Вы тут

Аповед жанчыны, якая здолела вярнуць дачку з сацыяльнага прытулку


Чарговую публікацыю рубрыкі «Чвэрць стагоддзя» аб самых важных дакументах, падпісаных кіраўніком дзяржавы, мы прысвячаем Дэкрэту № 18. У аснове матэрыялу — няпростая гісторыя адной жанчыны, якой дзеянне гэтага дакумента дапамагло захаваць дачку і спыніцца на краі бездані.

Жанчыну, якая здолела не толькі вярнуць дзіця з прытулку, але і далей выхоўвае яго, знайсці аказалася не проста. Спецыялісты сацыяльна-педагагічных цэнтраў не заўсёды ахвотна ідуць на кантакт з журналістамі. Яны маюць рацыю, бо іх мэта не толькі дапамагчы сем'ям, якія аказаліся ў цяжкіх жыццёвых абставінах, але і пастарацца зберагчы той далікатны спакой, якога іх падапечныя дасягаюць не заўсёды простым шляхам. Але мне пашанцавала. Са мной згадзілася пагаварыць вельмі незвычайная і моцная жанчына. Яна не пабаялася расказаць аб сваіх памылках і пачуццях адкрыта. Мы сустрэліся з ёй у адным з мінскіх кафэ. Мне было прыемна ўбачыць перад сабой прыгожую 36-гадовую жанчыну. Яна ўсміхнулася мне і расказала, як ёй нязвыкла было першы час хадзіць з... зубамі. І мы пасмяяліся разам. А потым была доўгая размова. Некалькі разоў жанчына спыняла аповед: трэба было стрымаць боль і слёзы. Ёй не заўсёды гэта ўдавалася.


Незвычайная «нармальная» сям'я

— Нейкі час мне здавалася, што наша сям'я звычайная. І сапраўды, такіх сем'яў было шмат. У той час мы з бацькамі жылі з бабуляй. Бацька патроху выпіваў, але працаваў. Маці не піла. Праблемы пачаліся, калі мы пераехалі ў асобную кватэру. Маці таксама стала выпіваць... Мне было гадоў сем, калі я ўбачыла першую бойку паміж бацькамі. Я тады напалохалася, але хутка прызвычаілася да новых абставін.

Мне вельмі ўрэзалася ў памяць, як забіралі дзяцей нашых суседзяў. Мы разумелі, што так трэба. Бруд, смецце, тараканы, голад... У тых умовах дзеці не маглі выжыць, таму здавалася натуральным, што ў суседзяў іх забралі. У параўнанні з імі мы лічыліся «нармальнымі». Бацькі працавалі і кармілі мяне з сястрой. Так і раслі. У дзявятым класе трэба было вырашаць як жыць далей. Усе аднакласнікі рыхтаваліся да выпускнога: абмяркоўвалі планы на будучыню, а дзяўчынкі з трапятаннем выбіралі сукенкі. І мне хацелася. Але! Калі я прыйшла з гэтым пытаннем да бацькоў, тата мне сказаў: «Які выпускны, якая сукенка! Я ў твае гады працаваў ужо!»

Мне было пятнаццаць, і я была даволі імпульсіўнай дзяўчынкай. Ляснула дзвярыма і пабегла да сяброўкі. Яна аказалася ў такім жа становішчы. Мы былі адзіныя ў класе, хто прыйшоў на выпускны ў падраных джынсах. Трэба было шукаць работу. Але для падлеткаў гэта не так проста. Усё ж мы знайшлі занятак на рынку. Канешне, маці настаяла, каб я падала дакументы ў ПТВ. Я так і зрабіла. Але вучыцца не пайшла. Я проста не разумела, навошта. Мне вельмі добра плацілі. Кожны дзень. Мне хапала на добрае адзенне, добрыя прадукты, касметыку, яшчэ і заставаліся грошы, каб пагуляць. Ну навошта ісці «мазгі сушыць», калі ўсё добра? Адпрацаваў дзень, атрымаў грошы, набыў сабе сукенку, якая падабаецца. А потым піва — і наперад, на дыскатэку танчыць. Я стала незалежнай ад бацькоў. З'явілася шмат новых знаёмых і новая кампанія, якія жылі менавіта так. І я хацела жыць так. У хуткім часе мне стала мала піва. Спачатку пачала выпіваць віно, а потым разам з калегамі і гарэлку. Праз некалькі гадоў такога жыцця не адразу, але заўважыла, што мне лягчэй працаваць, калі я пахмялюся. З раніцы невыносна балела галава, здавалася, што паміраю. Кожны гук выклікаў боль і невыноснае раздражненне. А трошкі вып'еш — і ўжо адчуваеш сябе добра. Я не задумвалася аб тым, што са мной адбываецца нешта ненармальнае. Усе мае сябры гэтак жа пахмяляліся і жылі далей. Ды што сябры — ўсё маё акружэнне жыло так.

