Вы тут

Новыя героі для народнага песняра*


Легендарны дзед Талаш, услаўлены Якубам Коласам у аповесці «Дрыгва», не ведаў, якія казачныя скарбы хавае яго петрыкаўская зямля. Народны герой Беларусі, актыўны ўдзельнік партызанскага руху ў гады белапольскай акупацыі і Вялікай Айчыннай вайны проста па-геройску бараніў свой край ад захопнікаў. Ужо ў нашы часы на Петрыкаўшчыне адкрыты велізарныя запасы калійнай солі, і сёння тут разгортваецца гіганцкая будоўля — узводзіцца горна-ўзбагачальны камбінат. У цэнтры падзей добра знаёмы чытачам нашай газеты калектыў ААТ «Трэст Шахтаспецбуд», са справамі якога мы імкнёмся знаёміць пастаянна. У перадсвяточным інтэрв'ю на пытанні «Звязды» адказваюць кіраўнікі трэста. Чаму перадсвяточным? У гэтыя дні Салігорск, дзе базіруецца трэст і ў развіццё якога ўносіць немалы ўклад, і яго буйнейшае градаўтваральнае прадпрыемства ААТ «Беларуськалій» адзначаюць сваё 60-годдзе.


Скульп­тур­ная кам­па­зі­цыя ка­ля ўва­хо­да  ў га­лоў­ны бу­ды­нак ААТ «Трэст Шах­тас­пец­буд»  у го­нар бе­ла­рус­кіх гар­ня­коў.

Прадстаўляем калектыў

ААТ «Трэст Шахтаспецбуд» — адно з нямногіх у свеце прадпрыемстваў, якія выконваюць унікальныя па сваёй складанасці работы, што не маюць аналагаў па аб'ёмах і канструкцыйных рашэннях. Ажыццяўляе будаўніцтва аб'ектаў прамысловага і грамадзянскага прызначэння, уключаючы праходку вертыкальных шахтавых ствалоў і гарызантальных горных выпрацовак у складаных горна-геалагічных умовах. А таксама будаўніцтва, абслугоўванне і рамонт аб'ектаў прамысловага і грамадзянскага прызначэння. Узводзіць аб'екты капітальнага будаўніцтва і земляныя інжынерныя збудаванні, пракладвае дарогі, манціруе трубаправоды і тэхналагічнае абсталяванне.

На постсавецкай прасторы з'яўляецца лідарам па ўзвядзенні шахтавых ствалоў спецыяльным спосабам. За плячыма калектыву — якасна пройдзеныя ствалы: па два на Чырвонаслабодскім і Бярозаўскім рудніках, столькі ж у туркменскім Гарлыку. І вядзецца праходка двух ствалоў на Петрыкаўскім ГУКу.

За мяжой складаныя тэхналагічныя праекты рэалізаваны трэстам у Расіі, Украіне, Латвіі, Туркменістане. У Беларусі з яго ўдзелам пабудаваны ўсе прадпрыемствы горназдабываючага комплексу.

Задача нумар адзін

Слова старшыні савета дырэктараў трэста, кандыдату тэхнічных навук Валерыю СТАРЦАВУ.

— Паспрабуем з вашай дапамогай, Валерый Мікалаевіч, сфармуляваць задачу нумар адзін для калектыву на сённяшні дзень. Калі не памыляемся, Петрыкаў?

— Вы не памыляецеся, безумоўна, Петрыкаў. І гэта нават не проста задача, а стратэгічная задача. Падчас мінулай нашай сустрэчы я расказваў вам, што трэст выйграў тэндар на будаўніцтва шахты — вертыкальных ствалоў, падземнай часткі і паверхневых работ. Так што ў Петрыкаве будзем выконваць велізарны аб'ём усіх работ.

Работы ўжо вядуцца, ажыццяўляецца праходка двух ствалоў — скіпавага і грузавога, для перамяшчэння грузаў і людзей, ён пакуль выконвае і функцыю вентыляцыйнага. З цягам часу будзе і трэці, чыста вентыляцыйны.

