Вы тут

Таццяна Фіцнер. Жаночая эмансіпацыя праз прызму беларускай літаратуры


Жаночая эмансіпацыя (эмансіпацыя — «вызваленне ад якой-небудзь залежнасці» [1]) — гэта прадастаўленне жанчынам раўнапраўя ў грамадскім, працоўным і сямейным жыцці; імкненне да роўных правоў мужчын і жанчын.


Даследчыкі-сацыёлагі, што аналізуюць савецкія гендарныя адносіны, вылучаюць у іх чатыры перыяды. Нас у дадзеным даследаванні цікавіць першы, паслярэвалюцыйны, межы якога — 1918 — пачатак 1930-х гадоў. «Кон вызначае яго як перыяд бальшавіцкага эксперыментавання ў сферы сексуальнасці і сямейна-шлюбных адносін. Гейл Лапідус называе яго перыядам палітычнай мабілізацыі жанчын, або перыядам жанаддзелаў. У цэлым бальшавіцкі перыяд можа быць прадстаўлены як гендарная палітыка рашэння жаночага пытання з дапамогай дэфаміліалізацыі і палітычнай мабілізацыі жанчын», — зазначаюць расійскія навукоўцы [2, с. 304]. (Дэфаміліалізацыя — «магчымасць годнага жыцця незалежна ад шлюбнага статусу, наяўнасці сям’і і характару ўнутрысямейных адносін, што дасягаецца пасродкам занятасці або сацыяльнага забеспячэння» [3]).

Нягледзячы на тое, што праграма вырашэння «жаночага пытання ў Беларусі, як і ў СССР», сфармуляваная ў 1920-я гг., была на той час «прагрэсіўнай і ліберальнай», сёння відавочна, што практыка яго вырашэння «з’явілася адной з самых вялікіх гістарычных містыфікацый» [4]. Замест эмансіпацыі савецкая жанчына атрымала трайную (дом, праца, грамадскія абавязкі) і часта непасільную нагрузку, пры гэтым так і не атрымаўшы «права рэальна вызначаць свой лёс» [4]. Каб зразумець гэта, патрэбен быў час, а ў 20-я гады мінулага стагоддзя (прынамсі, у арганізатараў) была вера ў магчымасць рэалізацыі такога праекта.

«Сведкамі» ажыццяўлення афіцыйнай гендарнай палітыкі ў Савецкай краіне з’яўляюцца, акрамя дырэктыўных дакументаў партыі і дзяржавы, прававых актаў рознага ўзроўню, дакументаў грамадскіх арганізацый, афіцыйных СМІ і інш., мастацкія тэксты, напісаныя ў той час. Адразу варта зазначыць, што праблема жаночай эмансіпацыі мала даследаваная беларускімі пісьменнікамі ў 20-я гады ХХ стагоддзя. Магчыма, патрэбен быў час для яе асэнсавання, а яго якраз і бракавала маладой беларускай літаратуры (30-я, а потым і 40-я гады адцягнулі ўвагу пісьменнікаў ад гэтай тэмы па прычыне вядомых гістарычных падзей). Героем часу і адпаведна галоўным персанажам твораў мастацкай літаратуры па-ранейшаму быў мужчына. Тыя нешматлікія творы, у якіх усё ж прадстаўлены вобраз «новай жанчыны» (фармулёўка А. Калантай) [5], не з’яўляюцца лепшымі ў скарбонцы аўтараў, як правіла маладых, якія толькі заяўлялі аб сабе. Усё ж у асобных творах М. Зарэцкага, К. Чорнага, старэйшага за іх З. Бядулі гэтая праблема (хоць у большасці схематычна, аднабакова) абазначылася. Праблема жаночай эмансіпацыі асэнсоўвалася аўтарамі ў празаічных творах малой формы, напісаных у 1924—1925 гг., калі праца аддзелаў па рабоце сярод жанчын (жанаддзелаў), што ажыццяўлялі іх палітычную мабілізацыю, закранула самыя аддаленыя беларускія вёскі. Гераінямі твораў названых аўтараў сталі якраз сялянкі. Ніжэй будуць разгледжаны блізкія па ідэйнай скіраванасці і пафасе апавяданні — «Гануля» М. Зарэцкага, «Дэлегатка» З. Бядулі і «Радасць жанчыны» К. Чорнага.

Перш чым перайсці да іх аналізу, мэтазгодна ўзгадаць, што жанаддзел — партыйная структура, створаная па ўказанні ЦК РКП(б) у 1918—1920 гг. пры ўсіх ЦК нацыянальных кампартый, абласных і павятовых партыйных камітэтах. Мэтай жанаддзелаў якраз і была «барацьба за ўраўноўванне ў правах жанчын і мужчын, барацьба з непісьменнасцю сярод жаночага насельніцтва, інфармаванне аб новых умовах працы і арганізацыі сям’і» [6]. Ініцыятарам іх стварэння была Аляксандра Калантай (яна ж і Інэса Арманд сталі першымі загадчыкамі Цэнтральнага жанаддзела). Праіснавалі жанаддзелы да 1929 г. і былі прызнаныя немэтазгоднымі. Насамрэч дзяржава не мела сродкаў на ажыццяўленне іх праграм.

