Вы тут

Юнак стварыў мабільную праграму, якая дазваляе чытаць удвая хутчэй


Дзевятнаццацігадовы Ілья Архіпаў прыдумаў мабільную праграму, якую прызналі адной з найлепшых у краіне сярод маладзёжных распрацовак: 4Read дазваляе чытаць у два разы хутчэй.


— Ідэя з'явілася даўно, бо тэмай хуткачытання я цікавіўся перш за ўсё для сябе. Вывучаў артыкулы, разглядаў і параўноўваў розныя метады, — расказвае чацвёртакурснік Столінскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа. — Звычайнае чытанне прадугледжвае пераход ад слова да слова, мы вымушаны «рухаць вачамі» па старонцы. Гэта адбірае час. Прынцып 4Read заснаваны на тэхналогіі RSVP (ад англійскага Rapіd serіal vіsual presentatіon — хуткае паслядоўнае візуальнае прад'яўленне). Працуе яно так: словы выводзяцца па адным у фіксаванай вобласці экрана. Чытачам не трэба карыстацца перыферыйным зрокам, за кошт гэтага і павышаецца хуткасць успрымання тэксту.

Праграму малады столінец напісаў літаральна за два тыдні. ІІІ Рэспубліканскі конкурс маладзёжных праектаў «Інфармацыйныя і мабільныя тэхналогіі для адукацыйнага працэсу» стаў для Ільі добрай матывацыяй.

— Дагэтуль была толькі задумка, а тут нарэшце з'явілася нагода яе рэалізаваць. Прызнацца, я не чакаў, што стану адным з пераможцаў. З усёй краіны з'ехалася столькі таленавітых хлопцаў і дзяўчат, у многіх былі неверагодна крутыя праекты! Мая праграма досыць простая, хоць і насамрэч карысная. Спампаваць яе можа любы ахвотны абсалютна бясплатна.

Калі параўноўваць «тэхналагічны» метад хуткачытання са звычайнымі курсамі, адразу становяцца відавочнымі перавагі першага.

«Класічныя» заняткі ў сталіцы каштуюць у сярэднім каля 250 рублёў. Каб засвоіць методыку, спатрэбіцца не менш за два месяцы. На занятках будуць вучыць прынцыпам вертыкальнага чытання, а пры ім значна губляецца разуменне тэксту. У мабільнай праграмы такіх недахопаў няма. Тэхналогія RSVP падыходзіць людзям з парушэннямі зроку і вокарухальнай актыўнасці. Вучоныя нават даказалі яе карысць пры лячэнні дыслексіі.

4Read зручная тым, што ўстанавіць яе можна на розныя аперацыйныя сістэмы (Lіnux, Wіndows, Androіd). Памер экрана пры гэтым можа быць любы — ад манітора камп'ютара да смартфонаў і нават разумных гадзіннікаў.

— Аднак працаваць яшчэ ёсць над чым. У планах дадаць у праграму функцыю распазнавання маргання, каб выключыць магчымасць пропуску інфармацыі, калі заплюшчваеш вочы, — дзеліцца Ілья. — Сёння вельмі складана стварыць нешта новае. Бывае, прыдумаеш ідэю, напішаш код. Пасля пачынаеш шукаць у інтэрнэце штосьці падобнае і разумееш, што да цябе гэта ўжо дзясяткі людзей па ўсім свеце зрабілі. Але гэта не азначае, што не трэба спрабаваць. Зараз я распрацоўваю ўласны месенджар. Іх існуе вялікая колькасць, аднак хочацца стварыць нешта сваё, зразумець, што і як там павінна працаваць.

Свае веды і навыкі хлопец пастаянна імкнецца прымяніць у справе. На вытворчай практыцы ён напісаў праграму для ўліку электраэнергіі ў мясцовай ЖКГ.

— Калі шчыра, справаздача далася мне складаней, чым код, — з усмешкай зазначае праграміст.

Планы на будучыню Ілья пакуль не будуе:

— Сфера ІT пастаянна развіваецца і змяняецца. Калі я выпушчуся з каледжа, могуць з'явіцца новыя кірункі. Адзінае, у чым упэўнены: буду пісаць праграмы на мове C++. Пасля заканчэння вучобы трэба будзе думаць і пра пераезд у сталіцу ці абласны цэнтр, бо спецыялісту-пачаткоўцу неабходна вучыцца працаваць у камандзе, пераймаць досвед старэйшых калег. Толькі вопытныя праграмісты могуць дазволіць сабе «хадзіць на работу», не выходзячы з дому.

Ганна КУРАК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.