Прыродаахоўныя мерапрыемствы ў асноўным выконваем таксама мы. Ужо ўзвялі, у прыватнасці, солеадвал, а аб'ект складаны. Наша задача — каб не прасочваліся расолы. Выканалі і абсалютна новую для сябе работу — забівалі велізарную колькасць буранабіўных паляў. Закупілі для гэтага спецыяльнае абсталяванне, якое дазволіла за кароткі тэрмін на былым балоце выконваць любыя па складанасці работы з найвышэйшай якасцю. Зараз займаемся шламасховішчам.

На Петрыкаўскім ГУКу працуе і наша новае горна-шахтавае абсталяванне, частку яго (пад'ёмныя машыны) закупіў «Беларуськалій». Шмат чаго вырабілі самі: і секцыйную апалубку для ўкладкі бетону, і рабочыя палкі (пляцоўкі), шківы, капры...

Завершыць вертыкальныя ствалы мы павінны ў наступным годзе, 250 метраў яшчэ патрэбна ісці. Недзе на глыбіні 800—810 метраў адбудзецца наша сустрэча з калійным гарызонтам, і пачнём займацца гарызантальнымі работамі. Там праходчыкі — хто на камбайнах, хто бура-ўзрыўным спосабам — прыступяць да выпрацоўкі каляствольнага двара, камер вялікага сячэння. І зоймуцца выпрацоўкай галоўных кірункаў, а далей — панельнымі выпрацоўкамі, каб манціраваць абсталяванне для выемкі карысных выкапняў.

Панарама будоўлі Петрыкаўскага ГУКа.

Варта мець на ўвазе, што ў Беларусі раней мы будавалі толькі руднікі, а тут, у Петрыкаве, пачалося ўзвядзенне горна-ўзбагачальнага камбіната з усёй інфраструктурай, дзе будзе поўны закончаны вытворчы цыкл: здабыча, пад'ём карыснага выкапня з зямлі, абагачэнне і адпраўка спажыўцам. Якасць руды — прыкладна ад 25 да 32 працэнтаў карыснага рэчыва. І самае галоўнае — там вялікія яе залежы, некалькі прадукцыйных пластоў.

— І ўсё ж, у чым складанасці новабудоўлі ў Петрыкаве?

— Галоўная складанасць заключаецца ў тым, што радовішча вельмі моцна абводненае, і абводненасць дасягае глыбіні 500 метраў. Балоцістая мясцовасць (раней тут былі ведаеце якія балоты! Хоць яны і асушаныя за савецкія часы) і буйная рака Прыпяць побач. Спатрэбілася выконваць спецыяльныя гідратэхнічныя мерапрыемствы па паніжэнні ўзроўню вады. Пры праходцы вертыкальных ствалоў давялося замарожваць гэтыя пароды. І прымяняць трохслойнае мацаванне (ахову) — перадавы бетон, чыгунныя цюбінгі і гідраізаляцыйны матэрыял, каб вада не трапіла ў ствол. Бо для любой калійнай шахты гэта фініш. Чым тлумачыцца і вялікі аб'ём тампанажных работ. Сёння мы адзіныя ў свеце, каму даводзіцца выконваць такія аб'ёмы ахоўных мерапрыемстваў і хто іх выконвае з такой акуратнасцю, пільнасцю і такой якасцю. Затое колькі ствалоў ні рабілі, ніводзін не працёк. Гэта вялікая заслуга інжынерна-тэхнічных работнікаў, рабочых, усяго калектыву. Мы ганарымся сваімі праходчыкамі, яны зараз спаборнічаюць паміж сабой на ствалах, абедзве брыгады працуюць высокаэфектыўна, маем права імі ганарыцца.

Сёння трэстам назапашаны сур'ёзны вопыт у праходцы вертыкальных ствалоў, і нейкіх непераадольных перашкод няма. Калі раней рэкорднымі лічыліся 40—45 метраў праходкі ў месяц, то зараз 60 — гэта планавыя, а рэкорд — калі 80.

— Вы закранулі тэму якасці. Ваш калектыў славіцца менавіта такім узроўнем работ. Чым дабіваецеся высокай якасці?

— У першую чаргу такі ўзровень забяспечвае падрыхтаваны персанал, пачынаючы ад рабочага і інжынерна-тэхнічных работнікаў і далей. Наша школа складвалася гадамі. За ёю стаіць вялікая карпатлівая работа.