Юная мас­тач­ка Лі­за.

«Не магла глядзець у вочы дачцэ...»

Потым упершыню закахалася сур'ёзна. Гэта было падобна на вар'яцтва. Прайшло ўжо шмат гадоў, і я не разумею, чаму пакахала таго чалавека. У нас была адна кампанія, падобныя сем'і, і мы абодва былі безадказныя. Маці на мяне сварылася за тыя адносіны, бо бачыла, што яны пустыя. Але я нікога не хацела слухаць і вырашыла нарадзіць дзіця ад гэтага мужчыны. Калі я зацяжарала, то перастала піць. Не памятаю, каб гэта было цяжка. Проста перастала і ўсё. У 2004 годзе нарадзілася мая старэйшая дачка Люба. Трымала малую на руках і разумела: я мама. Але як толькі прыехала дамоў.... Божа, дзе былі мае мазгі? Я любіла і люблю Любу, але магла сысці на некалькі дзён і пакінуць дачку на бацькоў. Зноў пачала выпіваць, гуляць з сябрамі. З бацькам Любы рассталіся, калі дачцэ было тры месяцы. Ды мы і не жылі ніколі разам, толькі начавалі адно ў аднаго. Люба расла добрай дзяўчынкай, спакойнай і разважлівай. Калі малой споўнілася тры гады, я ўладкавалася на работу дворнікам у ЖЭСе. Зноў выпівала. І мяне пачалі папярэджваць аб тым, што я магу страціць дзіця... А мне ніяк не ўдавалася гэта асэнсаваць. Не тое, што я не разумела... Проста не магла ўсвядоміць. Са мной размаўлялі выхавацелька, загадчыца дзіцячага садка, участковы... Я памятаю першае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх. Іду туды і не разумею, чаму яны мяне выклікалі... Прыходжу — а там шмат людзей. Усе крычаць і саромяць мяне. А мне галава баліць. Паслала я ўсіх ды сышла. Я не магу сказаць, дзе і калі першы раз забралі ад мяне Любу. Ёй на той момант споўнілася ўжо чатыры з паловай гады. І гэта быў сапраўдны шок. Мне маці кажа: «Люба ў СПЦ, табе трэба ісці туды», а я не магу зразумець, чаму ў мяне дзіця забралі. Як гэта? Я ж памятаю дзяцінства! Забіралі ў самых апошніх алкаголікаў, а я ж працую, я ж не алкаголік! І сорам, жудасны сорам. У СПЦ я, канешне, прыйшла, але да Любы ў групу не заходзіла... Я не магла глядзець сваёй дачцэ ў вочы. Са мной працавалі псіхолагі, яны тлумачылі, што дзіця мяне чакае, пытаецца, дзе я. А я не магла, не магла! Калі ўсё ж асмелілася... Мы з ёй доўга размаўлялі. Я вырашыла, што зраблю ўсё, каб забраць сваю малую з прытулку. Закадзіравалася, працавала, збірала ўсе неабходныя дакументы, выконвала ўсе ўмовы спецыялістаў. І, нарэшце, забрала. Мы ўсе чакалі гэтага дня: я, мае бацькі, мая сястра, якая ўжо гадавала сваю дачку, і, канешне, Люба. Аднак гэта аказаўся вельмі цяжкі і напружаны момант. Памятаю, едзем дадому з дачкой і маўчым нацягнутыя, як струны. Я была вельмі пакрыўджаная тады. Мне здавалася, нібыта за мной усе сочаць і чакаюць маіх памылак. Прывяла малую ў сад, а там нас і не чакалі. Сустрэлі бязрадасна і пры гэтым кінулі ў спіну: гэта ненадоўга. Паехала да ўчастковага, той таксама «падтрымаў»: маўляў, усё роўна твая малая вернецца туды, дзе была... Я злавалася на ўсіх і ненавідзела за тое, што мяне не разумеюць. І цягнулася да тых старых знаёмых, якія «падтрымлівалі» мяне, як здавалася, па-сапраўднаму.