На думку даследчыкаў, былі і іншыя прычыны скасавання жанаддзелаў. Так, дзяржава наогул «не прызнавала наяўнасці ў жанчын спецыфічных інтарэсаў, якія б адрозніваліся ад агульнакласавых» [4]. Да ўсяго, жанаддзелы праводзілі палітыку, адрозную ад партыйнай [4], што магло прывесці да перараджэння іх у аўтаномныя арганізацыі, да ўзнікнення «феміністычных ухілаў» [2], што не ўваходзіла ў планы партыі. І, нарэшце, «гендарная палітыка дзяржавы станавілася больш жорсткай і была перагледжана ў кантэксце задач сацыялістычнай мадэрнізацыі 1930-х гадоў» [2].

Акрамя жанаддзелаў гендарная палітыка бальшавікоў з 1918 года забяспечвалася створаным зверху рухам жаночых мас — дэлегацкімі сходамі. «Дэлегаткі, згодна з квотай, выбіраліся на вытворчых сходах работніц і накіроўваліся на палітычнае навучанне, арганізаванае жанаддзеламі. Дэлегаткі праводзілі палітыку жанаддзелаў на месцах, прадстаўляючы ўзоры грамадскай актыўнасці работніц і сялянак» [2, с. 308]. Стаўленне да жанаддзелаў і дэлегацкіх сходаў было неадназначным і сярод членаў партыі, і ў іншых сацыяльных пластах. Пра гэта сведчылі пратэсты мужоў «супраць разняволення жонак», што выяўляліся ў спальванні папер жанаддзелаў, пісьмы работніц у рэдакцыі часопісаў жанаддзелаў («Работница», «Крестьянка», «Комсомолка») пра канфліктныя сітуацыі ў сям’і, у наіўнай «агітпропаўскай» прозе гэтых часопісаў [2].

Адной з мэтавых груп уздзеяння бальшавіцкай палітыкі, як зазначалася, з’яўляліся «найбольш свядомыя сялянкі» [2, с. 307], як правіла, бяднячкі, якія вымушаны былі самі клапаціцца аб сабе з-за абставін, што склаліся ў іх жыцці. Мастацкую рэалізацыю праектаў савецкай улады па разняволенні жанчын-сялянак якраз і паказалі М. Зарэцкі, З. Бядуля і К. Чорны ў згаданых вышэй апавяданнях. Менавіта такімі з’яўляюцца гераіні твораў: Гануля з аднайменнага апавядання М. Зарэцкага (1924), Аўгіня з апавядання З. Бядулі «Дэлегатка» (1925) і Ганна з апавядання К. Чорнага «Радасць жанчыны» (1925). Пры параўнальным аналізе спынімся на трох момантах: 1) мінулым гераінь, 2) пераломным моманце ў іх лёсе і 3) новай, светлай будучыні, якія, на наш погляд, дэманструюць эвалюцыю гераінь, ступень іх эмансіпіраванасці і выяўляюць тыпалагічнае падабенства твораў.

Мінулае ўсіх трох жанчын-сялянак падобнае і вызначаецца неўладкаваным асабістым жыццём, фізічна цяжкай сялянскай працай, беднасцю, не- ці малапісьменнасцю, беспрасветнасцю і нават беспрытульнасцю:

— гераіня М. Зарэцкага, маці-адзіночка Гануля, у нядаўнім мінулым бяздомная парабчанка («А цяпер Гануля — дзеўка старая. <…> І цяпер пры Ганулі дзіцёнак, хлопчык сінявокі» [7, с. 159]). З аповеду пра сябе і самахарактарыстыкі гераіні, якой яна шчыра падзялілася з прадстаўніцай жанаддзела, паўстае наступная карціна: «Нічога не маю, за кавалак хлеба хаджу на падзёншчыну. А часамі — зусім няма чаго есці. Дзіцёнак малы. <...> Я... так сабе... дзеўка... <...> Была ў нас хатка старэнькая, дык, як матуля памёрла, яна брату дасталася. А ён прагнаў мяне пасля таго (вылучана намі. — Т. Ф.)... Жыву цяпер, дзе прыйдзецца, куды пусцяць» [7, с. 159—160]. Як відаць з прыведзенай цытаты, Гануля стала бяздомнай «пасля таго», то бок пасля нараджэння пазашлюбнага дзіцяці.

