Вы тут

Уладзімір Цвірка. Моладава


Летась пашчасціла пазнаёміцца з вёскай Моладава, якая знаходзіцца ў Іванаўскім раёне. Запрашаю і вас завітаць у гэтае цікавае паселішча, якое вядомае на землях Вялікага Княства Літоўскага з канца XV стагоддзя. Крыху больш за два стагоддзі поўнаўладным гаспадаром тут быў род Войнаў, прадстаўнікі якога займалі высокія пасады ў тагачаснай дзяржаве. З канца XVII стагоддзя новыя ўласнікі Моладава — заможныя прадстаўнікі вядомага роду Агінскіх. Але ў 1792 годзе Міхал Клеафас Агінскі прадаў і само Моладава, і землі навакольных маёнткаў Сямёну Скірмунту, які за адносна кароткі час узняў набытыя гаспадаркі на больш высокі эканамічны ўзровень, а таксама пашырыў за кошт прыдбаных новых зямель.


Праз пяць гадоў па праекце архітэктара Ван-Гроса пабудавалі прыгожы белакаменны палац. Сёння яго няма. Але калі паглядзець здымкі, зробленыя перад самым пачаткам Другой сусветнай вайны, можна ўбачыць, наколькі ён быў шыкоўны: з адметнымі рысамі ў выглядзе васьмі дарычаскіх порцікаў, якія раўнамерна дзялілі яго вонкавую прастору і зрокава ўздымалі аднапавярховы будынак на і так дастаткова высокі цагляны падмурак. Канчаткова палац быў знішчаны падчас вайны.

Але пачалося яго разбурэнне значна раней, у 1939 годзе. Тады ж загінулі і апошнія гаспадары Моладава. Генрыха і Марыю Скірмунтаў, якім было каля сямідзесяці гадоў, расстралялі.

На ўскрайку парку захавалася адзіная пабудова ад некалі квітнеючай гаспадаркі — капліца-пахавальня Скірмунтаў, узведзеная ў неакласічным стылі з цэглы ў 1905 годзе па праекце віленскага архітэктара Раствароўскага. Перакрыты храм-ратонда невысокім сферычным купалам, які як быццам падпяразаны арнаментальнай ляпнінай. Можна толькі ўявіць, які ўзнёслы і ўрачысты быў інтэр’ер капліцы, выкананы з ружовага ды белага мармуру. Цэнтральнае месца ў алтары займала скульптура Збавіцеля, таксама з белага мармуру. Звонку капліцу «абступалі» тыя ж дарычаскія порцікі, якія былі выкарыстаны пры будоўлі палаца.

Прынесены ветрам пясок і карані раслін разбураюць дах капліцы. Кансервацыя гэтага архітэктурнага помніка дазволіла б яму «дажыць» да часоў, калі б знайшліся сродкі на якасную рэстаўрацыю.

Развітаўшыся з капліцай Скірмунтаў, я прайшоўся па могілках былых уладальнікаў Моладава, зруйнаваных пасля вайны. Мясцовыя жыхары час ад часу чысцяць іх ад смецця ды галін.

Напрыканцы вандроўкі ўбачыў яшчэ адну архітэктурную каштоўнасць вёскі — былую ўніяцкую царкву, пабудаваную ў канцы XVIII стагоддзя на месцы папярэдняга храма, таксама драўлянага. Сёння гэта царква ў гонар Узнясення Гасподняга, у якой захаваўся, магчыма, самы стары медны звон у Беларусі, адліты ў горадзе Коўна ў 1583 годзе майстрам ліцейнай справы Марцінам Гофманам на сродкі тагачаснага ўласніка Моладава — Сімяона Войны. Але звон перанеслі ў капліцу, што побач з новай царквой. Ці патрэбна было гэта рабіць. Стары звон са старым храмам — гэта нешта неразрыўнае, цэласнае. Святыня без яго быццам асірацела…

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.