Карацей, пратрымалася нядоўга. Спачатку выпіла трошкі, каб расслабіцца... І ўсё. Разумела, што калі мяне ўбачаць у такім стане ў садку, адразу адбяруць Любу. Таму ўзяла невялічкі водпуск на рабоце і паехала ў вёску. А там... чатыры дні піла. Ехаць назад было яшчэ больш страшна. Але вярнулася. Не прайшло і пяці хвілін, як у кватэру пазванілі. Гавару Любе: «Не адчыняй». Але малая радасна пабегла да дзвярэй. А далей: чужыя людзі ў доме, крык, слёзы, Люба хапаецца за дзеда, яе адрываюць і ўвозяць. Мой свет разбурыўся...

Далей усё было як у сне. Зноў СПЦ, вельмі хутка суд. Мяне пазбавілі бацькоўскіх правоў, перасталі пускаць да Любы і адправілі ў лячэбна-працоўны прафілакторый. У мяне не было сіл супраціўляцца, адчувала нейкую невыносную пустэчу і бездапаможнасць. Я змірылася. Там, у ЛПП, даведалася, што я больш «не абавязаная». Гэта быў кантрольны выстрал. Страшна быць больш «не абавязанай» свайму ўласнаму дзіцяці... Маю дачку ўдачарылі.

Стол бу­ду­чай пер­ша­клас­ні­цы.

Больш не гатова рызыкаваць

Калі вярнулася з ЛПП, мяне ўжо ніхто не чакаў, я нікому не была патрэбна. Адразу пачала піць. Праз некаторы час мяне сустрэў участковы і адразу склаў пратакол. Потым другі, трэці... Чацвёрты пратакол азначаў паўторную адпраўку ў ЛПП. Я не гатова была туды вяртацца. Паспрабавала наладзіць жыццё. Палюбіла мужчыну, Аляксея, стала сустракацца з ім. Зацяжарала... Неўзабаве аб гэтым даведаўся ўчастковы. Ён так крычаў на мяне — не перадаць. Мне нават смешна стала: маўляў, як гэта я пасмела зацяжараць без яго дазволу. Мяне сталі кантраляваць. У хуткім часе сышла ў дэкрэт. На той момант мяне турбавалі адносіны з бацькам дзіцяці, бо хацелася мець нармальную сям'ю. Аляксей здрадзіў мне, я пакутавала, але піць не пачынала. Нарадзіла дачку Лізу. Гэта малая зрабіла мяне шчаслівай. Я карміла яе сваім малаком амаль да двух гадоў. Дачка вяртала мяне да жыцця. Адначасова старалася наладзіць добрыя адносіны з яе бацькам. Але пасля яго чарговай здрады, нягледзячы на тое што ў мяне быў даволі вялікі перапынак ва ўжыванні алкаголю, набыла сабе бутэльку шампанскага і пайшла піць дадому. Без кампаніі. Каб дачка нічога не бачыла, адвяла яе да сваёй знаёмай. Але ж менавіта ў гэты дзень органы апекі прыехалі па дзяцей той жанчыны. І, канешне, забралі маю Лізу... З жахам успамінаю той момант. Я, задаволеная ад выпітага шампанскага, іду зноў да крамы. І раптам да мяне падбягае мая маці і крычыць на мяне. Яе словы даходзілі з цяжкасцю. Я зразумела, што Лізу павезлі ў СПЦ, але ўсё ўнутры адмаўлялася прымаць гэта. Моўчкі набыла гарэлку і сышла. Ачуняла праз некалькі дзён. Трэба было ісці ў прытулак. Калі пад'ехала на машыне са знаёмым, убачыла, як выхавацелька гуляе з маёй дзяўчынкай. Ледзь не звар'яцела на месцы. Здавалася, што бачу адразу дзвюх: Любу і Лізу... Я не магла яе страціць.

Я гатова была зрабіць усё, каб мне вярнулі дачку. Аляксей, бацька Лізы, на камісіі мяне зневажаў, гаварыў, што не даглядала дзіця, кідала адну і не карміла... Мне паставілі ўмову, каб памірылася з бацькам Лізы. Я зноў закадзіравалася, выйшла на работу, спрабавала наладзіць адносіны з Аляксеем. Што заўгодна была гатова цярпець ад яго і цярпела. Чакала, калі змагу забраць дачку дадому.