Сфарміравалі высокапрафесійны аддзел якасці, які сочыць за кандыцыйнасцю бетону, металаканструкцый, самімі работамі. Смела можна сказаць, што гэта людзі, якія вызначаюць якасць нашага жыцця. Рэкламацыі з боку заказчыка, калі яны здараюцца, выклікаюць самыя жорсткія разборкі. А за высокую якасць работ прэміруем, і гэта сур'ёзна стымулюе працу і дзейнічае нават лепш, чым спагнанні.

— Акрамя Петрыкава ў вас вялікі аб'ём работы на аб'ектах «Беларуськалія»?

— На калійным гіганце сканцэнтравана амаль 98 працэнтаў аб'ёмаў нашых работ. У апошнія гады «Беларуськалій», можна сказаць, заваяваў сусветны рынак калійных угнаенняў. Узраслі аб'ёмы продажу, а каб атрымаць больш за 10 мільёнаў тон угнаенняў для пастаўкі за мяжу, патрэбна пералапаціць 50—55 мільёнаў тон руды. І яны засяродзілі сваю ўвагу на галоўным. Раней яны самі рыхтавалі шахтавыя палі, зараз гэта даручана нам.

З найбольш заўважнага, што зроблена намі апошнім часам дома, — праход праз тэктанічны разлом на Чырвонаслабодскім рудніку. Гэта было не толькі складана, але і небяспечна. Кансультавалі навукоўцы з інстытута «Белгархімпрам» з удзелам навукоўцаў «Беларуськалія».

— Пракаментуйце, калі ласка, інфармацыю аб будаўніцтве ў перспектыве Дарасінскага рудніка.

— Зараз «Беларуськаліем» разглядаецца пытанне аб узвядзенні Дарасінскага рудніка для падтрымання руднай базы трэцяга рудаўпраўлення. Аб'ём вытворчасці ў «Беларуськалія» вельмі высокі, і рудная база дастаткова хутка выпрацоўваецца. І менавіта Дарасінскі руднік прадоўжыць жыццё трэцяга рудаўпраўлення яшчэ мінімум на 30—35 гадоў.

— Валерый Мікалаевіч,  але ў Беларусі рэалізуецца яшчэ адзін значны праект — расійскай кампаніяй «Слаўкалій». Гэта будаўніцтва горна-ўзбагачальнага камбіната на Нежынскім радовішчы калійных соляў. Чаму вы не ўдзельнічаеце ў яго ўзвядзенні?

Ускрыты чацвёрты калійны гарызонт другога рудаўпраўлення.  Злева направа: намеснік генеральнага дырэктара М. М. СКРЫПНІК,  галоўны інжынер трэста А. А. ЗУБАЎ, генеральны дырэктар Д. А. ДЗІУЛІН.

Удзельнікі падзеі —  машыніст горных выемачных машын Арцём КАСТЭНКА  і горнарабочы Аляксей ЛІХАЧОЎ.

— Так, гэта дзіўна і для нас. Мы — беларускае прадпрыемства, з сусветным іменем, але нас нават на апошні тэндар не запрасілі. Вынікі яго таксама збянтэжылі — выйграў нямецкі машынабудаўнічы канцэрн Herrenknecht сумесна з кампаніяй «Дайльман Ханіэль», якія будуць весці работы на нашай зямлі. І гэта пры наяўнасці сваёй, беларускай кампаніі, якая мае велізарны вопыт работы пры будаўніцтве вертыкальных ствалоў у найскладанейшых горна- і гідрагеалагічных умовах. З улікам таго, што мы ведаем мясцовыя ўмовы і маем у наяўнасці ўласную рабочую сілу, мы выконвалі б работы танней і больш якасна.

Што ж робяць гэтыя нямецкія кампаніі, не маючы ўласнага абучанага персаналу? Яны проста пераманьваюць інжынерна-тэхнічны і рабочы персанал ААТ «Беларуськалій» і ААТ «Трэст Шахтаспецбуд», прапануючы нечуваныя зарплаты. Што дэстабілізуе работу ў нашых калектывах. І гэта няправільна. У сябе ў краіне мы павінны будаваць самі, тым больш што мы ўжо даказалі сваю здольнасць выконваць работы любой складанасці.

— Сталіца шахцёрскага краю адзначае юбілей...