З гісторыі вядома, што «адным з першых дэкрэтаў савецкай улады ў правах ураўноўваюцца дзеці, народжаныя ў шлюбе і па-за ім. Такім чынам, з права выключаецца катэгорыя незаконнанароджанага дзіцяці і змяняецца стаўленне да “пазашлюбнай маці”» [2, с. 306]. Аднак сяляне былі той сацыяльнай катэгорыяй, якая ў большасці сваёй прытрымлівалася традыцыйнага сямейна-гендарнага ўкладу, патрыярхальных нормаў, пры якіх асуджалася пазашлюбнае мацярынства. Такі падыход якраз і дазволіў брату Ганулі выгнаць сястру з бацькоўскай хаты. Праблемы, звязаныя з выхаваннем дзіцяці (і маральныя, і матэрыяльныя) кладуцца на плечы гераіні, гэта плата за неадпаведныя грамадскай норме паводзіны. Нават найменшую іх частку не прымае на сябе ні біялагічны бацька, ні родныя (у дадзеным выпадку брат) Ганулі, не дапамагае ёй (на гэтым этапе жыцця) і дзяржава. Як бачна з тэксту, на сацыяльную неўладкаванасць гераіні накладваецца і гендарная дыскрымінацыя. У адзначаны перыяд на савецкіх прадпрыемствах праводзілася палітыка сацыяльнага забеспячэння жанчыны. Клопат аб дзецях бралі на сябе савецкія выхаваўчыя ўстановы. Правы жанчыны-маці забяспечваліся магчымасцю адпаведнага звароту ў суд з мэтай прызначэння аліментаў дзіцяці ад бацькі, пры гэтым бацькоўства вызначалася па заяве маці. І такая практыка мела месца, але гэта наўрад ці тычылася вёсак.

Мінулае Аўгіні З. Бядулі — руплівай «старой гаспадыні», прыкутай да печы, адчайна цярплівай, неадукаванай ды абмежаванай — выпісана на яе твары, які «прывык штодня моршчыцца ад плачу, і іншы выгляд ён ужо прыняць не можа» [8, с. 174]. Апавядальнік зазначае, што Аўгіня «<...> ведае толькі хату, поле сваё і той блакітны блін неба, які вісіць у яе над галавой» [8, с. 174]. Яе жыццё калі і вылучаецца на агульным фоне жыцця вясковых кабет, то толькі большай няміласцю лёсу да яе: маючы агрэсіўнага мужа-п’яніцу («Прыдзе Яўхім (муж Аўгіні) п’яны і зараз жа бярэцца біць жонку. За што? Чаму?» [8, с. 174]), Аўгіня яшчэ і бяздзетная («Дзяцей у Аўгіні няма» [8, с. 174]). Бяздзетнасць сям’і адна з магчымых прычын такіх адносін Яўхіма да жонкі, бо на той час такая сямейная праблема звычайна лічылася жаночай... Бяспраўнасць, безабароннасць, ды яшчэ маўклівасць Аўгіні таксама дадавала імпэту нецвярозаму мужу, бо «як на чужых наступіш, дык яны, — дзіўная рэч, — як тая качарга, зараз-жа на лоб Яўхіма наскочаць. Ён, хоць п’яны ўдрызг, а гэтага не любіць» [8, с. 174]. Даўно ўжо змірылася з такім станам рэчаў Аўгіня, бо жыла з вялікай, выратавальнай да пэўнага часу ўпэўненасцю ў тым, што «Так трэба!» [8, с. 174], сфарміраванай патрыярхальнымі ўстаноўкамі грамадства. Праблема насілля і прававой неабароненасці жанчыны ў сям’і выходзіць за межы дадзенага даследавання, аднак узгадаем як найбольш вядомы і паказальны прыклад з айчыннай літаратуры трылогію Я. Коласа «На ростанях», дзе «падлоўчы (бацька Ядвісі) звёў сваю жонку са свету і застаўся без пакарання» [9].

Мінулае Ганны К. Чорнага — незамужняй 35-гадовай, яшчэ прыгожай вясковай жанчыны-дзяўчыны (наўмысная аўтарская загадка/правакацыя ці ненаўмысная недакладнасць), што жыве «пры брату», неадукаванай, абмежаванай жыццём у межах адной вёскі, разам з тым чулай, здольнай да самарэфлексіі — сялянская праца з самага ранку («Пасля доўгай ночы дзень прабіваўся праз маленькія аконцы паволі і нясмела. І яшчэ доўга да гэтага ўставала Ганна» [10, с. 113] і да позняга вечара («<...> часам у цемнаце вечара яшчэ хадзіла па полі...» [10, с. 113]), папрокі брата і яго жонкі дармаедствам, калатня ў хаце, чаканне нечага светлага, «на што было ў Ганны так многа надзей» [10, с. 114]. Аднастайнае жыццё і час зрабілі сваю справу, таму надзеі з’яўляліся ўсё радзей і «пакідалі пасля сябе надоўга тупое незадавальненне і смутак» [10, с. 114]. Светлыя надзеі-спадзяванні тычыліся асабістых планаў дзяўчыны ці нечага іншага, з тэксту не зразумела. Адметнасць данага твора ў тым, што наогул цяжка размежаваць у ім мінулае (падаецца праз апавядальніка і ўнутраныя маналогі гераіні ў І і ІІ частках), сучаснае і будучае. Чытач «пражывае» з гераіняй адзін, і той нават няпоўны, дзень, але ён адметны, больш таго, вырашальны для ўсяго далейшага жыцця Ганны.

