Вы тут

Як у Мінску святкавалі Дзень танкістаў


У другой палове дня ў нядзелю парк Перамогі ў Мінску ператварыўся ў адну вялікую забаўляльную пляцоўку. Сюды ішлі тысячы людзей, каб дакрануцца да арміі ў літаральным сэнсе гэтага слова. Яны святкавалі Дзень танкістаў. Арганізатарамі свята выступілі Мінскі гарвыканкам, Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь і кампанія Wargaming.


Першае практыкаванне прапаноўвалі прайсці ваеннаслужачыя Ваеннай акадэміі. Яно было немудрагелістае – паспрабаваць падняць над галавой снарад і стаць лепшым у максімальным падняцці клін-затвора танка Т72Б. Снарад, дарэчы, аказаўся не такі і цяжкі – усяго 22 кілаграмы вагой. А вось з клін-затворам выйшла неспадзяванка. Справа ў тым, што ён важыць на 50 кілаграмаў болей, а плошча паверхні яго значна меншая, каб лягчэй размеркаваць вагу. І таму з ім маглі справіцца толькі сапраўдныя асілкі.

47 разоў “выціснуць” клін-затвор здолеў Дзмітрый Карнееў. Ён атрымаў каштоўны падарунак. Сярод прызоў – вымпел і дыск з армейскімі песнямі.

– Цяжка было? – пытаюся.

- Так, і дагэтуль вібрацыя ў руках адчуваецца. Ніколі не думаў, што магу падняць столькі разоў. Ну 25, 30 без падрыхтоўкі… Раней, год да 20, я займаўся сілавымі відамі спорту і працаваў дома на зямлі. Сам я родам з вёскі, з Крычаўскага раёна. Зараз працую на Мінскім камбінаце хлебапрадуктаў намеснікам галоўнага інжынера. Але рукі памятаюць!

Адметна, што “Армейскі плацдарм” стаў сапраўдным сямейным святам. Дзецям было цікава ўсё. І ім дазволілі абсалютна ўсё – залезці на Т-72Б3, пасядзець унутры браніраванага аўтамабіля МЗКТ 490 100, аб чым іх таты ў свой час маглі толькі марыць… Месца кіроўцы тут – найбольш папулярнае. Пасля праз адтуліну яны трапляюць на дах, дзе ўстаноўлена турэль.

Вялікая чарга выстраілася каля пляцоўкі, дзе дэманстравалася ўкладка вучэбнага парашута Д-6. Малыя з радасцю прымервалі на сябе заплечнікі.

Цікаўлюся ў аднаго з іх, ці не цяжка яму?

- Ды ў мяне ў школе партфель столькі важыць! – адказвае з усмешкай пяцікласнік Дзіма. – Таму нічога страшнага, я ўжо загартаваны…

Крыху пазней распачаліся спаборніцтвы па ўкладцы парашута на час. Гэты конкурс быў сямейны – адзін чалавек з дапамогай металічнага крука складвае стропы, другі дапамагае прасоўваць тоўсты слой тканіны ў соце да ўпору. Міхаілу Міхееву ў гэтым дапамагае яго маленькая дачка.

- Вельмі цікава тут! Інтарэс і адрэналін разам… Цяжка было запоўніць першыя дзве соты, каб зразумець прынцып, як правільна гэта робіцца. Справа ў тым, што я да сёння з парашутамі справы не меў. Паболей б было такіх ваенных забаў, каб папулярызаваць ваенную службу, выхоўваць у гэтым кірунку дзяцей. Ім жа цікава – паглядзіце толькі, як яны ўсё абляпілі!