— У рамках падрыхтоўкі да юбілею мы прынялі матэрыяльны ўдзел у мерапрыемствах па добраўпарадкаванні горада, а таксама ў адкрыцці трох мемарыяльных дошак. Адкрываем барэльеф і дошку першаму на Салігоршчыне Герою Сацыялістычнай Працы А. В. Селіванаву — чалавеку, які пабудаваў шаснаццаць шахтавых ствалоў. І памятную дошку з барэльефам беларускаму савецкаму пісьменніку Аляксею Кулакоўскаму, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі БССР, нашаму земляку — ён родам з вёскі Кулакі Салігорскага раёна.

А на Алеі Славы раёна — барэльеф ветэрана-калійшчыка А. І. Дзіуліна, дзеда нашага генеральнага дырэктара. Ён узнагароджаны ордэнамі салдацкай Славы трох ступеняў, што прыраўноўваецца да звання Героя Савецкага Саюза.

Паставілі прыгожы помнік шахцёрам перад уваходам у галаўны офіс трэста, рабілі яго самі, на даччыным прадпрыемстве.

— Як вы асабіста ўспрынялі прысваенне ганаровага звання «Заслужаны шахцёр Беларусі»?

— Кіраўніку дзяржавы, калі ён уручаў мне ганаровы знак, сказаў: «Аляксандр Рыгоравіч, дзякуй за павагу да шахцёрскай працы». Ён быў на рудніках «Беларуськалія», спускаўся ў шахту і ведае цану працы шахцёра. Што я мог яшчэ сказаць? Мне зараз 63 гады. І калі так кіраўнік дзяржавы ацаніў мае заслугі, значыць, свой уклад у развіццё горнай галіны краіны я ўнёс.

— Ваш калектыў таксама развіваецца?

— Амаль тры гады назад, калі мы з вамі сустракаліся, у нас было 1500—1550 чалавек. Сёння ўжо 2400. Развіваемся і колькасна, і якасна. На працу прымаем у асноўным спецыялістаў.

— Вы яшчэ і старшыня савета валейбольнага клуба «Шахцер».

— У наступным годзе клубу споўніцца 20 гадоў. З таго часу, як я пачаў займацца яго справамі, клуб чатыры разы быў бронзавым прызёрам, тры разы сярэбраным прызёрам і два апошнія гады заваёўваў залатыя медалі на чэмпіянатах Рэспублікі Беларусь. Збіраемся і сёлета змагацца за залатыя медалі. У нас задача — выйграць кубак краіны.

Мовай лічбаў

Сваю дзейнасць калектыў пачаў у 1977 годзе, і за гэты час пройдзены гарызантальныя горныя выпрацоўкі агульнай працягласцю 2500 км.

Пабудавана шэсць вертыкальных ствалоў агульнай глыбінёй 3278,5 метра.

Зманціраваны канвеерныя лініі агульнай працягласцю больш за 200 км.

Дасягнуты рэкордныя тэмпы праходкі вертыкальнага ствала — 81 м/месяц.

Забяспечана рэкордная дакладнасць збойкі горных выпрацовак з вертыкальнымі стваламі пры аддаленні іх адзін ад аднаго на 12 км (сустрэчная праходка, Бярозаўскі руднік) — не больш за 5 см.

Слова сваё трымаем

Генеральны дырэктар трэста Дзяніс ДЗІУЛІН вярнуўся з нарады ў райвыканкаме, прысвечанай юбілею горада, і далучыўся да размовы. Расказваючы пра надзённае, Дзяніс Аляксандравіч палічыў неабходным успомніць і пра экспарт паслуг. Прызнаёмся: тое, што ён паведаміў, было для нас новай інфармацыяй.

— Развіваючы экспарт сваіх паслуг, заключылі ў Мурманскай вобласці кантракт на супрацоўніцтва з Кіраўскім філіялам ФОСАГРА АТ «Апатыт». Разумеем, што гэта не толькі валюта ў краіну, але яшчэ і імідж фірмы, і новы вопыт для кадраў. Прадпрыемства вельмі сур'ёзнае, такое ж, як і «Беларуськалій». Раней на Кольскім паўвостраве ў нас было сваё шахтабудаўнічае ўпраўленне, добрая слава пра нас засталася. І калі знакаміты «Апатыт» звярнуўся з просьбай дапамагчы, згадзіліся, нават адкрылі свой філіял. Да нас прыязджалі іх кіраўнікі, пазнаёміліся з нашымі магчымасцямі, пабывалі на рудніку «Беларуськалія» і будаўніцтве Петрыкаўскага ГУКа.