Класічна апавяданне падае «адзін вызначальны выпадак, здарэнне ў жыцці чалавека» [11, с. 173]. У кожным з аналізуемых твораў прысутнічае свой выпадак, які стаўся апошняй кропляй цярпення гераіні і справакаваў яе пераўвасабленне, прывёў да кардынальных змен у жыцці:

— для Ганулі М. Зарэцкага — гэта прыезд у вёску прадстаўніцы жанаддзела, асабістая размова з ёю. Гануля, у адрозненне ад пераважнай большасці жанчын, якія не паставіліся да сказанага «гарадской» сур’ёзна, інтуітыўна адчула ў яе словах ратунак для сябе, разгледзела сваю будучыню: «Гарадская доўга з Гануляй гаварыла. <...> І пачало ў Ганулі нешта расквітаць усярэдзіне. Сярод чорнай беспрасветнасці пачалі мігаць ружовыя праменні надзеі. Часамі смяялася Ганулька. Невыразная радасць дух уздымала.

— А мо што і будзе? Хоць бы пад старасць дажыць...» [7, с. 160];

— для Аўгіні З. Бядулі выпадкам, што раптоўна змяніў «яе вечнае “так трэба” на “так не трэба”» [8, с. 177] становяцца чарговыя пабоі неапахмеленага («ніводнай пляшкі сівухі не дастаў — баяліся даць» [8, с. 176]) мужа. Яго бядзе паспрыяў сялянскі сход супраць самагоншчыкаў. Яўхім, перабіўшы ўсё ў хаце, «накінуўся на сваю жонку... Пачаў яе біць» [8, с. 176—177]. Аднак незвычайная рэакцыя Аўгіні, якая ўпершыню «падняла громкае галошанне-выццё» [8, с. 177], спыніла яго. Гэтае здарэнне абудзіла думкі гераіні і разам з імі «крыўду на мужа, на сваю вечную пакорлівасць, на сваю цемнату...» [8, с. 177]. «Рэвалюцыя нібы абмінула іхнюю хату» [8, с. 174], — зазначае аўтар. Пасля згаданага здарэння Аўгіня сама пайшла «даганяць» яе ў вясковую хату-чытальню, «дзе можна гаварыць аб усім, нават аб сваіх крыўдах...» [8, с. 178].

— для Ганны К. Чорнага паваротам да новага жыцця сталася чарговая неабгрунтаваная агрэсія з боку нявесткі і брата («<...> падбегла Аляксеева жонка і ўпілася Ганне ў валасы. Ганна хацела бараніцца — з енкам падняла руку ўгору, ды падскочыў Аляксей і даў Ганне кулаком у плечы. І Ганна вырвалася і з плачам выбегла на вуліцу і пайшла па ёй, затуліўшыся вялікаю хусткаю» [10, с. 115].), якая паскорыла сустрэчу гераіні з прадстаўніцай жанаддзела ў суседняй вёсцы, куды Ганна забрыла, развейваючы сваю роспач пасля сямейнага здарэння. Яна слухала, як прыезжая жанчына распавядала пра «цемнату жыцця» і вучыла, што «трэба ўсім разам і выходзіць на светлую дарогу», «трэба арганізавацца». Пасля сходу адбылася шчырая, даверлівая размова паміж імі: «І сказала Ганна па дарозе аб усім, што было ў яе нявыказанае. А тая раптам, як сястра, пачала пра сябе гаварыць» [10, с. 119].

Тыпалагічная блізкасць твораў выявілася і ў тым, што кожны з аўтараў будучае сваіх гераінь паказаў як лепшае за ранейшае, што можна трактаваць як пазітыўнае стаўленне да вырашэння жаночага пытання з дапамогай жанаддзелаў, да палітыкі маладой дзяржавы. І гэта цалкам зразумела, калі браць пад увагу той факт, што М. Зарэцкі, З. Бядуля і К. Чорны на час напісання твораў уваходзілі ў літаратурнае аб’яднанне «Маладняк», члены якога лічылі сябе «закліканымі ствараць новую, пралетарскую літаратуру» і творчасць якіх адрозніваў «пафас адмаўлення старога». Аналізуемыя апавяданні з’яўляюцца тыповай раннемаладнякоўскай бадзёра-ўзвышанай, прасякнутай аптымізмам прозай. Але звернемся да тых перамен, што адбыліся з гераінямі апавяданняў пасля вышэй згаданых выпадкаў. У кожным з твораў пра іх паведамляе апавядальнік, які выступае адначасова «ў ролі сведкі і інтэрпрэтатара паказаных асоб і падзей» [12, с. 337], выяўляе псіхалагічны, ідэалагічны і нават гендарны пункт гледжання «на тое, што падаецца».

