Вы тут

Наколькі складана адначасова быць мадэллю і лячыць жывёл?


Быць мадэллю і выкладчыцай, лячыць жывёл і ўдзельнічаць у конкурсах прыгажосці, баксіраваць і танцаваць... немагчыма? А вось актыўная і жыццярадасная Юлія Кузьменка займаецца ўсім гэтым з вялікім захапленнем і задавальненнем. У свае 23 гады яна мае чырвоны дыплом Смілавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа, дыплом Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, тытул «Міс Віцебск — 2015». Летась Юлія ўвайшла ў трыццатку найлепшых на конкурсе «Міс Беларусь», пачала выкладаць ветэрынарную дысцыпліну ў родным каледжы і танцаваць у групе падтрымкі Іce Gіrls на гульнях хакейнай каманды «Дынама-Мінск».


«Міс Ві­цебск — 2015».

— Нарадзілася я ў Мінску, — расказвае Юлія. — У дзяцінстве была спакойнай і ціхай. Але калі прыязджалі госці, заўсёды для іх танцавала. Многія думалі, што я звяжу жыццё з харэаграфіяй. А яшчэ — майстравала адзенне. Напрыклад, сшывала топік са спадніцай. Як толькі мама сыходзіла, адразу выварочвала ўсё з шафы, абувала туфлі на абцасах, чапляла на шыю каралі. Памятаю, вісела там яшчэ бліскучая сукенка: мне яна, вядома, была вялікая, але я марыла яе апрануць, бо лічыла моднай і стыльнай... У школе я была замкнутай, ні з кім асабліва не мела стасункаў, не была душой кампаніі. На перапынках сядзела ў класе, каб мяне ніхто не чапаў. Гэта потым «прарвала», у каледжы: там мы весела бавілі час, танцавалі, рыхтаваліся да мерапрыемстваў... Што датычыцца конкурсаў прыгажосці, пра іх нават размовы не ішло. Я была не вельмі сімпатычным дзіцем (смяецца). Пазней, калі стала ростам вышэйшай за іншых, у мяне пачалі пытацца: «Ты мадэль?». Я адказвала: «Не, вы што, мне не падабаецца, ніколі ў жыцці не буду ёй...» Але так сталася, што ў гадоў сямнаццаць пайшла на першы кастынг для рэкламы (усміхаецца)...

Прафесію ветэрынара Юля выбрала не адразу. Доўгі час хацела быць эканамістам, бо добра ведала матэматыку. Нават хадзіла на матэматычныя курсы ў архітэктурна-будаўнічы ліцэй.

— Але ў рэшце рэшт паслухалася маму, — тлумачыць дзяўчына. — Яна сказала, што быць мне ветэрынарам, бо я заўсёды цягнула дадому катоў, сабак, чарвякоў, жукоў. Збірала хрушчоў, магла павука, таракана ў рукі ўзяць: «Мама, паглядзі!». Пастаянна з намі жылі толькі кот і сабака. Аднак я брала дадому прыблудных жывёл, лячыла іх, карміла, пакуль не знаходзіла ім новую сям'ю.

Аб тым, што паступіла ў Смілавіцкі аграрны каледж, Юля ні разу не пашкадавала. Разумела, што давядзецца лячыць кароў, свіней, але не баялася. Яна заўжды была напагатове, калі трэба было зрабіць укол, узяць кроў, паставіць дыягназ.

А потым была вучоба ў Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Менавіта там 19-гадовая Юлія і вырашыла паўдзельнічаць у конкурсе «Міс Віцебск — 2015». Хадзіла на заняткі, паралельна на рэпетыцыі. Трэніроўкі, чаканні, выступленні, доўгачаканы фінал і... бліскучая перамога!

— Пасля гэтай падзеі пачала адчуваць сябе па-іншаму, з'явілася больш адказнасці, — успамінае прыгажуня. — Усё ж «Міс» такога вялікага горада... Было шмат інтэрв'ю, фотасесій. Нарэшце мне параілі паўдзельнічаць у «Міс Беларусь». І я... не прайшла. Вельмі перажывала. Аднак потым сталі запрашаць на іншыя конкурсы, і ўсё закруцілася зноў...

