Вы тут

Актыўна будуецца жыллё і развіваецца вытворчасць


Карэспандэнт «Звязды» пацікавіўся ў старшыні Лёзненскага райвыканкама Івана Лаўрыновіча, якія навіны ў раёне, што мяжуе з Расіяй.


— Нядаўна ў раёне адсвяткавалі 75-ю гадавіну вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, адкрылі пасля рэканструкцыі мемарыял у райцэнтры. Калі ласка, нагадайце пра гэту падзею.

— 10 кастрычніка мы першымі ў вобласці адсвяткавалі 75-ю гадавіну вызвалення. Памятнай і сумнай вяхой увайшлі ў гісторыю раёна гады Вялікай Айчыннай. За час акупацыі было спалена 196 вёсак, разрабаваныя ўсе прадпрыемствы, калгасы і саўгасы, цалкам разбураны гарадскі пасёлак. Самымі цяжкімі былі людскія страты. Калі да вайны ў раёне пражывала каля 60 тысяч чалавек, то пасля вызвалення раёна — амаль 15,5 тысячы.

Доўгія дзевяць месяцаў кровапралітных баёў за Лёзненшчыну былі аплачаны коштам жыццяў больш як 32 тысяч воінаў Чырвонай Арміі і партызан. І сведчанне таму — 88 воінскіх пахаванняў, больш за 600 помнікаў і абеліскаў, устаноўленых на месцах баявой славы і гібелі воінаў-вызваліцеляў, мірных жыхароў.

У час святкавання юбілею адбыліся два значныя мерапрыемствы. І ў першую чаргу гэта адкрыццё пасля маштабнай рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу «Адаменская горка». Мемарыял пабудавалі ў 1984-м. Тут спачываюць байцы Чырвонай Арміі, якія загінулі падчас вызвалення ў 1943—1944 гадах, а таксама памерлыя ад ран пацыенты ваенных шпіталяў, якія размяшчаліся ў ваколіцах. За вельмі кароткі тэрмін, дзякуючы спонсарскай дапамозе жыхаркі Масквы Марыны Фраловай, сваячкі малодшага лейтэнанта Мікалая Лашкова, які загінуў пры вызваленні і пахаваны тут, удалося зрабіць рэканструкцыю. А менавіта — правесці падрыхтоўчыя работы і ўсталяваць стэлы з ордэнам Айчыннай вайны, паміж якімі знаходзяцца мемарыяльныя пліты з прозвішчамі загінулых. Раней іх было вядома толькі 500. Да 75-гадавіны вызвалення была праведзена сур'ёзная пошукавая работа і ўстаноўлена яшчэ 320 імёнаў загінулых вызваліцеляў.

Са свайго боку мы аказалі ўсю неабходную дапамогу. Былі праведзены суботнікі па добраўпарадкаванні тэрыторыі.

— Калі не памыляюся, у гонар юбілею вызвалення ў райцэнтры быў здадзены фізкультурна-аздараўленчы комплекс?

— Так. Яшчэ адзін знакавы момант святкавання — гэта адкрыццё другой чаргі фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Да гэтага ў 2016 годзе былі адкрыты ў адным будынку бібліятэка, Дом рамёстваў і некалькі спартыўных памяшканняў.

А да 75-годдзя вызвалення пачалі працаваць басейн з трыма дарожкамі, трэнажорная і гульнявая залы. Пра тое, што Лёзну патрэбны басейн, тутэйшыя казалі даўно. Ды многія нават не марылі, што калі-небудзь гэта стане явай. Але прынялі рашэнне — басейну быць! Ідэю падтрымалі і старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка. Сёння няпроста знаходзіць грошы на стварэнне такіх аб'ектаў, але мы гэта робім. Таму што і ў маленькіх рэгіёнах людзі розных узростаў павінны мець магчымасць займацца фізічнай культурай і клапаціцца пра здароўе.

— У раёне актыўна будуецца жыллё і развіваецца вытворчасць. Скажыце некалькі слоў пра гэтыя кірункі.

— У раёне праводзіцца эфектыўная і планавая жыллёвая палітыка. Практычна штогод будуюцца шматкватэрныя жылыя дамы ў гарадскім пасёлку. На 2018-ы раёну было даведзена заданне па ўводзе жылля агульнай плошчай 3700 квадратных метраў. Для выканання гэтага задання ў эксплуатацыю ўводзяцца адразу два дамы: 8-кватэрны па вуліцы Дабрамыслінскай і 40-кватэрны жылы дом — на Лынькова. Плюс — індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва (агульнай плошчай 1245 «квадратаў»).

Дарэчы, 8-кватэрны дом — гэта эксперыментальны будынак у нашым рэгіёне з выкарыстаннем электрычнай энергіі для ацяплення, гарачага водазабеспячэння і прыгатавання ежы. У двухпакаёвыя кватэры заселяцца спецыялісты, якія маюць патрэбу ў жыллі.

На 2019 год запланавана будаўніцтва 40-кватэрнага жылога дома па вуліцы Марыі Акцябрскай і індывідуальных жылых дамоў — агульнай плошчай тысяча квадратных метраў.

Наконт вытворчасці. Будзе весціся будаўніцтва свінагадоўчага рэпрадуктара (на 5000 галоў свінаматак у год) паблізу аграгарадка Пушкі. Фінансуе гэты праект Міжнародны банк развіцця сумесна з беларуска-ізраільскай фірмай АGRІGО Рrоjесts ltd. Адкрыццё запланавана на 2020 год.

А налета плануецца завяршэнне будаўніцтва цэха племяннога маладняку ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка» — недалёка ад населенага пункта Перамонт.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

На пасяджэнні ЦВК зарэгістраваны 56 членаў Савета Рэспублікі сёмага склікання

На пасяджэнні ЦВК зарэгістраваны 56 членаў Савета Рэспублікі сёмага склікання

Выбары прайшлі ў прыўзнятай атмасферы, дастойна і з яркімі выступленнямі.

Культура

У Беларусі будзе стварацца археалагічная карта

У Беларусі будзе стварацца археалагічная карта

Калі Скарына прыехаў у Кракаў, і як выглядаў малы Рагвалодавіч.

Грамадства

Як застацца людзьмі пасля разводу

Як застацца людзьмі пасля разводу

Можа дапамагчы медыятар.