Вы тут

У Віцебскай вобласці актыўна развіваюць экспарт медпаслуг


У Віцебскай вобласці актыўна развіваюць экспарт медыцынскіх паслуг. У прыватнасці, за грошы інвестараў плануюць адкрыць кардыялагічны цэнтр з еўрапейскім сертыфікатам.


Летась у Мёрах адкрыўся новы корпус цэнтральнай раённай бальніцы. Узровень лячэння цяпер тут не горшы, чым у сталіцы: абслугоўваюць дарослых і дзяцей, прымаюць роды... Але на гэтым вырашылі не спыняцца.

Як нагадаў начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама Юрый Дзяркач, у Мёрах узводзіцца металапракатны завод з прыцягненнем нямецкага капіталу. Іншаземцы пажадалі інвеставаць і ў медыцыну. А канкрэтна — у будаўніцтва і эксплуатацыю побач з бальніцай высокатэхналагічнага кардыялагічнага цэнтра для медыцынскіх турыстаў. Акрамя вырашэння праблем з сэрцам, тут яшчэ дапамогуць пры расстройствах нервовай сістэмы.

За лячэнне жыхароў нашай краіны будуць выдзяляцца грошы з бюджэту. І адпаведна клініка, калі туды накіруюць нашага грамадзяніна, будзе функцыянаваць па прынцыпе дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Задумана, што цэнтр стане міжраённым. І там змогуць атрымаць дапамогу жыхары найбліжэйшых рэгіёнаў Віцебшчыны.

Дарэчы, яшчэ пра перадавыя напрацоўкі. Мінулай восенню ў Віцебскай абласной клінічнай бальніцы адкрылі першае ў краіне аддзяленне, дзе робяць самыя складаныя даследаванні і аказваюць дапамогу пры парушэннях рытму сэрца. Такім чынам папярэджваюць магчымыя аперацыі.

А хутка ў Віцебску адкрыюць доўгачаканую паліклініку ў спальным мікрараёне Поўдзень-7, самую вялікую ў горадзе. Канешне, платныя паслугі і там будуць вельмі запатрабаваныя.

Галоўны ўрач Віцебскай гарадской цэнтральнай паліклінікі Станіслаў Цітовіч канстатаваў, што ў паліклініцы змогуць атрымаць лячэнне жыхары некалькіх мікрараёнаў — да 60 тысяч чалавек. У сучасным комплексе будуць педыятрычнае, стаматалагічнае аддзяленні, жаночая кансультацыя.

Толькі летась для ўводу, рэканструкцыі, рамонту і мадэрнізацыі медыцынскіх аб'ектаў вобласці выдаткавана з бюджэту больш за 48 мільёнаў рублёў. Дваццаць устаноў здалі пад ключ.

Наконт санаторнага лячэння: тысячы іншаземцаў, у асноўным расіян, штогод выбіраюць менавіта нашу краіну. Як растлумачыў кіраўнік сістэмы аховы здароўя вобласці, вельмі папулярная і рэабілітацыя дзяцей. Таму, напрыклад, працягваецца будаўніцтва новага дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра «Жамчужына» ў Лепельскім раёне. Там праводзяць і розныя акцыі для падлеткаў у рамках праграм Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.

Санаторныя ўстановы Віцебшчыны ўжо не першы год паспяхова перамагаюць у конкурсах на права аздараўлення расіян. Перавага нашых санаторыяў над аналагічнымі ў іншых краінах — добрыя суадносіны кошту і якасці. Для гасцей — сучасная медыцынская база і высокакваліфікаваныя спецыялісты. Аказваецца шырокі спектр паслуг па лячэнні і аздараўленні органаў дыхання, стрававання, захворванняў нервовай сістэмы і апорна-рухальнага апарату, гінекалагічных і ўралагічных. У дадатак прапануюцца паслугі стаматалогіі, касметалогіі і СПА-працэдуры.

У Віцебскай вобласці больш за 100 санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый. Сярод іх дзевяць санаторыяў, тры студэнцкія санаторыі-прафілакторыі, два аздараўленчыя цэнтры, каля трыццаці баз адпачынку і іншыя.

Віталь Воўк, памочнік Прэзідэнта Беларусі — інспектар па Віцебскай вобласці, калі ў аблвыканкаме абмяркоўвалі тэму медыцыны, агучыў задачу актыўней развіваць адпаведны турызм. Стаўка ў экспарце паслуг — на аздараўленне. Вопыт, спецыялісты, абсталяванне ёсць. Неабходна больш актыўна за мяжой рэкламаваць патэнцыял. Пры гэтым, каб беларусы не засталіся без магчымасці атрымаць такія ж паслугі па значна ніжэйшых цэнах.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Стаўка на рэабілітацыйны турызм

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.