Зусім нядаўна Юлія скончыла акадэмію. Потым быў адпачынак у Маямі, а пасля пачалася работа. І не дзе-небудзь, а ў родным смілавіцкім каледжы.

— Студэнты заўсёды пытаюцца: «Як вас сюды занесла?» — усміхаецца Юлія. — Я, канешне, хачу пажартаваць, што і яны могуць сюды вярнуцца, але звычайна тлумачу: «У мяне адпрацоўка пасля акадэміі. Выбрала любімы каледж з цудоўнымі выкладчыкамі. Цяпер і я хачу пакінуць пра ўстанову ў іншых такія ж цёплыя ўспаміны, якія дагэтуль жывуць у маім сэрцы». Мне здаецца, кантакт са студэнтамі наладжаны. Дзесьці магу быць строгай, дзесьці пасмяяцца, пажартаваць. Разумею, што яны дарослыя, таму стаўлюся да іх адпаведна. Як і ўсе выкладчыкі, патрабую ведання прадмета, тлумачу незразумелае... Я люблю самаўдасканальвацца. І прафесія ў гэтым дапамагае. Разам са студэнтамі многае вучу нанова. Да таго ж маё маўленне стала нашмат лепшае, ужо няма ранейшага хвалявання ў голасе.

Сту­дэнц­кія га­ды.

Паміж лекцыямі і семінарамі, падрыхтоўкай да заняткаў Юлія знайшла час для ўдзелу ў конкурсе «Міс Беларусь — 2018». Спачатку было 750 дзяўчат, потым засталося 250, 150...  яшчэ менш, а Юлія Кузьменка ўсё яшчэ трымалася сярод прэтэндэнтак.

— Калі на сайце конкурсу нарэшце змясцілі спіс усіх, хто прайшоў, то, убачыўшы сваё прозвішча, я скакала і крычала ад радасці! — успамінае Юлія. — Але потым мне сказалі: «Ну, вы крыху паўнаватая»... Быў тыдзень жорсткіх трэніровак, дыет, слёз. Пачалася істэрыка. У выніку я пахудзела на чатыры з паловай кілаграмы. Але так рабіць нікому не раю. Проста ў мяне была мэта, і я да яе ішла. Бо заўсёды было крыўдна, што прадстаўляю Беларусь на міжнародных конкурсах, а ў нацыянальным так і не ўдзельнічала. Дзеля конкурсу я нават раней прыляцела з Маямі. Сказалі: «Або прыязджаеце, або выкрэсліваем вас». Давялося мяняць дарагія білеты, скарачаць час адпачынку. Але гэта і няважна: я атрымала тое, аб чым марыла...

Да ўсяго Юлія — яшчэ і мадэль. Яна ўдзельнічала ў паказах на Belarus Fashіon Week, маскоўскім Тыдні моды, ездзіла на здымкі ў Мілан, Парыж, Барселону...

Раніцай у каледжы яна — Юлія Леанідаўна, увечары — проста Юля з Іce Gіrls на рэпетыцыях і хатніх хакейных матчах мінскага «Дынама». Падрыхтоўка да заняткаў пачынаецца бліжэй да гадзіны ночы. Таму спаць па пяць гадзін — звыклая справа. Калісьці ў шчыльным графіку быў і бокс. Гэты спорт, па словах Юліі, ідэальны для таго, каб даць волю эмоцыям, атрымаць загартоўку. Зараз часу не хапае, хоць ёй вельмі хочацца вярнуцца на рынг...

— Мой дэвіз па жыцці: усё, што ні робіцца, — робіцца да лепшага, — кажа дзяўчына. — Нельга «заганяцца» з-за дробязяў. А самае галоўнае — трэба быць заўсёды ўпэўненай у сабе. І тады ўсё атрымаецца.

Юлія АДАМОВІЧ, студэнтка ІV курса факультэта журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.