Так, будучае Ганулі адзначана:

— па-першае, зменамі ў яе ўнутраным свеце («І пачало ў Ганулі нешта расквітаць у сярэдзіне... Невыразная радасць дух уздымала» [7, с. 160]);

— па-другое, пераменамі ў стаўленні да гераіні з боку вяскоўцаў («Усе паважаць сталі Ганулю. Нават мужчыны <...>. Увосень у сельскі Савет Ганулю выбралі» [7, с. 162]). На гэта моцная палова вяскоўцаў адрэагавала наступным чынам: «Што ж. І бабы не ўсе бабы. Часам і разумныя бываюць...» [7, с. 162]. Наогул жа сяляне не жадалі абіраць жанчын куды б ні было, бо лічылі, што жанчына не здольная выконваць функцыі кіравання, а таксама засцерагаліся, што грамадская праца адцягне яе ад хатняй справы і ад сям’і [4]. Апошняе, праўда, мала тычылася маці-адзіночкі Ганулі;

  • па-трэцяе, канкрэтнымі дзеяннямі Ганулі, што выявіліся ў арганізацыі падчас летніх палявых работ ясляў («Надышло лета. <...> На гародах, у полі мурашкамі людзі запоўзалі. <...> Занылі працоўныя плечы. Цяжка... Ганулі таксама — хоць разарвіся. У цеснай хацёнцы — пузатымі клёцкамі поўзаюць. Гвалтуюць на весь шырокі дзіцячы рот. Сапраўднае пекла. Свежы чалавек звар’яцее, калі зойдзе ў хату. Але Ганулі нішто» [7, с. 161]), а затым і пральні («Вам жа цяпер, цётачкі, вопраткі памыць няма часу. Вось бы я і мыла патроху» [7, с. 162]); а ўзімку чытальні («Гануля газеты чытае сялянам, тлумачыць усё чыста, што сама ведае, чула» [7, с. 163]); зімой адбылася і першая ў вёсцы пастаноўка спектакля («Гануля таксама іграла на сцэне. Што ж, што старая трохі... Абы дух малады!» [7, с. 163]).

Зразумела, што шлях Ганулі да актыўнай грамадскай дзейнасці, нягледзячы на аўтарскае прыхарошванне сітуацыі, яе спрошчванне, не мог быць роўным і гладкім. У межах апавядання аўтар не выявіў усёй складанасці ўнутраных трывог і перажыванняў гераіні, адно ўказваў на іх кароткімі заўвагамі, напрыклад: «Гануля трохі пісьменная была. Кніжкі чытала ноччу пры лучыне. Удзень хоць бы і быў час — нельга, засмяюць. І то трохі кпілі: грамацейкай празвалі» [7, с. 160]. У творы М. Зарэцкага не акцэнтуецца ўвага на любоўна-інтымных перажываннях Ганулі, толькі згадваецца яе кароткае дзявочае шчасце і пазнейшая пакута, дзявочае красаванне-цвіценне і страта прыгажосці. Змест жыцця «новай жанчыны», на думку А. Калантай, не зводзіцца да любоўных перажыванняў, «каханню пачынае адводзіцца тое падначаленае месца, якое яно займае ў большасці мужчын» [5, с. 24]. І гэтая выснова цалкам слушная ў дачыненні да гераіні М. Зарэцкага, якая «не культывуе» ў сабе пачуцці і ўспаміны, не жыве мінулым, а змагаецца за сваё (і дзіцяці) выжыванне, стварае сваю будучыню. Толькі часам, зазначае апавядальнік, пры жарце кагось з вясковых кабет адносна арганізаваных ясляў, што «замужам не была, а дзяцей — поўная хата», «Ганулі нешта ў сэрца кальне. Успомніцца старое: тыя сонечна-светлыя дзянькі, зорныя ночы. Возьме яна тады свайго Яначку, шчыльней прытуліць, галоўку сукрыстую гладзіць. Песціць сумна-ласкавым поглядам. Але ненадоўга гэта. Усміхнецца апошняй, смутнай усмешкай і — зноў замітусілася па хаце» [7, с. 161]. Актыўнасць гераіні, як сведчыць фінал твора, не засталася незаўважанай — у хуткім часе Ганулю запрашаюць на працу ў павятовы жанаддзел.

Будучае Аўгіні таксама адзначана шматлікімі дасягненнямі, якія, на наш погляд, аўтарам-апавядальнікам падаюцца ідэалізавана (з элементамі казачнасці), таму малапераканаўча: «Нібы ў казцы цудоўнай, перад Аўгіняй разгарнулася новае цікавае жыццё» [8, с. 180]. Заўважна, што пераўвасабленне гераіні адбываецца занадта хутка. Перамен у яе жыцці і рэальных дзеянняў гераіні ў творы апісана многа, але за які тэрмін яны адбыліся, апавядальнік не канкрэтызуе. Часавыя межы твора не акрэсленыя, часавая арганізацыя дзеяння сціснутая «з-за ўшчыльнення мастацкага матэрыялу» [11, с. 156]. Кардынальныя змены адбыліся, згодна з тэкстам, без вялікіх фізічных і душэўных намаганняў Аўгіні, за выключэннем працэсу навучання грамаце. Гэты эпізод падаецца аўтарам метафарычна, з выкарыстаннем разгорнутых параўнанняў («Аркуш паперы здаваўся ёй велізарным жытнім полем, якога яна не здолее зжаць» [8, с. 180]) і можа лічыцца асобным мікрааповедам у творы. З. Бядуля, як і М. Зарэцкі ў апавяданні «Гануля», фіксуе змены, што адбыліся з Аўгіняй. Гэта тычыцца:

