Вы тут

Майстар-клас «Майстэрства лідара» прайшоў у Мінску


Лідарства — гэта адказнасць. Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі майстар-класа «Майстэрства лідара» — вучні дзясятых-адзінаццатых класаў з розных куткоў Беларусі. Ён стаў эфектным завяршэннем серыі інтэрактыўных варкшопаў, што праводзіліся ў рамках сацыяльна-адукацыйнага праекта vеlсоm YОUTH.


Яго зладзіла кампанія vеlсоm пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і арганізатараў канферэнцыі TЕDхMіnsk.

«Фішкай» праекта было абавязковае выкарыстанне беларускай мовы — ад падачы заявак і саміх выступленняў да фіналу...

На папярэдніх лекцыях «Майстэрства прэзентацыі» і «Майстэрства выступлення» старшакласнікі вучыліся найлепшым чынам падаваць свае ідэі, а пасля — рабілі першыя крокі ў іх рэалізацыі. Усяго ў праекце зарэгістравалася больш за 800 самых актыўных школьнікаў, гімназістаў і ліцэістаў з 236 навучальных устаноў краіны. У трох майстар-класах паўдзельнічала больш за 700 вучняў-мінчан, а яшчэ больш за тры тысячы навучэнцаў з усёй Беларусі паглядзелі прамыя трансляцыі праз відэасэрвіс VОKА. Цяпер на гэтай платформе з запісамі майстар-класаў можа бясплатна пазнаёміцца кожны ахвотны.

...Напачатку ўвагу школьнікаў прыцягнуў відэазварот інжынера сацыяльнай сеткі «Фэйсбук» Ігара Маханька, які працуе ў Нью-Ёрку.

— Самая галоўная якасць лідара — ініцыятыва, — сказаў ён. — Выдатны метад для таго, каб трэніраваць і развіваць ініцыятыву і лідарства, — хобі. Маім недзе з дзясятага класа была інтэлектуальная гульня «Што? Дзе? Калі?». Спачатку трапіў у існуючую каманду, а потым стварыў сваю.

На думку Ігара Маханька, для лідара важна не баяцца цяжкасцяў. «Калі мы глядзім на паспяховых людзей, бачым толькі тое, што ў іх атрымалася, — адзначыў Ігар Маханёк. — Але ўспомніце Томаса Эдысана. У яго былі тысячы варыянтаў лямпачак, пакуль не атрымалася тая апошняя, што прынесла яму вядомасць. А ў баскетбаліста Ліброна Джэймса тысячы кідкоў мяча не трапілі ў кошык перш, чым да яго прыйшоў поспех...

Ад матывацыйнага відэазвароту ўдзельнікі майстар-класа перайшлі да пытання: як ажыццявіць ідэю? У гэтым дапамог разабрацца кіраўнік аргкамітэта конкурсу сацыяльных праектаў Sосіаl Wееkеnd Аляксандр Скрабоўскі. Ён вызначыў чатыры неабходныя пункты, без якіх нельга стварыць праект. Па-першае, трэба мець сваё бачанне — прыгожую карцінку ў галаве. Па-другое — верыць у сваю ідэю. Далей — верыць у сябе. «Вам будуць казаць: «гэта ў цябе не атрымаецца, не сёння, не ў гэтай зале...» — сказаў выступоўца. — Але верце ў сябе, і ўсё спраўдзіцца». Апошняе — дзейнічаць. Падаць, але ўставаць і рабіць.

— Задайце сабе пытанне, — працягнуў Аляксандр Скрабоўскі. — «Навошта мне ідэя?» Атрымаць айфон, здорава патусіць тут? Ці таму, што гэта вам сапраўды важна. Першыя пару тыдняў вы працягнеце на голым энтузіязме. Драйву будзе шмат. Наступныя пару месяцаў давядзецца несалодка: давядзецца прымушаць сябе чымсьці займацца. Але менавіта пасля гэтага ў вас пачне атрымлівацца. Будзе крыўдна кінуць ідэю таму, што, аказваецца, яна вам не патрэбная і не цікавая. А вы ўжо шмат зрабілі, шмат людзей прывабілі, рэсурсы... З аднаго боку, вы маеце права. А з другога — гэта няправільна. Калі вы кагосьці пацягнулі за сабой, то несяце адказнасць за гэтага чалавека. За тое, чый час вы скралі. Лідар — гэта ў першую чаргу адказнасць.

