Вы тут

Салігорск адзначыў юбілей


Салігорск адсвяткаваў 60-годдзе з дня заснавання горада. У гэтыя выхадныя ў горадзе шахцёраў прайшло мноства тэматычных мерапрыемстваў і сустрэч.


Жыхароў горада з гэтай нагоды павіншаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. «У першую чаргу гэта свята тых, хто сваёй упартай працай закладваў аснову магутнага вытворчага патэнцыялу не толькі Салігорска, але і сталічнага рэгіёна, краіны ў цэлым. У народзе кажуць, што твар горада вызначаюць яго жыхары. Шахцёры, якія стаялі каля вытокаў горада, як ніхто іншы, разумеюць каштоўнасць прынцыпаў, на якіх будуецца суверэнная Беларусь, — сумленнасць, справядлівасць, прыстойнасць, важнасць захавання міру і бяспекі ў нашай дзяржаве», — адзначалася ў віншаванні.

Ад­крыц­цё ме­ма­ры­яль­най дош­кі Ана­то­лю Се­лі­ва­на­ву.

Словы ўдзячнасці салігарчанам выказаў і старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч. У лісце, які зачытаў генеральны дырэктар Іван Галаваты, падкрэсліваецца значны ўклад прадпрыемства ў эканоміку Беларусі. Падчас афіцыйнай цырымоніі святкавання старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Анатоль Ісачанка ўзнагародзіў ганаровымі граматамі аблвыканкама супрацоўнікаў ААТ «Беларуськалій».

У пятніцу, 24 жніўня, адбылася ўрачыстая цырымонія на Алеі Славы. На цырымоніі прысутнічалі сваякі Аляксандра Дзіуліна, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны. Былі адкрыты мемарыяльныя дошкі пісьменніку Аляксею Кулакоўскаму і Герою Сацыялістычнай Працы Анатолю Селіванаву. Месцам урачыстасцяў у пятніцу стала Салігорская раённая ДЮСШ па гульнявых відах спорту «Шахцёр». Адкрылі канцэрт выступленні беларускіх артыстаў, у тым ліку саміх работнікаў прадпрыемства. Падарункам для прысутных стала выступленне расійскага гурта «Любэ».

Асноўныя мерапрыемствы прайшлі ў суботу і нядзелю. Да 60-годдзя «Беларуськалія» і Дня шахцёра адбылося яркае карнавальнае шэсце. Па галоўнай плошчы прайшлі прадстаўнікі ўсіх прадпрыемстваў Салігорска. Увечары ў суботу адбыўся святочны гала-канцэрт для жыхароў і гасцей горада з удзелам вядомых беларускіх і расійскіх выканаўцаў, у нядзелю — канцэрт артыстаў беларускай эстрады і Прэзідэнцкага аркестра Беларусі.

У гонар свята ў Салігорску адкрылі новую паліклініку.

Таццяна ТКАЧОВА

г. Салігорск

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.