Вы тут

Драўляны люд


Мастацтвазнаўцы называюць творчасць народнага майстра Рэспублікі Беларусь Мікалая Тарасюка «наіўным», «прымітыўным», ці «інсітным», мастацтвам. Яго драўляныя кампазіцыі, выкананыя ў тэхніцы разьбы па дрэве, расфарбаваныя і ўмацаваныя на падстаўках, сплеценых з лазы, прынята адносіць да наіўнага рэалізму, калі праз абагульненне знешняга выгляду прадметаў і дзеючых асоб на першае месца выходзяць ідэя, вобраз і падзея.


У скульптурных кампазіцыях аўтара сялянскае жыццё так сканцэнтравана, нібы стагоддзі гісторыі спрэсаваныя ў адным томе энцыклапедыі: паказаны сцэны з жыцця беларускай вёскі, беражліва адлюстраваны некаторыя народныя абрады, звычаі, традыцыі, святы. Як правіла, адной падзеі з жыцця чалавека, напрыклад, вяселлю, прысвечана цэлая серыя работ. Ёсць нават мініцарква, унутры якой — людзі, — кампазіцыя «Вянчанне». Майстар увасобіў уласны досвед, успаміны, нават выказаў сваю сацыяльную пазіцыю, прытым з уласцівым яму гумарам і разуменнем жыцця простага чалавека. Пачынаў твор з прыдумвання назвы-подпісу, пасля чаго ўжо выразаў кампазіцыю.

Мастацтвазнаўцы, дарэчы, лічаць, што для народнага майстра работы Мікалая Тарасюка вельмі ўжо «жывыя». Пазнаёміўшыся з яго творчасцю бліжэй, адчуваеш і нестандартнае мысленне аўтара, і яго жыццёвую філасофію. Мікалай Васільевіч лічыў, што чалавек павінен працаваць, і прытым вельмі шмат — на карысць сваёй сям’і, Айчыны. У адной з яго кампазіцый за ткацкім станком сядзіць мужчына, бо аўтар упэўнены: калі ў сям’і лад, то муж заўсёды і ва ўсім дапамагае жонцы, а не дзеліць работу на мужчынскую і жаночую.

Мікалай Тарасюк 82 гады пражыў у вёсцы Стойлы на Пружаншчыне, дзе нарадзіўся і стаў урэшце апошнім жыхаром паселішча. Разьбой па дрэве і пляценнем з лазы Мікалай Тарасюк захапіўся яшчэ ў дзяцінстве. Праз шмат гадоў пачаў выразаць цацкі з дрэва сваім дзецям і ставіўся да гэтага не больш як да забавы. Аднак у пачатку 1980-х зноў звярнуўся да былога занятку. Першыя работы па памерах былі невялічкія, прыкладна 15 см у вышыню. Пасля драўляныя фігуркі дасягнулі 20—22 см і набылі архаічную абагульненасць формы і манументальнасць. Народны ўмелец пачаў выкарыстоўваць фарбы, салому, каляровыя адзежкі з абрэзкаў тканіны і стаў вядомы далёка за межамі Беларусі.

Падчас правядзення Усесаюзнага фестывалю народнай творчасці ў 1987 годзе ў Маскве майстар атрымаў залаты медаль ВДНГ і медаль лаўрэата фэсту, пасля чаго пайшлі персанальныя выстаўкі. А на хутар пачалі завітваць журналісты і турысты.

Праз пэўны час колькасць экспанатаў вырасла настолькі, што месца ў хаце не ставала. У 1994 годзе майстар пабудаваў на сваёй сядзібе асобную хатку для экспанатаў, назваўшы яе музеем «Успаміны Бацькаўшчыны». Музей, аналагаў якому няма ў Беларусі, змяшчае каля 300 аўтарскіх работ. У тым жа годзе творы Мікалая Тарасюка былі прадстаўлены ў Нацыянальным мастацкім музеі на першай Нацыянальнай выстаўцы інсітнага мастацтва.

У 2002 годзе Мікалай Тарасюк становіцца лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва «За духоўнае адраджэнне» ў намінацыі «Народная творчасць» за асабісты ўклад у адраджэнне і развіццё народных традыцый драўлянай скульптуры. Праз сем гадоў яго творчасць, адметная майстэрскім валоданнем традыцыйнымі тэхналогіямі разьбы і роспісу па дрэве, была занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

Альбом-манаграфія «Сялянская энцыклапедыя ў творах Мікалая Тарасюка», які ўбачыў свет у 2008 годзе, стаў першым выданнем падобнага кшталту ў нашай краіне. Праз тры гады беларускі рэжысёр Віктар Аслюк зняў пра Мікалая Тарасюка фільм «Драўляны народ», які атрымаў Гран-пры IX Міжнароднага кінафестывалю мастацкіх рамёстваў у Манпелье (Францыя). Стужка ўдзельнічала ў больш як дзесяці фестывалях у Беларусі, Расіі, Францыі, Італіі, Германіі, Канадзе.

Персанальная выстаўка народнага майстра пад назвай «Страчаны рай», якая прайшла ў 2012 годзе ў сталічным Музеі сучаснага мастацтва, выклікала ў гледачоў вялікую цікавасць. Цяпер яго творы захоўваюцца і экспануюцца ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Рэспублікі Беларусь, Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, музеі-сядзібе «Пружанскі Палацык», Мотальскім музеі народнай творчасці, іншых установах, за межамі Беларусі.

Мiкола Тарасюк — звычайны селянін, без усялякiх навук змог праславіць глухую вёсачку, родны куточак, не пакідаў яго да апошніх сваiх дзён і быў адданы Бацькаўшчыне. Майстар не ведаў слова «бізнес», таму што жыў для людзей i заўсёды быў рады кожнаму, з кім зводзіў лёс.

Памёр разьбяр чатыры гады таму. Пахаваны на могілках вёскі Вяжное, непадалёк ад малой радзімы. На пліце яго помніка — надпіс «Драўляны народ заўсёды будзе ўспамінаць свайго майстра».

Апошняя просьба Мікалая Тарасюка — захаваць музей «Успаміны Бацькаўшчыны», каб людзi працягвалі ехаць у Стойлы. І яго мара збылася: «драўляны люд» чакае і прымае гасцей. Як распавяла дачка разьбяра Лідзія Шчука, летась музей наведала больш як паўтысячы вандроўнікаў. Не толькі беларусы, але і турысты з Польшы, Расіі, Вялікабрытаніі і іншых краін. Экскурсіі праводзяць дзеці, унукі і праўнукі майстра. Звесткі аб рабоце музея выкладзены на сайце Пружанскага райвыканкама.

Раіса МАРЧУК

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.