Каб наглядна паказаць старшакласнікам, што іх ідэі сапраўды магчыма ажыццявіць, на сцэну запрасілі такіх жа школьнікаў, як і яны: Сцяпана Навасельскага і Антона Кастэнку — фіналістаў конкурсу Sосіаl Wееkеnd 2018.

Мы вырашылі арганізоўваць сумесныя трэніроўкі, — расказалі хлопцы. — Дамаўляемся са спецыялістамі і спартыўнымі арганізацыямі, а яны праводзяць уводныя заняткі, дзе знаёмяць з відам спорту. Некаторыя падлеткі пасля працягваюць ім займацца. Таксама арганізуем спартыўныя квэсты на вуліцы, у парку: дзелім удзельнікаў на каманды і прапаноўваем ім эстафеты, конкурсы, іншыя выпрабаванні. Так яны вучацца працаваць у камандзе.

Трэцім выступоўцам быў ужо вядомы ўсім па папярэдніх майстар-класах вядучы «Радыё Бі-Эй» Дзмітрый Смірноў. Ён таксама згадаў адказнасць, але адзначыў, што ў першую чаргу яна павінна быць за сябе. Кожны сам павінен прымаць сваю віну, не наракаючы на начальніка ці падначаленых.

Дзмітрый прапанаваў школьнікам вызначыць, хто з'яўляецца лідарам, Віктар Цой ці Ягор Крыд? І яны беспамылкова адказалі: «Канешне ж, Цой!» Чаму? Таму што ў яго была ідэя, якую можна сфармуляваць па-рознаму: «голас свабоды», «голас перамен, якія адбываліся ў грамадстве», «голас пакалення». Творчасць жа Крыда не сфарміраваная ў адну зразумелую думку — вызначылі вучні і выступоўца.

Таксама школьнікі выконвалі розныя заданні ад выступоўцы. Станавіліся ў круг, размяркоўваліся па росце, разбіваліся на дзве каманды (хлопчыкаў і дзяўчатак) і на хуткасць выкрыквалі любую фразу з пяці слоў. Мэтай заданняў было паказаць, што ў кожнай камандзе вызначаліся тыя, хто вёў, — лідары, і тыя, хто падпарадкоўваўся. Выснова зразумелая: каб быць лідарам, трэба не чакаць, не стаяць на месцы, а дзейнічаць.

...Удзельнікі праекта пачалі ўжо рэалізоўваць свае ідэі ў трох кірунках: тэхналогіі, культура і інклюзія. Да канца лютага ім трэба будзе стварыць і змясціць на сваіх старонках у сацыяльных сетках відэаролік-прэзентацыю з хэштэгам #vеlсоmYОUTH. Яго і будзе ацэньваць журы. Галоўнымі крытэрыямі стануць арыгінальнасць і нестандартнасць вырашэння праблемы, маштаб, ступень практычнай рэалізацыі ідэі, дэманстрацыя навыкаў, атрыманых падчас адукацыйных майстар-класаў, і дакладнае адлюстраванне сутнасці праекта ў відэароліку.

Дзесяць найлепшых аўтараў атрымаюць айфоны апошняй мадэлі. Але, галоўнае, наведаюць сустрэчу TЕDхMіnsk у сакавіку і пачнуць працаваць над прэзентацыяй сваёй ідэі з ментарамі — спецыялістамі ў сваёй галіне. Выступленні фіналістаў адбудуцца на выніковым мерапрыемстве TЕDхYоuth@Mіnsk у маі. Трох пераможцаў (па адным у кожным кірунку конкурсу) запросяць на мерапрыемства TЕDх у Аўстрыю.

Юлія АДАМОВІЧ, студэнтка ІV курса факультэта журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Лідарства — гэта адказнасць

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.