Вы тут

Дадатак «Дапамога побач» спампавала больш як 130 тысяч чалавек


Тры гады таму ў мабільнай краме Gооglе Рlау Mаrkеt з'явілася бясплатная праграма, створаная Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях. Яна атрымала назву «Дапамога побач». За гэты час мабільнага памочніка спампавалі больш за 135 тысяч разоў. Ды і сама праграма пастаянна ўдасканальваецца па пажаданнях карыстальнікаў. У краме Рlау Mаrkеt праграма набірае адзнаку 4,6 з 5 магчымых балаў. Пра тое, што ж новага з'явіцца ў мабільнай праграме ад Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, расказаў памочнік міністра МНС Віталь Навіцкі.


— Пакуль што нашай праграмай можна карыстацца толькі ўладальнікам смартфонаў, якія працуюць на базе аперацыйнай сістэмы Аndrоіd. Разам з тым мы тры гады вывучалі рынак і прыйшлі да высновы, што ёсць сэнс зрабіць версію і пад аперацыйную сістэму іОS, якая ўстаноўлена ў апаратах кампаніі Аррlе. Распрацоўка гэтай версіі знаходзіцца ўжо на фінальным этапе. Мяркуем запусціць яе ўжо ў лютым — сакавіку. Праўда, пакуль функцыянал праграмы будзе даступны часткова. Разам з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа мы яго паступова дапрацуем, і ён нічым не будзе адрознівацца ад версіі для Аndrоіd.

Структура мабільнай праграмы простая. Адразу пры яе адкрыцці з'яўляецца невялічкае меню з шасці пунктаў. Самы папулярны раздзел у карыстальнікаў — гэта «Небяспечныя з'явы надвор'я». Ён уяўляе сабой карту, з дапамогай якой ратавальнікі паведамляюць аб непагадзі ў кожнай з шасці абласцей і ў Мінску і даюць адпаведныя рэкамендацыі.

Гэты раздзел быў крыху дапрацаваны. Спачатку апавяшчэнні прыходзілі незалежна ад таго, у якім пункце знаходзіўся ўладальнік смартфона. Скажам, калі моцны дождж насоўваўся на Брэсцкую вобласць, а ў Віцебскай ніякіх ападкаў і блізка не чакалася, то папярэджанне пра залеву атрымлівалі па ўсёй краіне. Акрамя таго, апавяшчэнні прыходзілі ў любы час сутак. Цяпер жа функцыянал зменены ў залежнасці ад катэгорыі з'явы надвор'я. Ранейшая мадэль работы пакінута толькі ў выпадках рэальнай небяспекі. Але варта зазначыць, што за 2018 год такія з'явы надвор'я не рэгістраваліся.

Другі раздзел па запатрабаванасці — «Што рабіць?», там размешчаны рэкамендацыі па тым, як самастойна дзейнічаць, калі вы сутыкнуліся з якой-небудзь надзвычайнай сітуацыяй. І вось тут статыстыка нас здзіўляе. Цікава, што самы праглядаемы матэрыял датычыцца алгарытму дзеянняў у выпадку, калі ў дом запаўзла змяя. На другім месцы — рэкамендацыі, што рабіць, калі разлілося хімічнае рэчыва. На трэцім месцы асталяваліся парады, якія датычацца ліквідацыі гнёздаў джаланосных насякомых — пэўна, гэтаму паспрыяла мінулае спякотнае лета.

Вялікай папулярнасцю карыстаюцца і тэсты, дзе можна праверыць, наколькі трывала замацаваліся веды па дзеяннях у надзвычайнай сітуацыі. А вось раздзел «Першая дапамога» мы стваралі ў кааперацыі з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа. Там пералічаны сітуацыі, пры якіх магчыма аказаць першую дапамогу да прыбыцця брыгады хуткай дапамогі. Пры дапамозе адказаў на ўдакладняючыя пытанні чалавек атрымлівае інструкцыю да дзеянняў. Якая да таго ж агучваецца голасам. Такім чынам, абедзве рукі ў таго, хто аказвае першую дапамогу, аказваюцца вольныя. У свеце лічыцца, што эфектыўнасць дзеянняў павялічваецца ў гэтым выпадку прыкладна на 40 працэнтаў. Агучка запрацуе і тады, калі тэлефон пераведзены ў бязгучны рэжым работы.

Агулам жа за мінулы год карыстальнікі прагледзелі больш за тры мільёны старонак у праграме. Больш за тое, ратавальнікі адкрыты да пажаданняў карыстальнікаў. Напрыклад, у каментарыях на старонцы праграмы ў Рlау Mаrkеt прагучала пажаданне, каб у ім з'явіўся парадак дзеянняў пры зняцці ката з дрэва.

Мы вельмі рэкамендуем усталяваць нашу праграму на смартфон дзецям. Не выключана, што яна можа спатрэбіцца ў крытычны момант. Гэта ні ў якім разе не рэклама — наш аплет абсалютна бясплатны, ніякай рэкламы не ўтрымлівае, і мы ніколі не будзем імкнуцца зарабіць на ім якія-небудзь грошы. Тым больш што мабільны інтэрнэт патрэбны толькі для адной функцыі — апавяшчэння аб неспрыяльных справах надвор'я.

У мабільнай праграме «Дапамога побач» ёсць і схаваны раздзел. Неабходнасці ў яго актывацыі пакуль не было. Ён падрыхтаваны на выпадак прыродных катаклізмаў. Прыгадайце, што было падчас «Хаўера». Тады на аўтатрасах у снежным палоне захраслі тысячы людзей. Нехта дапамагаў гарачай гарбатай. Нехта дзяліўся палівам. Некалькі сайтаў і радыёстанцый добраахвотна ўзялі на сябе функцыю каардынатараў, але ўсё-такі гэта сталася спантанна. Дык вось, калі прырода нам падкіне што-небудзь накшталт «Хаўера», то будзе выведзена спецыяльная карта, дзе адлюструюцца кропкі трох колераў. Яны будуць абазначаць месцы, дзе знаходзяцца валанцёры, супрацоўнікі Чырвонага Крыжа і нашы ратавальнікі. Мы пакуль гэтую магчымасць тэставалі падчас буйнамаштабных вучэнняў.

Падчас работы мабільнай праграмы ў ніжняй частцы экрана пастаянна прысутнічае кнопка «112». З яе дапамогай можна выклікаць ратавальнікаў проста з аплета. Але наколькі папулярная гэта магчымасць? Націскаў на яе не так і шмат — прыкладна каля дзвюх тысяч. Мы ведаем, што гэтым функцыяналам карыстаюцца людзі з абмежаванымі магчымасцямі. У краінах Захаду можна «зашыць» у гэтую кнопку магчымасць выкліку хуткай дапамогі або блізкага сваяка з паралельнай адпраўкай СМС-паведамлення, у якім будзе інфармацыя аб узросце абанента, яго групе крыві і магчымай алергіі на лекавыя сродкі. Гэтыя напрацоўкі перанялі і мы.

Цікава, што нашай праграмай цікавяцца не толькі жыхары Беларусі. 8 % установак мае індыйскае паходжанне. Хто ведае, можа, тамтэйшыя службы вывучаюць наш досвед?

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Загаловак у газеце: Ратавальнік у кішэні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.