Вы тут

Авангарднае светаўспрыманне


Праз творы яркіх прадстаўнікоў некласічнага мастацтва XX стагоддзя


Ласла Хэд’ешалмі «Начное цяпло».

Авангарду як з’яве мастацтва прыкладна сто гадоў. Гэта пэўная сістэма стыляў, канцэпцый, тэорый, моў і нават школ. Зразумець гэта можна ў новай сталічнай выставачнай прасторы Libra: праект «Авангард. XX cтагоддзе» прадстаўляе самыя гучныя імёны бунтарскага мастацтва праз іх творы.

Увазе аматараў — выстаўка больш за 50 аўтарскіх літаграфій, сярод якіх творы Васіля Кандзінскага, Сальвадора Далі, Рэнэ Магрыта, Марка Шагала, Віктара Вазарэлі і іншых яркіх прадстаўнікоў некласічнага мастацтва XX стагоддзя. Многія аўтары прадстаўлены ў Беларусі ўпершыню. Экспазіцыя складаецца з твораў, якія належаць шэрагу калекцыянераў Санкт-Пецярбурга. Арганізатары доўга падыходзілі да таго, каб паказаць такі праект у Мінску.

— Мы працягнем працаваць з піцерскімі калекцыянерамі, — гаворыць куратар праекта мастак Дзяніс Барсукоў. — У цэлым гаворка будзе ісці пра авангард. Гледачы ведаюць Далі, пазнаюць работы Магрыта, можа быць, пазнаюць творы, не ведаючы імёнаў, але ім знаёмыя сюжэты. Таму наша задача — расказаць пра гэтыя імёны, паказаць, наколькі шматграннае авангарднае мастацтва, паразважаць над тым, як скандальны кірунак творчасці ператварыўся ў класіку. У выставачнай зале будуць праводзіцца лекцыі мастацтвазнаўцаў. Акрамя таго, экспазіцыю аўтарскіх літаграфій дапаўняюць інфармацыйныя стэнды, якія дазваляюць атрымаць больш поўнае ўяўленне пра творчасць майстроў.

Рэнэ Магрыт «Карт-бланш».

Авангардысты адрозніваліся адзін ад аднаго не толькі тэхнікай і стылістыкай работ, але і светаўспрыманнем. Авангард у выяўленчым мастацтве можна разумець як эксперымент — з канцэпцыяй, колерам, формай. На выстаўцы прадстаўлены яркія ўзоры экспрэсіянізму, абстракцыянізму, геаметрычнага мастацтва, оп-арту, дадаізму. Так, работы паэтычнага і загадкавага бельгійскага сюррэаліста Рэнэ Магрыта хутчэй нагадваюць рэбусы. Пра адну з іх («Картбланш») мастак выказаўся наступным чынам: «Бачныя рэчы могуць быць нябачнымі. Калі, напрыклад, нейкія людзі едуць на кані праз лес, то спачатку бачыш іх, потым не бачыш, але ведаеш, што яны там. У карціне “Карт-бланш” вершніца засланяе сабой дрэвы, а яны засланяюць яе. Пры дапамозе жывапісу я раблю думкі бачнымі». Нацюрморты французскага жывапісца Бернара Бюфэ адрозніваюцца меланхалічным настроем і вытанчаным стылем тонкага малюнка. Творы майстра выяўленчай алхіміі Макса Эрнста супярэчылі агульнапрынятым нормам, што здольныя выклікаць у гледача шок. Абстрактныя імправізацыі Васіля Кандзінскага, яркія аптычныя ілюзіі Віктара Вазарэлі, сюррэалізм Хуана Міро... Творы гэтых аўтараў падобныя на няскладныя дзіцячыя малюнкі. Як падкрэсліваюць мастацтвазнаўцы, менавіта адсылка да дзяцінства дапамагала аўтарам развіваць свабоду мыслення. Работы Сальвадора Далі вылучае дбайная манера пісьма, дакладная перадача перспектывы, што характэрна для акадэмічнага жывапісу, аднак вобразы нерэальныя.

— Калі толькі запланавалі выстаўку, было складана зразумець, як работы такіх розных аўтараў змогуць быць арганічна прадстаўлены ў адной прасторы, — расказвае Дзяніс Барсукоў. — Але калі пачалі мантаж экспазіцыі, зразумелі, што ўсе творы — быццам пазлы: не трэба было выдумваць штосьці складанае, бо кожная карціна — асобны шэдэўр мастацтва, які можна разглядаць гадзінамі.

Выстаўка працягнецца ў Мінску да 5 снежня: ёсць час, каб убачыць творы знакамітых майстроў.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.