У выніку ў нас на «Апатыце» — падрад на горныя работы: выступаем генпадрадчыкам па падземным будаўніцтве і рамонце. Робім драбільны комплекс, які дазволіць на 30 працэнтаў павялічыць магутнасць іх Кіраўскага рудніка. І ў перспектыве новы кантракт з імі — па замене арміроўкі ствалоў, камунікацый у ствалах і капрах. Сёння яны пашыраюць распрацоўку радовішча і прапануюць нам таксама паўдзельнічаць у будаўніцтве двух руднікоў і выкананні некаторых іншых сур'ёзных доўгатэрміновых праектаў. Там дастаткова цвёрдыя пароды, затое адсутнічае водапрыток, што аблягчае задачу.

— Вернемся да спраў дамашніх. Дзяніс Аляксандравіч, ці адрозніваецца Петрыкаў ад усяго, што было раней?

— Адрозніваецца перш за ўсё дыяметрам сваіх ствалоў. Усе ствалы, якія пабудаваны ў Салігорску, маюць дыяметр 7 метраў. У Петрыкаве — 8, каб павялічыць памеры пад'ёмнага абсталявання і наогул прадукцыйнасць ствалоў. Трактар МТЗ-80 заязджае ў клець без разборкі і адразу трапляе ў забой. Другое адрозненне — глыбіня. Такіх глыбокіх ствалоў на Старобінскім радовішчы яшчэ не было — больш за 800 метраў.

Спосабам праходкі. Пра гэта скажу крышку ніжэй.

І адрозніваюцца цюбінгавыя калоны: іх памеры не 300, а 500 метраў, бо больш магутныя ваданосныя пласты. Пры праходцы яны замарожваюцца, а ўжо потым устанаўліваюцца цюбінгавыя калоны. А паколькі дыяметр ствалоў большы, то большая колькасць замарожваючых свідравін —  ад 30 да 40.

На ўчаст­ку вы­твор­час­ці, дзе вы­раб­ля­юць ме­та­ла­кан­струк­цыі гор­на-шах­та­ва­га аб­ста­ля­ван­ня.

— У адным сваім інтэрв'ю пра Петрыкаў вы сказалі: «Мы зробім усё, каб з першых крокаў гэта была самая сучасная будоўля. Пакажам самае лепшае, што ўмеем. І з пункту гледжання тэхналогій, і па стварэнні ўсіх магчымых спрыяльных умоў працы». Атрымліваецца?

— Калі паабяцалі, то абавязкова атрымаецца. Для пачатку мы пабілі ўласны рэкорд: калі раней рабілі 61,5 метра праходкі ствала сяміметровага дыяметра, то на гэты раз у складаных горных і гідралагічных умовах прайшлі 81 метр. Калі прыраўнаваць да ствала ранейшага дыяметра, то наогул атрымаецца 104 метры. Паказалі сапраўднае майстэрства, прадэманстраваўшы высокія тэмпы і якасць праходкі.

У Петрыкаве адразу далі сябе адчуць праблемы прыроднага характару: пайшлі водапатокі да 2500 кубоў у гадзіну, і давялося закрывацца цюбінгамі. Да гэтага работы вяліся цыклічна: праходка, бетон, а ўжо потым цюбінгі. Зараз мы выконваем работы паралельна: вядзецца праходка і адначасова тампанаж з прымяненнем цюбінгаў. Атрымалі магчымасць адначасова рабіць і праходку, і мантаж. Гэта ўжо іншая складанасць і іншы клас работы. На новы ўзровень дазволілі выйсці напрацаваны вопыт і зладжанасць калектыву.

У нас вельмі моцная інжынерная служба, мае досвед праходкі не толькі вертыкальнай, але і гарызантальнай.