— па-першае, яе ўнутранага свету («<...> зусім іншым чалавекам зрабілася» [8, с. 180]), што выявілася ў росце яе самапавагі як выніку навучання грамаце, штодзённым наведванні хаты-чытальні, дзе жанчына даведалася «шмат цікавых рэчаў», а потым і выступленнях на сходах з прамовамі. Як слушна зазначае Т. Вароніч, «удзел у сходах даваў актывісткам некаторую магчымасць атрымаць веды па знешняй і ўнутранай палітыцы дзяржаў, усведаміць свае правы ў сям’і і грамадстве, адчуць самакаштоўнасць сваёй асобы» [4], што і дэманструе вобраз гераіні З. Бядулі;

— па-другое, адносін у сям’і («<...> яе муж Яўхім пачаў менш піць і зусім перастаў біць яе, узяўся за наладжанне сваёй гаспадаркі» [8, с. 179]);

— па-трэцяе, знешняга выгляду гераіні («Яе новае жыццё, цікавая праца знялі з яе твару вечны выраз плачу: вочы былі спакойныя, задумлённыя і смелыя, зморшчыны згладзіліся» [8, с. 181]).

Пры выкананні грамадскіх абавязкаў таксама (бясспрэчна) былі поспехі, закладзеныя ранейшай працаздольнасцю і руплівасцю Аўгіні: «Яе талент <...> да сялянскай працы пераліўся цяпер у яе новую грамадзянскую працу. А разам з гэтым яна не менш, чым раней, працавала і ў хаце» [8, с. 180]. Апошнюю заўвагу аўтара варта пракаментаваць. Ужо акцэнтавалася ўвага на тым факце, што сяляне небеспадстаўна баяліся, каб грамадская праца не адцягнула жанчын ад хатняй справы і сям’і. Як відаць з тэксту, з Аўгіняй гэтага не адбылося, яна аднолькава добра спраўлялася з падвойным цяжарам: і з грамадскімі абавязкамі, і з хатняй працай. Магчыма таму, што ўся сям’я Аўгіні — муж (які нарэшце сам узяўся за гаспадарку), кот ды певень. Часта рэакцыя мужоў на грамадскую дзейнасць жонак, як адзначалася вышэй, была негатыўная. Што пацвярджае і паблажліва-крытычная заўвага мужчын-аднавяскоўцаў адносна грамадскай дзейнасці гераіні М. Зарэцкага, маці-адзіночкі Ганулі: «Што ж. Ёй вальней, часу хопіць. Гаспадаркі не мае, не звязана нічым» [7, с. 162]. Грамадская актыўнасць гераінь аналізуемых твораў звязана не толькі з пострэвалюцыйнымі пераўтварэннямі жыцця, іх сацыяльным паходжаннем (неабходнасцю выжывання), а вынікае з неўладкаванага / неаброненага асабістага жыцця жанчын. Разам з тым пісьменнікі падкрэсліваюць іх дзейсны характар.

Што да Аўгіні, то яна ў хуткім часе стала аўтарытэтам для вясковых кабет, «будзіла» іх, цёмных, да лепшага жыцця, вырашала іх крыўды, была побач у святы (на чырвоных хрэсьбінах або вяселлях). А пазней «<...> набыла да сябе павагі не толькі ў роднай вёсцы, але ва ўсім сельсавеце», «яе заўсёды выбіралі дэлегаткай на з’езды кабет-працаўніц» [8, с. 180], дзе яна адстойвала інтарэсы сялянак. У выніку ўся ваколіца стала зваць Аўгіню «дэлегаткай».

