Гэту тэму абмеркавалі ўдзельнікі круглага стала, прысвечанага векавому юбілею галоўнага знешнепалітычнага ведамства краіны. На сустрэчы, якая прайшла пад эгідай часопіса «Беларуская думка» і дахам МЗС, прысутнічалі намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Дапкюнас, супрацоўнікі міністэрства, ветэраны службы, навукоўцы і журналісты.
«Сённяшняя наша тэма для разважання — гісторыя больш далёкая, дата стагоддзя. Сярод усіх юбілеяў яна, мусіць, найбольш уражвае — адзінка, два нулі. Міністэрства замежных спраў з вельмі трапяткім пачуццём ставіцца да гэтай даты. Ладзяцца мерапрыемствы, шмат што зроблена кіраўніцтвам — з ініцыятывы міністра ў плане ўвядзення і ўзаконьвання геральдыкі, службовых знакаў, форменнага адзення паслоў. Праводзяцца мерапрыемствы мемарыяльнага роду, звязаныя з людзьмі, якія працавалі тут. Гэта сродкі нагадаць, што гісторыя міністэрства пачалася не ў 1992 годзе, не ў 1944 годзе», — выказаў думку Андрэй Дапкюнас.
Па словах ветэранаў і навукоўцаў, вяліся дыскусіі, якую дату ўзяць як дзень заснавання дыпламатычнай службы Беларусі. Сярод варыянтаў нават быў дзень далучэння Беларусі да ААН, але ўсё ж такі вырашылі шукаць дату ў больш ранняй гісторыі краіны. І знайшлі... нататку аб заснаванні камісарыята па знешніх справах у газеце «Звязда» ад 22 студзеня 1919 года. Размяшчалася ведамства ў той час на вуліцы Койданаўскай, якая сёння вядомая як Рэвалюцыйная.
Удзельнікі ўспомнілі тых, хто сыграў вызначальную ролю ў станаўленні дыпламатычнай службы Беларусі: Кузьму Кісялёва, міністра замежных спраў БССР, яго пераемніка Анатоля Гурыновіча, нашага суайчынніка Андрэя Грамыку, які кіраваў знешнепалітычным ведамствам усяго Савецкага Саюза з 1957-га да 1985 года. У гэтым годзе, дарэчы, будзе 110-гадовы юбілей з дня нараджэння Андрэя Грамыкі.
— Для супрацоўнікаў міністэрства найбольш важна, каб калегі мае, каб я сам у сваёй працы быў не проста адміністратарам, чыноўнікам, а ў большай ступені дзейнічаў як грамадзянін. А грамадзянін не можа дзейнічаць, калі не ведае сваёй гісторыі, — акцэнтаваў увагу на значнасці гістарычнага фактару ў службе дыпламатаў Андрэй Дапкюнас.
Анансаваў намеснік міністра і ўрачысты сход да 100-годдзя МЗС, які мае быць самым прадстаўнічым. На ім збяруцца людзі, у той ці іншай сферы датычныя да ведамства.
У тэму
Уважліва трэба ставіцца і да тэрміналогіі. Стагоддзе ў 2019-м будзе адзначаць менавіта дыпслужба Беларусі, а не беларуская дыпламатыя. Дыпламатыя — паняцце больш глыбокае, і мае на ўвазе ўдзел беларусаў у дыпламатычнай дзейнасці, а служба — гэта непасрэдна структура, ведамства.
Марыя ДАДАЛКА
З пачаткам навучальнага года рэгіструецца і рост захваральнасці на рэспіраторныя інфекцыі.
Як адзначаюць фінансавыя эксперты, рынак жылой нерухомасці выйшаў на беспрэцэдэнтна высокія паказчыкі па колькасці здзелак.
З рэжысёрам «Кіношнікаў» — наша размова пра мары і іх увасабленне ў рэальнасць.
Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?