Вы ўжо ведаеце, што гэтымі днямі намі ўскрыты чацвёрты гарызонт другога рудніка, які дазволіць прадоўжыць яго жыццё да 20 гадоў. А гэта сапраўдны падарунак для эканомікі краіны. Раней такога не было: не хапала сродкаў ці тэхнічных магчымасцяў, і на ўсіх рудніках аб'яднання вялася распрацоўка другога і трэцяга гарызонтаў, найбольш багатых на карысныя выкапні. А першы і чацверты пакідалі «на потым». Зараз час прыйшоў, «Беларуськалій» даверыў нам гэтую работу, і мы не падвялі. Чакаюць сваёй чаргі чацвёртыя гарызонты з нядрэннай якасцю руды і на другіх рудніках. Значыць, будзе работа ва ўзбагачальнай фабрыкі.

Задача на перспектыву — ускрыццё першага калійнага гарызонту. Праект разглядаецца, вядзецца геалагічная разведка.

Мы наогул удзельнічаем ва ўсіх знакавых падзеях жыцця «Беларуськалія». Суровую школу Гарлыка таксама прайшлі разам.

Ма­та­рыст бе­то­наз­мя­шаль­най уста­ноў­кі Аляк­санд­ра ЧЭ­РА­ВА­КА за пуль­там кі­ра­ван­ня  тэх­на­ла­гіч­ны­мі пра­цэ­са­мі.

— Салігорск для вас — гэта толькі месца, дзе знаходзіцца ваша асноўная вытворчая база, «спальны раён», ці нешта іншае?

— Мае бацькі прыехалі сюды разам са сваімі бацькамі на камсамольскую будоўлю. Яны тут вучыліся, пазнаёміліся, стварылі сям'ю, тут я нарадзіўся. У Салігорску закончыў школу і вучылішча, застаўся працаваць. У мяне адзіны запіс у працоўнай кніжцы — ААТ «Трэст Шахтаспецбуд», якому аддаў 22 гады. А наш трэст — другое градаўтваральнае прадпрыемства пасля ААТ «Беларуськалій», другі па аб'ёмах падаткаплацельшчык. Для мяне гэта ўсё непадзельнае: горад Салігорск, два яго буйнейшыя прадпрыемствы і маё жыццё. Лічу, што мне пашанцавала — удзельнічаць у найбуйнейшых падзеях рэгіёна, такіх як узвядзенне новых руднікоў, ускрыццё новых гарызонтаў. І сустрэць юбілей роднага горада.

Шчыра віншую жыхароў Салігорска з юбілеем і Днем шахцера. Асаблівыя мае віншаванні ўсім работнікам партнёрскага калектыву «Беларуськалія», персанальна генеральнаму дырэктару Івану Іванавічу Галаватаму. Беларускай калійнай кампаніі ў асобе генеральнага дырэктара Алены Аляксандраўны Кудравец. Усё, што летась напрацавалі салігорскія шахцёры для продажу за мяжой, БКК паспяхова рэалізавала.

Вя­ду­чы ін­жы­нер ад­дзе­ла кант­ро­лю якас­ці Ма­ры­на ЛА­ПАТ­КО  змя­шчае ўзо­ры бу­даў­ні­чых ма­тэ­ры­я­лаў у ка­ме­ру з мік­ра­клі­ма­там.

Не абышлося і без нашага ўдзелу. Каб не паўтараць вядомыя факты, назаву толькі адзін: сёння ў забоях побач з тэхнікай «Беларуськалія» працуюць 16 нашых праходчых камбайнаў. Таму з асаблівым задавальненнем віншую са святам і ўласны калектыў, які заслугоўвае самых цёплых слоў, і ўсе партнёрскія арганізацыі шахцёрскай сталіцы. І жадаю ўсім шахцёрскага здароўя, агульначалавечага шчасця, далейшых поспехаў.

І хачу пажадаць жыхарам Салігорска нараджаць больш дзетак, каб было каму пакінуць такую багатую спадчыну.

х х х

Як бачым, новы час называе імёны новых герояў. Калі б народны пясняр з'яўляўся нашым сучаснікам, жыў сярод нас, у яго быў бы шыкоўны выбар.

Работнікі праходчай брыгады Д. Грабянька, якая на ўзвядзенні Петрыкаўскага ГУКа дасягнула рэкордных тэмпаў праходкі ў восемдзесят пагонных метраў гатовага ствала ў месяц.

Гутарыў Уладзімір ХІЛЬКЕВІЧ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА і з архіва прадпрыемства

УНП 600122529

*На правах рэкламы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.