Спецыфіка твора К. Чорнага ў тым, што будучае Ганны вынесена за межы апавядання, але яна ўнутрана зусім ужо гатовая да тых змен, якія яно прынясе, бо доўга і павольна «ішла» да іх, з маладосці задумвалася над існуючым станам рэчаў («у зусім маладыя гады пачала яна думаць» [10, с. 113].). Канфлікт з братам толькі паскорыў надыход таго новага, што несла з сабою гендарная палітыка бальшавікоў у асобе «стрыжанай». Вобраз Ганны найперш раскрываецца праз яе ўнутраныя маналогі, якія аўтар выкарыстоўвае ў момант знаходжання гераіні ў крытычнай сітуацыі, у хвіліны яе найвышэйшага напружання, роспачы, напярэдадні прыняцця лёсавызначальнага рашэння. Дзякуючы ўнутраным маналогам, чытач мае магчымасць назіраць за зменамі ў пачуццях Ганны, яе думках, за якімі варта чакаць дзеяння: «<...> пачалі патроху знікаць у Ганны крыўдныя і горкія пачуцці ад свайго жыцця, а сталі наплываць думкі. <...> Вось тут і там, пад гэтымі стрэхамі, жывуць людзі. Жывуць яны ў цемнаце і гразі, і многія з іх думаюць, што толькі і свету, што тут, пад гэтымі шэрымі стрэхамі. <...> І раптам стала шкада Ганне ўсіх гэтых людзей. Прапала свая ўласная крыўда, зусім прапала, без следу. І брат Аляксей, які пабіў нядаўна яе, стаў родным і блізкім. Стала невыразна шкада яго, хворага і ад гэтага сярдзітага чалавека» [10, с. 116]. Чужое гора «адкрывае» Ганне вочы. Яна разумее, што яе жыццёвая сітуацыя — не выключэнне, так жывуць многія, нават не задумваючыся аб прычынах такога жыцця. Як больш свядомая, Ганна перажывае не толькі за сябе, гатовая мяняць не толькі сваё жыццё, а і паказваць шлях у лепшае будучае іншым: «А нешта трэба рабіць, цягнуць некуды гэтых людзей...» [10, с. 117]. Пастаянная самарэфлексія Ганны раптоўна «выбухнула» праграмай дзеяння, хоць і неакрэсленай. Упарадкаванасць яе думкам надала прадстаўніца жанаддзела. Яе словы ўпалі на падрыхтаваную глебу.

Чытач вольны дадумаць магчымыя варыянты далейшага жыцця Ганны, аднак, якімі б яны ні былі, зразумела, што жыццё гераіні зменіцца да лепшага. Як адзін з верагодных варыянтаў — яна зможа працаўладкавацца ў жанаддзел і матэрыяльна ўтрымліваць сябе, а значыць не залежаць больш ад брата і яго сям’і. Не выключаны нават пераезд на жыхарства па месцы працы.

Прадстаўленая эвалюцыя гераінь у кожным з трох прааналізаваных твораў выяўляецца адметна. У апавяданні М. Зарэцкага — гэта эвалюцыя жанчыны-сялянкі, маці-адзіночкі, малапісьменнай Ганулі ад бяздомнай парабчанкі да супрацоўніцы павятовага аддзела «па працы сярод кабет» [7, с. 163]. Пры гэтым Гануля была першай у вёсцы жанчынай, якая пачала на практыцы здзяйсняць новую палітыку дзяржавы. У творы З. Бядулі мы назіраем эвалюцыю бяздзетнай, неадукаванай жанчыны-сялянкі, «прыкутай» да «вечнага агню» печы Аўгіні ад хатняй гаспадыні, якая не мае свайго голасу, да грамадска актыўнай жанчыны-дэлегаткі. Аўгіня, у адрозненне ад Ганулі, далучылася да таго новага, што ўжо прынесла рэвалюцыя ў жыццё вёскі, але якое жанчыну да пэўнага часу не тычылася і не хвалявала. У апавяданні ж К. Чорнага выяўлена не падзейная, а ўнутраная эвалюцыя гераіні (Ганны), яе рэальных дзеянняў у творы яшчэ няма, але яна гатовая да іх і рашучая ў сваёй гатоўнасці, што не выклікае сумненняў у яе далейшай паспяховай дзейнасці ў якасці прадстаўніцы жанаддзела: «<...> заўтра скажу я ўсім аб тым, што стала мне ясным сягоння; папярэджу я словам сваім прыезд к нам заўтра гэтай старшай нашай сястры. Няхай я першая, можа пакуль што адна, але падтрымаю гэты светлы прыход у маю вёску, бо прыход гэты — збавенне ад горычы жыцця...» [10, с. 119].

Тыпалагічнае падабенства апавяданняў выяўляецца і пры апісанні аўтарамі прадстаўніц жанаддзелаў:

— па-першае, яны не маюць імёнаў (К. Чорны «Радасць жанчыны»: «тая», «стрыжаная»; М. Зарэцкі «Гануля»: «тая, з горада», «гарадская»; З. Бядуля «Дэлегатка»: «супакоілі цётку Аўгіню камсамолкі»);

— па другое, іх адрознівае ад вясковых кабет вопратка і нехарактэрныя для жанчын-сялянак таго часу кароткія валасы («<...> на прызбе стаяла ва ўвесь рост незнаёмая жанчына, адзетая ў сінім, падстрыжаная» [10, с. 117]);

— па-трэцяе, жанчыны-актывісткі спачувальна ставяцца да гераінь твораў, вабяць іх сваёй адкрытасцю, шчырасцю, уменнем слухаць і пераконваць.

