Вы тут

Свой электрасамакат, суперкандэнсатар і яшчэ 158 навуковых распрацовак


Усё гэта прадставяць наведвальнікам ХХІІІ Беларускага энергетычнага і экалагічнага форуму, які пройдзе 8—12 кастрычніка ў Мінску.

Сёлета ў ім прымуць удзел больш за 300 арганізацый з 16 краін свету, паведаміла намеснік міністра энергетыкі Вольга Пруднікава на прэс-канферэнцыі ў БелТА.


Штогод гэты высокі сход становіцца ўнікальным месцам сустрэч энергетыкаў і эколагаў нашай краіны і замежжа, спрыяючы тым самым пашырэнню супрацоўніцтва, абмену перадавымі распрацоўкамі і праектамі. Мэта форуму — прадставіць сучаснае абсталяванне і тэхналогіі для вытворчасці і размеркавання электрычнай і цеплавой энергіі, аўтаматызаваныя сістэмы, энерга- і рэсурсазберагальныя тэхналогіі, аказаць садзейнічанне інавацыйнаму развіццю паліўна-энергетычнага комплексу.

На 9 кастрычніка запланаваны кірмаш інавацыйных распрацовак у сферы энергетыкі. «Гэты кірмаш — пляцоўка для нашых распрацоўшчыкаў і патэнцыйных інвестараў, каб спланаваць магчымыя праекты і будучыя высокапрыбытковыя прадпрыемствы, таму што менавіта навукова-тэхналагічныя распрацоўкі дазваляюць ствараць прадукцыю з найбольшай дабаўленай вартасцю», — паведаміў намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Сяргей Шчарбакоў.

«Будзе прадстаўлены ўзор электрасамаката, які, у прынцыпе, гатовы да тыражавання», — адзначыў Сяргей Шчарбакоў. Усяго гасцям форуму пакажуць 158 навукова-тэхнічных распрацовак (Нацыянальнай акадэміі навук, Міністэрства адукацыі, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, прыватных кампаній).

Сярод іх — фільтры для ачысткі сціснутых газаў ад цвёрдых часціц і аэразоляў на прадпрыемствах хімічнай і нафтагазавай прамысловасці, доследны ўзор суперкандэнсатараў на аснове графензмяшчальнага матэрыялу (гэтую разработку будуць прымяняць у электратранспарце), экспертная сістэма рэабілітацыі геалагічнага асяроддзя, забруджанага нафтапрадуктамі.

І зноў пра АЭС...

Адказваючы на пытанні журналістаў, Вольга Пруднікава закранула тэму будучых паставак электраэнергіі на знешнія рынкі. У цяперашні час фарміруецца агульны электраэнергетычны рынак у рамках ЕАЭС, дагавор аб стварэнні рынку павінен быць падпісаны да 1 ліпеня 2019 года. «Пасля ўводу атамнай станцыі мы павялічым магчымасці свайго экспартнага патэнцыялу — як у цэлым энергетычная галіна, так і суб'екты гаспадарання, якія па пэўных крытэрыях будуць мець магчымасць выхаду на агульны электраэнергетычны рынак саюза», — адзначыла яна.

Энергетык пацвердзіла, што першы энергаблок будзе ўведзены да канца 2019 года. «У цяперашні час будаўнічыя работы ідуць інтэнсіўнымі тэмпамі, задзейнічаны беларускія і расійскія арганізацыі», — удакладніла яна. Ідзе падрыхтоўка беларускай энергасістэмы да інтэграцыі ў яе БелАЭС.

Адказваючы на пытанне аб дыялогу з літоўскім бокам па будаўніцтве АЭС у Астраўцы, першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ія Малкіна адзначыла: «Нягледзячы на праблемныя пытанні, ёсць пэўнае разуменне на ўзроўні экспертнай супольнасці тых працэсаў, якія адбываюцца. Мы спадзяёмся, што будучая ў лютым 2019 года чарговая сесія Нарады бакоў Канвенцыі Эспа паставіць усё-такі кропку ў гэтым пытанні».

На яе погляд, наша краіна сёння сканцэнтравана ў першую чаргу на выкананні рэкамендацый, якія былі дадзены абодвум бакам у рамках сесіі Нарады бакоў Канвенцыі Эспа ў 2014 годзе. Яны разглядаюцца ў якасці асноў для далейшага двухбаковага супрацоўніцтва. «У цэлым хацелася б адзначыць, што за 2017 год і першую палову 2018-га ў значнай ступені мы прасунуліся па тэматыцы інфармавання нашых еўрапейскіх калег, суседзяў аб тым працэсе, які адбываецца на пляцоўцы будаўніцтва БелАЭС», — адзначыла першы намеснік міністра.

Як вядома, наша краіна і Літва адмовіліся ад фармату двухбаковых перагавораў. Мы пераканаліся, што прыцягненне экспертаў з боку міжнародных кампетэнтных арганізацый з'яўляецца найбольш прагрэсіўным і прадукцыйным механізмам узаемадзеяння для пошуку прагрэсу.

Эксперты Беларусі і Літвы працягваюць сумесную працу па падрыхтоўцы праекта двухбаковага міжурадавага пагаднення па ажыццяўленні Канвенцыі Эспа. «Гэта двухбаковы міждзяржаўны дагавор, па ім у нас ёсць пэўны прагрэс. Мы плануем да канца лістапада гэтага года правесці яшчэ адну сустрэчу, якая, як нам здаецца, дазволіць падысці да стадыі ўнутрыдзяржаўных працэдур узгаднення», — удакладніла Ія Малкіна.

Сяргей КУРКАЧ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.