І сапраўды, дзясяткі малых абступілі танк Т-72Б, чый экіпаж удзельнічаў у нядаўніх міжнародных Армейскіх гульнях. Тыя хлопчыкі і дзяўчынкі, якім яшчэ не споўнілася 10 год, пасля невялікай лекцыі павінны былі адказаць на 15 пытанняў, з чаго складаецца танк. Прызёраў конкурса на веданне матэрыяльнай часткі ўзнагароджваў знакаміты беларускі спявак Анатоль Ярмоленка. Лепшым стаў першакласнік Акім, які не дапусціў ніводнай памылкі. Ён прыйшоў на свята ў майцы з красамоўным надпісам - "быць маміным абаронцам".

- Армія вучыць маладога хлопца быць мужчынам, які можа абараніць сваю сям’ю, сяброў, Радзіму. Зараз моладзь даволі інфантыльная, армія бярэ на сябе не толькі патрыятычную функцыю, але і навучыць авалодаць тэхнікай, што згадзіцца ў жыцці.

І, канешне ж, як забыць пра класіку – зборку-разборку аўтамата АК-47?

- Няправільна, - кажа юнак Дзмітрый, які сочыць за тым, як 12-гадовы хлопчык разбірае аўтамат. – Трэба ў такім парадку... – і пачынае пералічваць, што за чым ідзе.

Пытаюся: адкуль такая дасведчанасць, можа, нядаўна з арміі вярнуліся ці стральбой займаецеся?

- Не, гэта ў нас у ліцэі працаваў добры выкладчык дапрызыўнай падрыхтоўкі. Запомніць парадак разбору і было самым складаным. Зборка ж ідзе ў адваротны бок. У нарматыў я ўкладваўся. А ў арміі ў нас зборку-разборку аўтамата паказваў сяржант, які апярэджваў нарматыў на 2 секунды! Дэталі там "ляталі" ў яго руках так, што ледзь не зліваліся ў адно цэлае.

Велізарнейшай папулярнасцю карысталася пляцоўка, на якой было выстаўлена ўзбраенне і ўзоры ваеннай формы вопраткі падраздзяленняў сіл спецыяльных аперацый. Чаго там толькі не было – і снайперскія вінтоўкі, і спецыяльны аўтамат, і пісталет-кулямёт, і монакуляр начнога бачання, і бронекамізэлькі, і шлемы…

Крыху далей размясціліся сувязісты. Там таксама не было адбою ад дзяцей, і не ў апошнюю чаргу іх дзівіла тое, што можна размаўляць паміж сабой не толькі па мабільніку, але і па радыёстанцыях і палявых тэлефонных апаратах, карыстацца камутатарам... Што ж зробіш, тэхнічны прагрэс “выбіў” з дамоў кароткахвалевыя радыёпрыёмнікі, а сучаснае FM-радыё з больш “чыстым” прыёмам зноў жа змяшчаецца ў смартфоне. Назіраючы за тым, як дзеці перагаворваюцца адзін з адным па радыёстанцыях, чамусьці згадалася сцэна з фільма “ТАСС упаўнаважаны заявіць”, дзе перадавалі шыфр – “Трыанон, Трыанон…”

Сувязісты таксама праводзілі свой конкурс – хто хутчэй збярэ апаратуру для сувязі і перадасць паведамленне? Лепшым стаў мінскі чацвёртакласнік Павел Лісіца. Ён атрымаў у падарунак гадзіннік ад Міністра абароны.

- Мне спадабалася настройваць частоты, падключаць кабелі, несці катушку з кабелем, падаваць сігнал з тэлефона на радыёстанцыю. Усё гэта так захапляльна! І пасля сённяшняга свята я вельмі хачу, калі стану дарослым, адслужыць у войску.

Святочная праграма працягвалася па ўсім парку Перамогі.

Свята скончылася салютам. У тым ліку - і ў гонар тых танкістаў, якія няспынна абараняюць Радзіму. Нагадаем, што зараз у Беларусі праходзіць буйное камандна-штабное вучэнне, у якім задзейнічана каля 7 з паловай тысяч вайскоўцаў і каля 260 адзінак бранятэхнікі.

Валяр’ян ШКЛЕННІК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ і Таццяны ТКАЧОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.