Вы тут

Што трывожыць спецыялістаў па аўтэнтычнай культуры


Больш за дваццаць фалькларыстаў, выкладчыкаў, вучоных Акадэміі навук, кіраўнікоў творчых аб'яднанняў і ўстаноў, даследчыкаў і практыкаў аўтэнтычнага беларускага мастацтва з усіх рэгіёнаў краіны сабраліся днямі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў за круглым сталом «Традыцыйная культура беларусаў: сучасны стан, праблемы захавання і развіцця». «Звязда» пабывала на маштабнай дыскусіі і паслухала, што трывожыць, а што выклікае спадзяванні на лепшае ў спецыялістаў па аўтэнтычнай культуры.


«За апошнія тры дзесяцігоддзі ў краіне зроблена вельмі многае па падтрымцы фальклору і захаванні традыцыйнай культуры, — адзначае старшыня Беларускага фонду культуры Тадэуш Стружэцкі, — адроджаны практычна ўсе віды і кірункі народных рамёстваў, створаны сотні адметных творчых калектываў, дзейнічаюць раённыя цэнтры рамёстваў і фальклору, традыцыйнае мастацтва выходзіць на вялікія сцэнічныя пляцоўкі. Але неабходна прызнаць, што і страчана нямала, і з кожным годам скарачаецца колькасць носьбітаў традыцыйнай культуры, якія атрымалі яе з рук у рукі, з вуснаў у вусны ад бацькоў і дзядоў. А галоўнае, на мой погляд, — традыцыйная культура дагэтуль не мае шырокай запатрабаванасці ў грамадстве, яна часцей успрымаецца як дэкаратыўны элемент на разнастайных святах і фестывалях...»

Ці не з першых хвілін дыскусіі выявілася, што «тэарэтыкі» і «практыкі» глядзяць на праблемы захавання аўтэнтычнай беларускай культуры пад розным вуглом. Так, калі адны наракалі на недахоп спецыялістаў, якія маглі б адраджаць традыцыйныя фальклорныя кірункі, то другія ўказвалі на тое, што выпускнікі з дыпломамі фалькларыстаў аказваюцца незапатрабаванымі ў месцах размеркавання. Але і тыя, і другія пагадзіліся з высновай, што жыццяздольнасць фальклорнага мастацтва або традыцыйнага рамяства залежыць перадусім ад апантанага чалавека на месцы — ад кіраўніка калектыву, ад метадыста раённага ці абласнога цэнтра народнай творчасці... Некаторыя наракалі: маўляў, у кавярнях і па радыё не гучыць аўтэнтычная беларуская музыка, а другія даводзілі: «прышчапляць» народную культуру, спевы і танцы трэба не тое што са школы, а з дзіцячага садка. Дарэчы, пэўныя зрухі ў гэтай сферы ёсць. Напрыклад, расказвае дырэктар Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Святлана Каржук, абласное фальклорнае свята «Таночак» у вёсцы Бездзеж Драгічынскага раёна штогод збірае ўсё больш дзіцячых калектываў: калі спачатку іх было толькі тры, то цяпер ужо дзесяць — магчыма, дзякуючы ў тым ліку этнадыскатэкам, якія набіраюць папулярнасць у розных рэгіёнах як сярод дзяцей і падлеткаў, так і сярод моладзі і дарослых. Але, бадай, самы яскравы і заўважны прыклад вяртання да вытокаў, дыялогу пакаленняў праз традыцыйнае народнае мастацтва — унікальны фестываль фальклорнага мастацтва «Берагіня», які праходзіць у пасёлку Акцябрскім на Гомельшчыне з 1998 года. Кожны раз збіраюцца літаральна чэргі ахвотных у ім паўдзельнічаць, прычым гэта не толькі беларускія народныя майстры, рамеснікі, калектывы і выканаўцы, але і мноства замежных гасцей. Разам з тым — «Берагіня» ў нас адна, і хоць кожны фестываль, не без гонару заўважыла яго выканаўчы дырэктар, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Акцябрскага райвыканкама Святлана Беразоўская, збірае сама меней 800 (!) удзельнікаў з розных краін, але складанасці ў арганізацыі і фінансаванні творчага форуму выклікаюць насцярогу: ці адбудзецца наступны фэст, ці захавае ранейшую высокую планку, ці здолее развіваць надалей інфраструктуру для прыёму шматлікіх гасцей і ўдзельнікаў?..

