У Віцебскай вобласці актыўна развіваюць экспарт медыцынскіх паслуг. У прыватнасці, за грошы інвестараў плануюць адкрыць кардыялагічны цэнтр з еўрапейскім сертыфікатам.
Летась у Мёрах адкрыўся новы корпус цэнтральнай раённай бальніцы. Узровень лячэння цяпер тут не горшы, чым у сталіцы: абслугоўваюць дарослых і дзяцей, прымаюць роды... Але на гэтым вырашылі не спыняцца.
Як нагадаў начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама Юрый Дзяркач, у Мёрах узводзіцца металапракатны завод з прыцягненнем нямецкага капіталу. Іншаземцы пажадалі інвеставаць і ў медыцыну. А канкрэтна — у будаўніцтва і эксплуатацыю побач з бальніцай высокатэхналагічнага кардыялагічнага цэнтра для медыцынскіх турыстаў. Акрамя вырашэння праблем з сэрцам, тут яшчэ дапамогуць пры расстройствах нервовай сістэмы.
За лячэнне жыхароў нашай краіны будуць выдзяляцца грошы з бюджэту. І адпаведна клініка, калі туды накіруюць нашага грамадзяніна, будзе функцыянаваць па прынцыпе дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Задумана, што цэнтр стане міжраённым. І там змогуць атрымаць дапамогу жыхары найбліжэйшых рэгіёнаў Віцебшчыны.
Дарэчы, яшчэ пра перадавыя напрацоўкі. Мінулай восенню ў Віцебскай абласной клінічнай бальніцы адкрылі першае ў краіне аддзяленне, дзе робяць самыя складаныя даследаванні і аказваюць дапамогу пры парушэннях рытму сэрца. Такім чынам папярэджваюць магчымыя аперацыі.
А хутка ў Віцебску адкрыюць доўгачаканую паліклініку ў спальным мікрараёне Поўдзень-7, самую вялікую ў горадзе. Канешне, платныя паслугі і там будуць вельмі запатрабаваныя.
Галоўны ўрач Віцебскай гарадской цэнтральнай паліклінікі Станіслаў Цітовіч канстатаваў, што ў паліклініцы змогуць атрымаць лячэнне жыхары некалькіх мікрараёнаў — да 60 тысяч чалавек. У сучасным комплексе будуць педыятрычнае, стаматалагічнае аддзяленні, жаночая кансультацыя.
Толькі летась для ўводу, рэканструкцыі, рамонту і мадэрнізацыі медыцынскіх аб'ектаў вобласці выдаткавана з бюджэту больш за 48 мільёнаў рублёў. Дваццаць устаноў здалі пад ключ.
Наконт санаторнага лячэння: тысячы іншаземцаў, у асноўным расіян, штогод выбіраюць менавіта нашу краіну. Як растлумачыў кіраўнік сістэмы аховы здароўя вобласці, вельмі папулярная і рэабілітацыя дзяцей. Таму, напрыклад, працягваецца будаўніцтва новага дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра «Жамчужына» ў Лепельскім раёне. Там праводзяць і розныя акцыі для падлеткаў у рамках праграм Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.
Санаторныя ўстановы Віцебшчыны ўжо не першы год паспяхова перамагаюць у конкурсах на права аздараўлення расіян. Перавага нашых санаторыяў над аналагічнымі ў іншых краінах — добрыя суадносіны кошту і якасці. Для гасцей — сучасная медыцынская база і высокакваліфікаваныя спецыялісты. Аказваецца шырокі спектр паслуг па лячэнні і аздараўленні органаў дыхання, стрававання, захворванняў нервовай сістэмы і апорна-рухальнага апарату, гінекалагічных і ўралагічных. У дадатак прапануюцца паслугі стаматалогіі, касметалогіі і СПА-працэдуры.
У Віцебскай вобласці больш за 100 санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый. Сярод іх дзевяць санаторыяў, тры студэнцкія санаторыі-прафілакторыі, два аздараўленчыя цэнтры, каля трыццаці баз адпачынку і іншыя.
Віталь Воўк, памочнік Прэзідэнта Беларусі — інспектар па Віцебскай вобласці, калі ў аблвыканкаме абмяркоўвалі тэму медыцыны, агучыў задачу актыўней развіваць адпаведны турызм. Стаўка ў экспарце паслуг — на аздараўленне. Вопыт, спецыялісты, абсталяванне ёсць. Неабходна больш актыўна за мяжой рэкламаваць патэнцыял. Пры гэтым, каб беларусы не засталіся без магчымасці атрымаць такія ж паслугі па значна ніжэйшых цэнах.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/vicebskaya-voblasc
[5] https://zviazda.by/be/tags/ekspart
[6] https://zviazda.by/be/tags/medycynskiya-paslugi