Вы тут

За прапаганду нацызму прапануецца караць пазбаўленнем волі да пяці гадоў


Мужчына да 40 гадоў, неўладкаваны, не жанаты, былы або дзеючы член футбольных фан-клубаў, ці так званы скінхэд. Увогуле, «маргінальныя людзі» — такі сацыяльны партрэт прыхільніка ідэй нацызму апісаў па просьбе дэпутата міністр унутраных спраў Беларусі Ігар ШУНЕВІЧ.


Законапраект «Аб змяненні законаў Рэспублікі Беларусь па пытанні ўзмацнення барацьбы з прапагандай нацызму і экстрэмізму» ўчора ў першым чытанні разгледзелі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Як прыклад нагоды для ўвядзення паправак у заканадаўства Ігар Шуневіч прывёў выпадак у цягніку «Мінск — Маладзечна», калі адзін з пасажыраў дэманстраваў фашысцкія татуіроўкі. Тады іншыя грамадзяне звярнуліся да СМІ, і падзею абмяркоўвала грамадства. Пры гэтым, па словах міністра, прыхільнікі нацысцкай сімволікі не спыняюцца толькі на «зігаванні» і бравіраванні адпаведнымі выявамі на сваім целе.

— Гэты выпадак адлюстраваў у цэлым пэўную тэндэнцыю, якая ўзнікла ў краіне і звязана са значным ростам неанацысцкіх і экстрэмісцкіх праяў. За апошнія тры гады колькасць зарэгістраваных фактаў грамадскай дэманстрацыі нацысцкай сімволікі вырасла ў 15 разоў, — расказаў дэпутатам міністр унутраных спраў. — МУС фіксуе цэлы шэраг злачынстваў, звязаных з праявамі неанацызму. У 2017 годзе да крымінальнай адказнасці прыцягваўся 121 кіраўнік і актыўны ўдзельнік такіх аб'яднанняў. З неанацызмам суадносна расце і экстрэмісцкая актыўнасць. За апошнія тры гады колькасць зарэгістраваных фактаў распаўсюджвання экстрэмісцкай прадукцыі вырасла ў 31 раз. Удумайцеся! У гэтым жа перыядзе ў 28 разоў вырасла колькасць зарэгістраваных злачынстваў, звязаных з распальваннем расавай, нацыянальнай і рэлігійнай варожасці.

Прычыну павелічэння ўзроўню злачынстваў такога роду міністр бачыць у падзеях у еўрапейскіх краінах, дзе растуць неанацысцкія настроі і скажаюцца падзеі Другой сусветнай вайны.

Законапраект прадугледжвае змяненні ў крымінальным, адміністрацыйным заканадаўстве і заканадаўстве па процідзеянні экстрэмізму. Па-першае, будзе скарэктаваны артыкул 130 Крымінальнага кодэксу — устанаўліваецца крымінальная адказнасць за грамадскую рэабілітацыю нацызму. Гэта дазволіць прымяніць пакаранне да пяці гадоў пазбаўлення волі. Па-другое, уводзіцца адміністрацыйная адказнасць за прапаганду грамадскага дэманстравання, выраб і распаўсюджванне не толькі нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі, а таксама сімволікі эсктрэмісцкіх і тэрарыстычных арганізацый. Таксама прадугледжваецца адміністрацыйнае пакаранне за захоўванне і набыццё з мэтай збыту нацысцкай, экстрэмісцкай і тэрарыстычнай атрыбутыкі.

Поўны пералік прадукцыі з апісаннем нацысцкай, экстрэмісцкай і тэрарыстычнай сімволікі будзе размешчаны ў інтэрнэце.

Не змяняе законапраект падыходы да выкарыстання атрыбутаў і сімволікі ў музейнай, тэатральнай і кінематаграфічнай дзейнасці.

Усяго на парадку дня чарговага пасяджэння пятай сесіі ніжняй палаты парламента было дзесяць пытанняў — законапраекты ў паштовай, энергетычнай, дарожнай сферах.

Адзін з дакументаў прадугледжвае стварэнне ўмоў для выхаду на сусветны рынак беларускіх аўдытараў. Змяненні закона «Аб аўдытарскай дзейнасці» дапамогуць стварыць агульны рынак і роўныя ўмовы для ажыццяўлення аўдытарскіх паслуг у ЕАЭС і паспрыяюць павышэнню якасці гэтай дзейнасці, лічаць распрацоўшчыкі. Праект прадугледжвае ўвядзенне ў Беларусі міжнародных стандартаў аўдытарскай дзейнасці і Кодэкса этыкі. Акрамя таго, плануецца стварыць Дзяржаўны рэестр аўдытарскіх арганізацый, аўдытараў і адзінага органа самакіравання — Аўдытарскай палаты. Яна будзе функцыянаваць як грамадская арганізацыя і будзе прадугледжваць членскія ўзносы.

Марыя ДАДАЛКА

Загаловак у газеце: Аж да крымінальнай адказнасці

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.