытам не карысталіся, да іх стагоддзямі ніхто не дакранаўся.

Для каго друкаваў свае кнігі Скарына? Гэтае пытанне хвалюе літаратуразнаўцаў і звычайных чытачоў. Літоўскія і польскія эксперты сцвярджаюць, што хоць і пражыў ён большую частку жыцця за мяжой, але працаваў для свайго народа, беларусаў, з мэтай іх асветніцтва. Па-першае, кнігі былі на старабеларускай мове. Па-другое, яны толькі выглядалі на еўрапейскі манер, іх змест адпавядаў традыцыі праваслаўных хрысціян. Да таго ж вядома, што сам Скарына пісаў літургіі і акафісты.

Ганна КУРАК

Загаловак у газеце: Еўратур па слядах першадрукара

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Энергія смецця, якасць вады і зніжэнне затрат удвая. Камунальнікі і навукоўцы абмеркавалі ўплыў інавацый на жыццё галіны

Энергія смецця, якасць вады і зніжэнне затрат удвая. Камунальнікі і навукоўцы абмеркавалі ўплыў інавацый на жыццё галіны

Святлодыёды са шматслойнымі нанаплёнкамі, якія мяняюць колер у залежнасці ад часу сутак і падстройваюцца пад біярытм чалавека...

Спорт

Сёлета футбольнаму клубу «Віцебск» спаўняецца 60 гадоў

Сёлета футбольнаму клубу «Віцебск» спаўняецца 60 гадоў

«У юбілейны сезон хацелася сур'ёзна адзначыць дзень нараджэння. Але пандэмія каранавіруса ўнесла свае карэктывы».

Эканоміка

 Фiнансiстам патрэбны банкноты — прымаюць любыя. Банкi гарантуюць, што захаваюць нашы грошы

Фiнансiстам патрэбны банкноты — прымаюць любыя. Банкi гарантуюць, што захаваюць нашы грошы

Фiнансавыя паслугi адзiн аднаму людзi аказваюць ужо тысячы гадоў.