Вы тут

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам


Напэўна, кожны аматар спорту ведае прозвішча Грэцкі і разумее, што звязана яно з хакеем. Канадзец, адзін з самых вядомых спартсменаў ХХ стагоддзя, чатыры разы ён выйграваў самы прэстыжны трафей у сусветным хакеі — Кубак Стэнлі. Мала хто ведае, што карані «Вялікага», менавіта такую мянушку ён атрымаў у часы гульнявой кар'еры, ідуць з Беларусі. Дзядуля Уэйна Грэцкі Цярэнцій Лаўрэнцьевіч імігрыраваў у Канаду з Гродзенскай губерні, там ён ажаніўся з украінкай Марыяй з горада Падгайцы (цяпер Цярнопальская вобласць Украіны).


Якое было наша здзіўленне, калі ў заявачным спісе хакейнага клуба «Дынама-Маладзечна» мы ўбачылі менавіта гэтае прозвішча. Беларускі нападаючы Вячаслаў Грэцкі — ураджэнец Гродна, раней ён выступаў за мясцовы «Нёман» і хакейны клуб «Ліда». З нападаючым мы пагаварылі пра яго вядомае прозвішча, сувязь з вялікім хакеістам і легендарную перамогу беларусаў над шведамі, з якой пачаўся хакей для Вячаслава.

* * *

— Пачнём з надзённага. Ваш пераход у «Дынама-Маладзечна» можна лічыць плюсам у кар'еры?

— Адназначна. Тры гады запар я пачынаў перадсезонную падрыхтоўку з «Нёманам-2», гэта было таптанне на месцы. Першы раз адтуль у арэнду ў Маладзечна мяне забраў Дзмітрый Краўчанка, потым я аказаўся ў «Лідзе», але Дзмітрый Аляксандравіч выцягнуў і адтуль. Я быў гэтаму вельмі рады, прыемна працаваць з чалавекам, які бачыць цябе ў камандзе, выдатна да цябе ставіцца. Гэта дае штуршок і матывацыю.

— Сёлета камандай кіруе ўжо Юрый Файкоў, якія ён ставіць задачы перад вамі?

— Як ва ўсіх камандаў у нас толькі адна задача — перамагаць.

— Каго бачыце сваімі асноўнымі канкурэнтамі?

— Складана назваць канкрэтныя каманды. Сёлета ўсе будуць канкурэнтамі, таму што чэмпіянат узмацніўся, каманды сталі бліжэйшыя па ўзроўні гульні, гэта паказаў і Кубак Салея.

— Як ацэніце старт каманды?

— Мы прайшлі вельмі добрую перадсезонную падрыхтоўку, працавалі старанна, па дзве трэніроўкі ў дзень. Рабілі ўсё, каб на старце сезона атрымаць трафей у выглядзе Кубка Салея, на жаль, не выйшла. Прабіліся ў фінал, але там прайгралі. Калі казаць пра асабісты вынік, то пакуль што для мяне гэта найлепшы старт сезона.

— З нагоды рэформаў, якія адбыліся ў нашым хакеі, выказваліся трэнеры і функцыянеры, але мала казалі гульцы.

— Змены, якія датычацца ўзросту, мне здаецца, мала што памянялі. З нагоды падзелу экстралігі на дывізіёны, думаю, гэта адназначна станоўчы крок. Наш чэмпіянат будзе больш цікавы, як для хакеістаў, так і для балельшчыкаў, будзе больш барацьбы і больш гульняў. Што датычыцца заробкаў, я, як малады гулец, не магу адказаць на гэтае пытанне, бо вялікіх грошай і так не атрымліваў, напэўна, аб гэтым лепш пытацца ў больш дасведчаных хакеістаў.

— Наогул, ходзіць меркаванне, што хакеісты незаслужана высокааплатныя спартсмены.

— Адмоўна і негатыўна стаўлюся да такіх выказванняў, таму што ніхто не ведае, якім жыццём на самай справе жывуць хакеісты. Яны прыйшлі ў спорт у 7-8 гадоў, з гэтага часу штодзённыя трэніроўкі. Пару тыдняў на адпачынак летам. Мала хто думае аб тым, што хакеіст можа скончыць сваю кар'еру ў любы момант, гэта можа здарыцца заўтра ці праз 20 гадоў, калі пашанцуе больш. Плюс хакей — гэта спорт, звязаны з рызыкай для жыцця, таму грошы, я лічу, цалкам апраўданыя. Ну і нарэшце, ніхто не перашкаджае кожнаму стаць хакеістам, калі гэта так лёгка.

— Памятаеце, куды патрацілі свае першыя заробленыя грошы?