У той дзень мы павіны былі прыйсці на камісію ўдваіх: я і бацька Лізы. Але ён не прыйшоў. Яго чакалі некалькі гадзін, якія для мяне здаліся вечнасцю. Я не вытрымала і пачала крычаць. Божухна, як я крычала!.. Добра, што там былі супрацоўнікі СПЦ, якія ведалі, што значыць для мяне Ліза, і ўступіліся за мяне... Мне вярнулі дачку. Не адразу пайшло ўсё гладка. Былі вельмі няпростыя моманты ў жыцці. З бацькам Лізы я рассталася. Праўда, зрэдку ён прыходзіў да нас скандаліць. Але я больш не гатова рызыкаваць дачкой. Нядаўна бацьку Лізы забралі ў ЛПП, нам стала больш спакойна.

Лі­за вы­бі­рае су­кен­ку для пра­гул­кі.

Пасляслоўе

Ведаю, што я алкаголік. Мне нельга нават грам выпіць — небяспечна. Сёння я трымаюся. Доўгі час здавалася, што ўвесь свет супраць мяне, што да мяне ставяцца несправядліва... Крыўдзілася, нават на ўрачоў. Было, што пасля доўгай «завязкі» выпівала, і мне станавілася так дрэнна, што прыходзілася выклікаць хуткую. Але калі ўрачы бачылі мяне скурчаную, без зубоў і з невыносным перагарам, разводзілі рукамі: маўляў, мы тут нічым не дапаможам... Было, што мне кідалі ўслед брыдкія словы і ставіліся да мяне як да чалавека нізкага сорту. Я пакуль не магу растлумачыць тыя свае неадэкватныя ўчынкі. Мне ніхто не перашкаджаў самой звярнуцца па дапамогу да псіхолагаў. Я проста была вымушана з імі працаваць, і мне пашанцавала, што яны ўсё ж паступова дастукаліся да мяне. Зараз я дзіўлюся, чаму не гаварыла аб нейкіх сваіх перажываннях са спецыялістамі. Я нібыта хавалася, была закрытая ад іх. Калі стала паступова адкрывацца, яны змаглі ўбачыць, як мне дапамагчы. Я вельмі ўдзячная ім за цярпенне — яны былі са мной усе гэтыя гады.

Сярод міліцыянераў таксама былі тыя, каму раптам станавілася шкада мяне, і яны заступаліся за мяне перад калегамі. І міласэрнасць з іх боку да мяне была гаючай.

У мяне з'явіліся новыя сябры, сапраўдныя, якія падтрымлівалі мяне не бутэлькай, а сваім сяброўствам.

Але ў сэрцы засталася рана, якая не загойваецца. Я страціла Любу. У хуткім часе мая малодшая дачка будзе святкаваць першы выпускны, і я буду глядзець, як Ліза развітваецца з дзіцячым садком. Аднак я не была побач у такі момант са сваёй старэйшай дачкой.

Хутка павяду Лізу ў першы клас, і мы разам будзем хвалявацца. Але ніколі не ўбачу, як пайшла ў школу мая старэйшая дачка... І гэта трагедыя нашай маленькай сям'і. Веру, што Любу робяць шчаслівай новыя бацькі. І спадзяюся, што лёс дасць калі-небудзь мне магчымасць папрасіць у яе прабачэння.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Фота Таццяны Ткачовай

P. S. Прозвішча гераіні не ўказана з этычных меркаванняў

Усе публікацыі рубрыкі "Чвэрць стагоддзя"

Загаловак у газеце: Страшна быць «не абавязанай» свайму дзіцяці

Выбар рэдакцыі

Спорт

Аляксандра Герасіменя: У кожнага свой рэцэпт поспеху

Аляксандра Герасіменя: У кожнага свой рэцэпт поспеху

Аляксандра Герасіменя — сапраўдны баец, а яшчэ — клапатлівая маці і жонка. І проста працавіты чалавек, які не ведае перашкод.

Грамадства

Якія сацыяльныя ініцыятывы беларусаў атрымалі прызнанне на Sосіаl Wееkеnd

Якія сацыяльныя ініцыятывы беларусаў атрымалі прызнанне на Sосіаl Wееkеnd

Прыз сімпатый гледачоў заваявала ініцыятыва «Школа бацькоўства».

Грамадства

Гісторыя дзяўчыны, якая перамагла анарэксію

Гісторыя дзяўчыны, якая перамагла анарэксію

Здараецца, што ў пагоні за прыгожай фігурай некаторыя дзяўчаты зусім перастаюць есці.

Грамадства

Успаміны былой вязніцы пра Саласпілскі лагер смерці

Успаміны былой вязніцы пра Саласпілскі лагер смерці

Яна добра памятае той летні дзень. За акном сталі чутныя роў матацыклаў і нямецкая гаворка.