Вы тут

«Адысея Саламеі Русецкай» — новы віртуальны праект Нацыянальнай бібліятэкі


Мемуары, мемуарная літаратура... Такія дакументы выклікаюць увагу ў шматлікіх даследчыкаў гісторыі літаратуры. Адной з такіх крыніц стала кніга-дзённік з квяцістай назвай «Рэха, на свет пададзенае, заняткаў падарожжа і жыцця майго авантураў...», напісаная ўраджэнкай Беларусі — Русецкай, у замужжы Пільштыновай. Арыгінал мемуараў Саламеі Русецкай знаходзіцца ў музеі князёў Чартарыйскіх у Кракаве. Ён датуецца 1760 годам. Мудрагелістая і доўгая назва мемуараў адпавядала тагачаснаму стылю барока. Гэты твор вызначаецца яшчэ як барочны прыгодніцкі раман з рысамі аўтабіяграфізму. Упершыню кніга Русецкай выйшла ў Польшчы на польскай мове ў 1957 годзе. У Беларусі дзённік выдадзены ў перакладзе Міколы Хаўстовіча пад назвай «Авантуры майго жыцця» ў 1993 годзе.


Мемуары Саламеі выступаюць як крыніца па гісторыі і геаграфіі, дзе аўтарка перадала свае ўспаміны і ўласныя разважанні, цікавыя замалёўкі людзей, што сустракаліся ў час яе вандровак па краінах Захаду і Усходу. Шмат месца ў кнізе адведзена апісанню побыту і нораваў розных народаў, выкладзены метады лячэння розных хвароб. Лекарка шмат у чым абапіралася на здабыткі народнай медыцыны, расказвала пра яе тагачасны ўзровень.

Сёлета з кастрычніка на сайце Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў прадстаўлены пастаянны віртуальны праект «Адысея Саламеі Русецкай: ад Стамбула да Пецярбурга», які плануецца прэзентаваць на трох мовах: беларускай, рускай і англійскай.

Саламея Рэгіна Русецкая — першая ў гісторыі Рэчы Паспалітай жанчына-лекарка, вандроўніца, асветніца, якая працавала пры гарэме турэцкага султана, расійскім і аўстрыйскім імператарскіх дварах. 300-годдзе з дня нараджэння наваградскай лекаркі (1718 — пасля 1760) адзначана Ў Спісе памятных дат ЮНЕСКА. Такая важная дата — 300-годдзе падказала ідэю стварэння праекта, які будзе цікавы аматарам беларускай літаратуры і проста наведвальнікам сайта бібліятэкі, якія любяць падарожнічаць, і ўсім тым, хто любіць падарожнічаць і даведвацца пра новыя краіны.

Праект віртуальна працягвае падарожжа Русецкай. Разам з Саламеяй мы будзем падарожнічаць яе шляхамі, знаёмячыся з мясцінамі, дзе жыла і працавала гэта знакамітая жанчына. Праглядаючы праект,быццам перагортваеш старонкі яе кнігі, трапляеш у самыя розныя і нечаканыя мясціны. Асабліва ўражвае жыццё Саламеі ў Асманскай імперыі, поўнае неверагодных здарэнняў і прыгод.

Праект не падобны на іншыя віртуальныя прадукты бібліятэкі, бо грунтуецца толькі на адной кнізе пісьменніцы — «Авантуры майго жыцця». У яго структуры створана 12 раздзелаў, якія ахопліваюць усе краіны, што наведала наваградская лекарка.

Пераходзячы па спасылцы, трапляеш то ў Асманскую імперыю, то ў Аўстрыю, то ў кулуары Ганны Іаанаўны — расійскай імператрыцы. Стваральнікі праекта не проста пераказваюць тэкст, але тлумачаць пэўныя падзеі, учынкі герояў, разам з тым цытуючы ўрыўкі з кнігі, якія перададуць думкі самой гераіні.

Вось, напрыклад, цікавая авантура Саламеі, якая апісваецца ў праекце. Яна адбылася ў Турцыі: «...у Стамбуле існуе забарона піць і прадаваць віно, і таму частая і строгая варта ходзіць. І наткнулася варта на наш поезд, і знайшлі яны пляшку віна, а другую выпітую (але з вінным пахам), і пыталіся, хто гэта піў...»

Аўтары праекта скарысталі ілюстрацыйны матэрыял, які паказвае побыт людзей тых часоў. Тут можна знайсці выявы рэальных гістарычных асоб, з якімі сустракалася Саламея, а геаграфічныя мясціны адлюстраваны ў малюнках архітэктурных помнікаў ХVІІІ стагоддзя.

Таццяна ЛАЎРЫК

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.