— Я не ведаў, што з імі рабіць, частку аддаў бацькам, а астатнія пайшлі на нейкія дробязі. Зарплата была невялікая, для добрай пакупкі з адной зарплаты яшчэ трэба добра папрацаваць.

* * *

— Вам часта задаюць пытанні пра прозвішча?

— Так. Роднаснымі сувязямі я ніяк не датычны да Уэйна Грэцкі, мы проста цёзкі па прозвішчы. Магчыма, калі б мы былі сваякамі, я б тут ужо не гуляў (смяецца).

— Вы таксама з Гродна, як і дзядуля Уэйна, ніколі не цікавіліся паходжаннем свайго прозвішча?

— Пакуль такога жадання не было. Адзінае, ведаю, што гэта хутчэй польскае прозвішча.

— Можа, яно і стала штуршком, каб пачаць займацца хакеем?

— Наўрад ці, бо я стаў на канькі ў гадоў 6-7, і гэта быў мой выбар, а не бацькоў, тады і не ведаў пра такога вядомага хакеіста. Атрымалася цікава, першы матч, які я ўбачыў у сваім жыцці, — Беларусь — Швецыя. Наша легендарная перамога ў Солт-Лэйк-Сіці. Мне спадабаўся не столькі хакей, колькі форма шведаў, і я загарэўся жаданнем гуляць.

— Прозвішча калі-небудзь станавілася прадметам жартаў партнёраў па камандзе?

— Яны толькі часам называюць мяне Уэйнам.

— Цікавіліся неяк паглыблена біяграфіяй свайго цёзкі?

— Я, напэўна, як і кожны, добра з ёй знаёмы, таму што гэта вялікі хакеіст, усе ведаюць пра яго заслугі.

* * *

— Ваша прафесійная мара — НХЛ?

— Мара любога хакеіста гуляць у НХЛ і выйграць Кубак Стэнлі. Гэта нават хутчэй не мара, а мэта, бо мэта больш дасяжная, чым мара.

— Што ўваходзіць у сферу вашых інтарэсаў акрамя спорту?

— Хобі асаблівага няма, люблю чытаць, вельмі шмат. У вольны час альбо чытаю, альбо гуляю, з жонкай любім актыўны адпачынак, але не аматары гіперактыўнай тусоўкі. Просты адпачынак для мяне самы лепшы.

— Якая кніга зрабіла на вас самае вялікае ўражанне?

— Кожная кніга можа
натхніць і чамусьці навучыць. Першая, якая запала, — гэта Генрык Сянкевіч «Крыжакі». З апошняга, што спадабалася, — цыкл польскага пісьменніка-фантаста Роберта Вегнера «Паданні Меекханскага памежжа». Звычайна заўсёды вылучаюць класіку, але мне неяк больш падабаецца літаратура такога плана. Зараз чытаю гістарычны раман.

— Чытанне — гэта нетыпова для хакеіста...

— Гэта толькі стэрэатыпы. Хакеісты досыць эрудзіраваныя людзі. Я ведаю шмат спартсменаў, якія чытаюць і разбіраюцца добра ў розных сферах. Хоць, нават у школе, часам сустракаўся з такім меркаваннем, калі ты хакеіст, значыць, нічога не ведаеш.

* * *

— Каго з беларускіх хакеістаў вы б назвалі найлепшым у гісторыі?

— Тут адказ відавочны — гэта Руслан Салей. Гісторыі любых спартсменаў, якія нечага дамагліся, натхняюць. Па-свойму добры Салей, і той жа Грэцкі ў свой час, у іншы час — Авечкін. І іх нельга параўноўваць.

— Калі казаць аб трэнерах, пад чыім кіраўніцтвам вы марылі б згуляць?

— Гэта, мабыць, самае складанае пытанне. Кожны год з'яўляецца нехта, з кім цікава было б папрацаваць. Наогул, трэнер — гэта адзін з ключавых фактараў у станаўленні хакеіста, ён адыгрывае вельмі вялікую ролю. Мой дзіцячы трэнер Аляксандр Мікалаевіч Супрун уклаў многае, сварыўся нават за адзнакі ў школе, прыдумляў пакаранні за гэта на трэніроўках. Ён стараўся, каб з дзяцей атрымаліся добрыя не толькі хакеісты, але і людзі. А ключавую ролю ў маёй кар'еры, безумоўна, адыграў Дзмітрый Краўчанка, ён даў мне шанц аднавіць сваю кар'еру. калі б Дзмітрый Аляксандравіч своечасова не паверыў у мяне, я, можа б, ужо скончыў з хакеем, і жыццё склалася б па-іншаму.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.