Вы тут

Уладзімір Цвірка. Чашнікі


Тры ракі збягаюць пад сцены гэтага горада. З поўдня імкнуцца сюды невялікія рэчкі Усвейка і Лукомка, з поўначы — больш паўнаводная Ула. Рэк вялікіх і малых неверагодная колькасць на абшарах нашай бацькаўшчыны. Але тут, у ваколіцах Чашнікаў, ёсць цікавая асаблівасць: рэкі сустракаюцца. Пра гэта нават захавалася легенда.


…У тыя часы, калі продкі нашы засялялі зямлю яшчэ плямёнамі, жылі тут непадалёк адна ад адной тры абшчыны. У кожнай з іх захавальніцай свяшчэннага агню, старэйшай жрыцай, была жанчына — вайдалотка. І вось аднойчы сустрэліся яны на месцы, дзе цяпер стаіць горад. Каб вырашыць, хто мацнейшы ў варажбе ды валоданні рознымі сіламі прыроды. Колькі іх спаборніцтва доўжылася, сказаць цяжка, але ўрэшце перарасло ў простую славесную спрэчку, ды такую, што да бойкі недалёка. Пачуў гэты лямант бог Пярун, які толькі-толькі лёг адпачыць. Варочаецца, заснуць не можа — сварку жаночую ажно ў нябесных пакоях чуваць. Раззлаваўся і пераўтварыў вайдалотак у рэкі: шум вады не раздражняе, а супакойвае. Але жанчыны працягвалі спрачацца. Магчыма, толькі самая разумная з іх, Ула, павярнула свае воды прэч ад гаварлівых суседак…

І сапраўды, сустрэўшыся пад Чашнікамі з Усвейкай ды Лукомкай, рака Ула рэзка паварочвае назад і бяжыць у той бок, адкуль толькі што прыбегла. Згодна са старажытнай легендай.

А вось што кажуць пісьмовыя сведкі мінулага. У пачатку XVI стагоддзя горад Чашнікі быў адным з найбуйнейшых у Полацкім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага. Гэта значыць, што да яго ўзросту смела можна дадаць яшчэ стагоддзі два. Валодалі гэтымі землямі такія вядомыя роды ВКЛ, як Лукомскія, Радзівілы, Кішкі, Друцкія, Саколінскія, Сапегі, Слушкі ды іншыя. У сярэдзіне XVI стагоддзя падымаюцца магутныя сцены драўлянага замка. Прыкладна ў 1708 годзе ён быў спалены войскамі Пятра І. Паміж Чашнікамі і паселішчам Іванск, на берагах ракі Улы, у 1564 годзе адбылася знакамітая бітва. Войскі ВКЛ пад кіраўніцтвам вялікага гетмана Мікалая Радзівіла (Рудага) ўшчэнт разбілі дваццацічатырохтысячную армію маскавітаў. А ў 1567 годзе гетман Раман Сангушка перамог войска татараў, а затым і рускае войска, якое разам з татарамі вяло спусташальныя набегі на паселішчы і гарады нашай дзяржавы.

На месцы драўлянага абаронцы горада — Чашніцкага замка — у 1664 годзе на сродкі Слушкаў збудавалі дамініканскі кляштар з велічным касцёлам. У 50-я гады ХХ стагоддзя ўсе пабудовы гэтага комплексу ўзарвалі, а праз некалькі гадоў знеслі.

З 1785 года ў мястэчку існавала каменная Праабражэнская царква. Як выглядаў горад з такімі архітэктурнымі дамінантамі, можна ўбачыць на некалькіх малюнках мастака Напалеона Орды. Яго работы датуюцца 1876 годам. Гэта тое, што не захавалася, а вось Чашніцкі канал, які быў пракладзены ў 1805 годзе, захаваўся ў сваіх берагах. Кажуць, што калісьці гэта было ўлюбёнае месца шпацыраў гарадскога люду, які не толькі бавіў час, гуляючы каля бярозавых прысадаў канала, але мог паглядзець, як працуе некалькі вадзяных шлюзаў, прапускаючы па канале невялікія гандлёвыя караблі-стругі, якія тут жа ў горадзе, у майстэрнях пры прыстанях, і будавалі.

Упрыгожвае горад забудова, якая захавалася з ХІХ стагоддзя, хаця гандлёвыя рады былі трохі сапсаваныя перабудовай. Тут вылучаецца дом купца Гурэвіча. І, вядома, цагляная Праабражэнская царква, пабудаваная ў стылі класіцызму ў 1845 годзе. Але існуе яшчэ адно меркаванне, згодна з якім гэты культавы будынак узвялі значна раней, у 1785 годзе, а пасля паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага ў 1865 годзе, перабудавалі. Нават у наш час званіца над памяшканнем трапезнай змяніла свой выгляд, памеры і купал. Самы выразны элемент царквы — вынасны порцік з класічным франтонам на чатырох калонах. Ён, безумоўна, не толькі ўпрыгожвае фасад святыні, але надае ўрачыстасці і ўзнёсласці ўсёй царкве.

Чаму горад носіць такую назву? Ёсць розныя меркаванні. Вось адно з іх. Недзе ў самым пачатку XV стагоддзя пры двары вялікіх князёў літоўскіх мелася такая пасада — чашнік. У яго абавязкі ўваходзіла наліваць розныя напоі ў посуд, які ў сваю чаргу падносіў да гаспадара падчашы. Пры двары вялікага князя Аляксандра чашнікаў было некалькі. Нават у паветах неслі службу павятовыя чашнікі. Праз некаторы час пасада стала намінальнай. На падставе гэтага гістарычнага факта можна меркаваць, што, магчыма, у свой час гэтым паселішчам валодаў чашнік вялікага князя.

Развітваюся з Чашнікамі з добрымі пачуццямі. Але ў Віцебскую вобласць з задавальненнем яшчэ не раз вярнуся.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.