Вы тут

На новае месца — са старым сябрам


Неяк задумалася: а колькі ж гадоў выпісваю сваю любімую газету? Мо з трыццаць, дакладна не менш. Некалі маладым спецыялістам калгаса як пачала чытаць беларускае выданне, дык не перастаю да гэтай пары.


Большая частка майго працоўнага жыцця прайшла ў вёсцы Петкавічы, тут выйшла на пенсію. Мужа пахавала, адна дачка жыве ў далёкім замежжы, другая хворая, я яе даглядаю. У вёсцы стала жыць цяжка з хворым чалавекам на руках. Таму купіла кватэру ў пасёлку Жамчужны, побач з горадам, тут лепшыя ўмовы. Ужо сабралася пераязджаць, думала не выпісваць газету на нейкі час, а потым зрабіць гэта на новым месцы. А паштальёнка кажа: «Як жа ты будзеш без сваёй «Звязды»? Выпісвай, а там перавядзём на новы адрас». Так я і зрабіла, і ўдзячная ёй за падказку.

Нават збіраючы пакункі для пераезду, перачытвала асобныя нумары, якія шмат гадоў таму адкладвала... Вечарам разгарну газету, нібы з сябрам сустрэнуся. Люблю чытаць пра тое, як людзі жывуць у розных вёсках, ахвотна чакаю аўтарскія калонкі, люблю «вясёлыя і праўдзівыя» гісторыі, чытацкае спаборніцтва пад здымкамі Анатоля Клешчука. Раней ахвотна разгадвала сканворды, сумую па іх... Не прапускаю парады садаводам і агароднікам — я ж аграном па адукацыі. У сваім садзе эксперыментавала з ігрушамі, іншымі дрэвамі. Вось і сёлета грушамі частавала аднавяскоўцаў да самага пераезду, да халадоў.

Спадзяюся, што на новым месцы складуцца добрыя адносіны з суседзямі і з іншымі людзьмі. А «Звязда», мой стары сябар, які і тут застаецца са мной.

Тамара МАРКУШЭЎСКАЯ,

Баранавіцкі раён

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.