Вы тут

Алена Русакевіч. Музей рэальны або віртуальны?


Музей у сучасным свеце адыгрывае важную ролю. І сёння гэта не толькі месца для рэфлексіі і даследаванняў — гэта яшчэ і атракцыён. Папулярнасць віртуальных музеяў, што нарастае з кожным днём, спараджае вялікую колькасць дыскусій. Разгледзім станоўчыя і адмоўныя бакі гэтай з’явы.


Нягледзячы на развіццё тэхналогій, на сёння ўсё яшчэ актуальным застаецца пытанне захавання культурнай спадчыны. Шматлікія творы патрабуюць даволі спецыфічных умоў захоўвання. А з-за экспанавання ў выставачных залах, дзе заўсёды яркае асвятленне, рэзкае змяненне вільготнасці і ваганні тэмпературных паказчыкаў непасрэдна ўплываюць на захаванасць твора, экспанаты моцна пашкоджваюцца. Некаторыя пашкоджанні, што з’явіліся з-за неадпаведных умоў захоўвання, з цяжкасцю паддаюцца рэстаўрацыі. Нельга таксама не згадаць самі будынкі музеяў, якія змяшчаюцца ў мемарыяльных комплексах і помніках архітэктуры, захаванасць якіх залежыць ад вялікай колькасці фактараў. Алічбоўка прадметаў выяўленчага мастацтва дае магчымасць лепш захаваць творы мастацтва і пры гэтым не ізаляваць іх ад вачэй гледачоў.

Але ўсё ж у вышэйапісанай тэорыі ёсць невялікая лыжка дзёгцю. Нямала наведвальнікаў ідуць у музей (асабліва музей класічнага мастацтва) дзеля асаблівай атмасферы «пыльнай даўніны», якую віртуальны музей часцяком перадаць не здольны. Тэхналогіі актыўна развіваюцца, але большасць сучасных віртуальных музеяў не даюць гледачу магчымасці максімальна паглыбіцца ў свет мастацтва. Збольшага на такое адрозненне ўплывае і само стаўленне да музея як да сакральнага месца. Але варта адзначыць, што такі погляд на музей паступова зжывае сябе, паколькі яшчэ з ХХ стагоддзя існуе вялікая колькасць праціўнікаў гэтай тэорыі.

Стваральнікі віртуальных музеяў усур’ёз асцерагаюцца зніжэння наведвальнасці рэальных музеяў. І сёння вядзецца адкрытая палеміка па гэтым пытанні. Але, нягледзячы на меркаванні скептыкаў наконт таго, што віртуальныя музеі імкнуцца замяніць наведванне музеяў рэальных, многія мяркуюць, што віртуальныя туры насамрэч дапаўняюць такія візіты. Даследаванні паказваюць, што людзі больш схільныя наведаць рэальны музей пасля віртуальнага тура.

Існуе сцвярджэнне, што сучасны музей не павінен служыць толькі для захоўвання ўласнай калекцыі і для дэманстрацыі прадстаўленых у выставачнай зале экспанатаў. Шматлікія музеі старанна распрацоўваюць новыя канцэпцыі і спосабы камунікацыі з наведвальнікамі. Тым не менш некаторыя віртуальныя музеі дазваляюць гледачу больш цесна ўзаемадзейнічаць з творамі мастацтва, чым гэта можа прапанаваць рэальны музей.

У мінулым стагоддзі пачалася актыўная барацьба з такой інстытуцыяй, як музей. Гэта адбывалася таму, што даволі шмат плыняў і напрамкаў мастацтва пазіцыянавалі сябе як антымузейныя. Няхай сёння гэта пытанне ўжо не стаіць так востра, але, тым не менш, яно ўсё яшчэ адкрытае. Стварэнне ж «віртуальнай копіі» музея не вырашае гэтую праблему.

Але віртуалізацыя дапамагае наблізіць музей да гледача: па-першае, гэта магчымасць адаптаваць дадзеную інстытуцыю да сучасных нормаў жыцця чалавека, падругое, гэта спосаб папулярызаваць як музей, так і мастацтва ў цэлым, па-трэцяе, спосаб зрабіць мастацтва больш даступным.

З усяго сказанага можна заўважыць, што плюсаў у віртуальных музеях значна больш, чым мінусаў.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.