Вы тут

У Мінску абмяркоўваюць развіццё прамянёвай дыягностыкі


Гэтымі днямі ў сталіцы праходзіць першы кангрэс Беларускага таварыства радыёлагаў, якое аб'ядноўвае каля 300 спецыялістаў рэнтгеналогіі, магнітарэзананснай тамаграфіі, ультрагукавой дыягностыкі, радыеізатопнай дыягностыкі і традыцыйнай радыялогіі. У кангрэсе бяруць удзел спецыялісты з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама з Расіі, Харватыі, Італіі, Аўстрыі, ЗША, Турцыі, Сербіі, Францыі, Украіны.


Па апошніх звестках, штогод у Беларусі праводзіцца каля 25 мільёнаў лячэбна-дыягнастычных прамянёвых даследаванняў, з іх каля 15 % складаюць высокатэхналагічныя метады. А паводле слоў доктара медыцынскіх навук, кіраўніка Беларускага таварыства радыёлагаў, галоўнага ўрача Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Ірыны Абельскай, 80 % дыягназаў, па звестках Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, ставіцца з дапамогай радыелагічных метадаў даследавання.

— Радыялогія ў нас развіваецца вельмі актыўна. Сёння нават людзі, далёкія ад медыцыны, добра ведаюць, што такое абследаванне на камп'ютарным тамографе, ультрагукавая дыягностыка, магніта-рэзанансная тамаграфія. У нас ёсць свае сучасныя напрацоўкі, навуковы патэнцыял. За апошнія пяць-сем гадоў нашы спецыялісты атрымалі 28 патэнтаў і 22 аўтарскія пасведчанні на вынаходніцтвы. Беларускія радыёлагі працягваюць работу ў 10 праграмах навуковых даследаванняў, імі выдадзена 13 манаграфій, 38 навукова-метадычных дапаможнікаў і практычных дапаможнікаў для ўрачоў. Нам ёсць чым падзяліцца з замежнымі калегамі. У сваю чаргу спікеры з Еўрапейскай асацыяцыі радыёлагаў данясуць самую сучасную інфармацыю для пашырэння ведаў і практычных магчымасцяў нашых спецыялістаў. Так што чакаем ад гэтага форуму вялікага практычнага выніку, — падкрэсліла Ірына Абельская.

Таксама кіраўнік Беларускага таварыства радыёлагаў дадала, што на форуме будзе разгледжана развіццё адукацыйных праграм, стварэнне нацыянальных школ радыялогіі, што дазволіць падзяліцца перадавым вопытам з рэгіёнамі, праводзіць там тэматычныя заняткі, семінары, вэбінары.

— Сёння варта больш сур'ёзна ставіцца да развіцця тэлерадыялогіі (перадача на адлегласць медыцынскіх дыягнастычных выяў. — Аўт.), гэта вельмі сучасны метад давядзення інфармацыі да нашых калег, — адзначыла Ірына Абельская.

Міністр аховы здароўя Валерый Малашка расказаў, што ў апошнія гады ў Беларусі актыўна займаліся ліквідацыяй дэфіцыту кадраў у галіне радыялогіі. Было арганізавана навучанне адпаведным спецыяльнасцям у Гомельскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце, перападрыхтоўвалі і ўрачоў іншых спецыяльнасцяў на ўзроўні паслядыпломнай адукацыі, у краіне ўкараняліся ангіяграфічныя цэнтры.

— Мы працягваем іх развіваць ужо не толькі ў сталічных клініках, а на ўзроўні міжраённых цэнтраў, гарадскіх устаноў аховы здароўя. Камп'ютарная тамаграфія стала звычайнай працэдурай. Мы пачалі вырабляць камп'ютарныя тамографы на нашых прадпрыемствах, і гэта пэўны тэхналагічны прарыў. Ён павялічвае магчымасці доступу насельніцтва да гэтага дыягнастычнага даследавання, — паведаміў Валерый Малашка.

Міністр падкрэсліў, што высокія тэхналогіі сёння знаходзяць сваё шырокае прымяненне на ўзроўні рэгіянальных і гарадскіх цэнтраў:

— Мы сціраем межы паміж раёнамі і абласцямі. Пацыент мае права звяртацца ў найбліжэйшую ўстанову аховы здароўя, дзе ёсць тая ці іншая высокая тэхналогія, і тут не трэба кіравацца прынцыпам геаграфіі трохузроўневага ці чатырохузроўневага аказання медыцынскай дапамогі. Пры інфаркце міякарда важны прынцып «залатога часу». Умоўна кажучы, фельчар хуткай дапамогі, устанавіўшы інфаркт міякарда і ведаючы, што ў суседнім раёне іншай вобласці ёсць ангіяграфічны комплекс, напрамую звязваецца з урачамі, і, мінуючы цэнтральную раённую бальніцу і нават прыёмны пакой міжраённага цэнтра, дастаўляе такога пацыента адразу ў ангіяграфічны кабінет, дзе яму павінна быць аказана сучасная медыцынская дапамога.

Валерый Малашка канстатаваў, што без развіцця службы прамянёвай дыягностыкі былі б немагчымыя тыя поспехі, якіх дасягнула наша медыцына — у прыватнасці, нізкія паказчыкі мацярынскай і дзіцячай смяротнасці, поспехі ў сардэчна-сасудзістай хірургіі, анкалогіі, транспланталогіі, траўматалогіі і артапедыі, гематалогіі.

Алена КРАВЕЦ

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Выявіць схаванае дапамагае радыялогія

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.