«Трэба правесці мяжу паміж традыцыйнай культурай і стылізацыяй, бо жывыя абрады, спевы, танцы і сцэнічнае ўвасабленне «па матывах» — дзве зусім розныя рэчы», — адзначыў загадчык кафедры этналогіі і фальклору БДУКіМ, удзельнік Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Вячаслаў Калацэй. Каб даць адчуць гэту розніцу на практыцы, сваіх уласных студэнтаў Вячаслаў Віктаравіч у абавязковым парадку ўжо на першым курсе «акунае» ў фальклорную экспедыцыю, а дыпломны праект яны мусяць абараніць там жа, дзе збіралі матэрыял, — і галоўны экзамен у тым, ці прымуць гэту здачу самі носьбіты беларускіх традыцый.

Супрацоўнік Любанскага раённага цэнтра культуры, кіраўнік узорнага фальклорнага гурта «Верабейкі» Сяргей Выскварка падтрымаў калегу і падкрэсліў, што лічыць вельмі важным не толькі захоўваць традыцыйную культуру ўнутры краіны, але і дэманстраваць яе на замежных фальклорных фестывалях, «каб і ў свеце паказваць нашу адметнасць, і ў саміх сябе выхоўваць павагу да аўтэнтаў, што гэта не «Манька з кута», а шаноўная спадарыня Марыя». Тым больш запыты звонку ёсць: як расказаў начальнік аддзела народнай творчасці Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Аляксандр Лозка, налета Славенія, Швейцарыя, Партугалія, Германія ўжо запрашаюць да сябе аўтэнтычныя беларускія калектывы. Але зноў жа, для фальклорных гуртоў такі «банкет» за свой кошт абыдзецца занадта дорага, а з падтрымкай, у тым ліку фінансавай, ёсць пытанні.

У 90-я гады мінулага стагоддзя, нагадала навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Алена Боганева, існавала праграма дзяржаўнай падтрымкі традыцыйнай культуры, дзякуючы якой дапамога накіроўвалася на патрэбы канкрэтнага Дома рамёстваў або музея. Зрэшты, і сёння ёсць прыклады адраснай падтрымкі: так, сёлета некаторыя беларускія народныя траўніцы і рэгіянальныя цэнтры, якія займаюцца лекаваннем зёлкамі, атрымалі сертыфікаты і прэміі дзякуючы праграме, у якой удзельнічае Інстытут генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі.

Але перадусім, упэўнены старшыня Асацыяцыі майстроў музычных інструментаў Віктар Кульпін, кожны, хто працуе ў рэчышчы традыцыйнай культуры, мусіць не чакаць падтрымкі зверху, а пачынаць з сябе: «Фальклор — гэта крыніца, якая дае натхненне вялікаму мноству людзей — выканаўцаў, калектываў, майстроў. А які прадукт мы выдаём назад, каб падсілкоўваць гэту крыніцу, — хоць па шклянцы налілі ў яе альбо цалкам нармальна працуем на полі масавай культуры, якая корміць і поіць творцаў?..»

Многія ўдзельнікі круглага стала гаварылі пра адсутнасць адзінага цэнтра, які каардынаваў і абагульняў бы дзейнасць асобных устаноў, што займаюцца захаваннем нацыянальнай культуры, удасканальваў механізмы іх узаемадзеяння і дазваляў рабіць існуючыя мерапрыемствы больш глабальнымі. Таксама спецыялісты абмяркоўвалі неабходнасць прыняцця асобнай дзяржаўнай праграмы «Традыцыйная культура і моладзь Беларусі» на 2021—2025 гг. (Гэта пытанне, дарэчы, востра стаіць не толькі ў Беларусі, і сёлета на Еўразійскім гуманітарным форуме па пытаннях культуры і народнай творчасці прадстаўнікі 60 краін свету абмяркоўвалі яго напярэдадні Сусветнай фалькларыяды — 2020.) Сярод іншых агучаных прапаноў — стварэнне Беларускага саюза фалькларыстаў, унясенне Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва «Берагіня» ў нацыянальны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, стварэнне і якаснае напаўненне паўнавартаснага сайта «Традыцыйная культура Беларусі», аб якім вядзецца гаворка ўжо доўгі час, і г. д. Рэзалюцыю, прынятую па выніках круглага стала, яго арганізатары перадалі на разгляд у Мінкультуры і Мінадукацыі.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.