Стаўленне ў мастацкіх тэкстах да іх неадназначнае: вобразы актывістак станоўчыя з пункту гледжання апавядальніка, бо нясуць новае, лепшае жыццё. Характарыстыка ж, якую ім даюць іншыя героі твораў, не заўсёды станоўчая. Сялянская грамада ўспрымае іх як чужых («Усміхаліся ядавітымі ўхмылкамі бабы і мужчыны ў грамадзе, гледзячы на гэтую жанчыну» [10, с. 117]). Жанчыны-сялянкі ставяцца нават варожа і здзекліва («Ды гэта з горада, ужо другі раз прыехала, лахудра гэтая; па вёсках строіцца аб’язджаць. Падгаварвае на нешта» [10, с. 117]; або: «Нялюба бабам, што жыццё іх кратаюць, ды варушаць, ды пераглядаюць з усіх бакоў. Прывыклі ў запеччы...» [7, с. 160]. Разам з тым тэксты сведчаць, што калі прадстаўніцай жанаддзела (ці дэлегаткай) станавілася кабета са сваёй вёскі, то паважалі яе і жанчыны, і нават мужчыны-аднавяскоўцы («Ахвотна слухалі Ганулю, дарма што баба. Слухалі, бо зналі, што яна ўсё добра разрахуе — што каму, нікога не пакрыўдзіць» [7, с. 162]; «Калі хто з бяднячак была чым пакрыўджана — ішла за парадай да Аўгіні» [8, с. 180]).

Напрыканцы зазначым, што аўтары-маладнякоўцы не былі настолькі празорлівыя, каб паказаць вынікі працы жанаддзелаў для далейшага развіцця грамадства, змены гендарнай парадыгмы, бо працэс толькі пачынаўся. Усё ж некаторыя праблемы, звязаныя з палітыкай дзяржавы ў адносінах да жанчын праз жанаддзелы і дэлегацкія сходы, пісьменнікі агучылі. У цэлым працэс эмансіпацыі жанчыны ў прааналізаваных апавяданнях падаецца М. Зарэцкім, З. Бядулем і К. Чорным як станоўчы.

У дадзеным кантэксце нельга не ўзгадаць апавяданне М. Зарэцкага «Дзіўная», у якім аўтар агучвае тую ж праблему. Але гэта адметны, больш сталы, псіхалагічна ўскладнены твор (хоць таксама маладнякоўскі) і, на наш погляд, патрабуе асобнага падрабязнага аналізу.

 

Фіцнер Таццяна Адамаўна, дацэнт кафедры беларускай літаратуры ГДУ імя Ф. Скарыны, кандыдат філалагічных навук.

 

Спіс літаратуры:

 

1. Общий толковый словарь русского языка [Электронный ресурс]. — Режим доступа: http://tolkslovar.ru/ie1444.html. — Дата доступа: 05.05.2017.

2. Здравомыслова, Е. А., Тёмкина, А. А. Государственное конструирование гендера в советском обществе / Е. А. Здравомыслова, А. А. Тёмкина // Журнал исследований социальной политики. — 2003. — Том 1 (3/4). — С. 299—321. [Электронный ресурс]. — Режим доступа: http://ecsocman.hse.ru/data/072/627/1219/zdravomyslova_temkina_gosudarstvennoe_konstruirovanie. — Дата доступа : 14.01.2018.

3. Ярская-Смирнова, Е. Р. Социальная политика и социальная работа: гендерные аспекты / Е. Р. Ярская-Смирнова [Электронный ресурс]. — Режим доступа: http://nashaucheba.ru/v62025/ярская-смирнова_е.р._социальная_политика_и_социальная_работа_гендерные_аспекты?page=2. — Дата доступа: 15.01.2018.

4. Вароніч, Т. Сацыяльны і палітычны статус беларускай жанчыны. У новай і найноўшай гісторыі / Т. Вароніч // Беларускі калегіюм [Электронны рэсурс]. — Рэжым доступу: http://old.belcollegium.org/lekcyji/historyja/varonicz_02.htm. — Дата доступу: 05.05.2017.

5. Коллонтай, А. Новая женщина / А. Коллонтай [Электронный ресурс]. — Режим доступа: http://www.odinblago.ru/novaia_moral/1. — Дата доступа: 10.09.2017.

6. Щурко, Т. «Женское предназначение», или Как а Беларуси экономят на социальной сфере / Т. Щурко // Новая Эўропа. — 2014. — от 30 января [Электронный ресурс]. — Режим доступа: http://n-europe.eu/article/2014/01/30/zhenskoe_prednaznachenie_ili_kak_v_belarusi_ekonomyat_na_sotsialnoi_sfere. — Дата доступа : 03.09.2017 г.

7. Зарэцкі, М. Збор твораў: у 4 т. / М. Зарэцкі. — Мінск: Маст. літ., 1989. — Т. 1. 526 с.

8. Бядуля, З. Збор твораў: у 4 т. / З. Бядуля. — Мінск: Дзяржвыдавецтва БССР, 1951. — Т. 1. 451 с.

9. Фіцнер, Т. А. Праблема гендарных узаемаадносін у творчасці класікаў беларускай літаратуры ХХ стагоддзя / Т. А.Фіцнер // Роднае слова. — 2010. — № 1. — С. 20—23.

10. Чорны, К. Збор твораў: у 6 т. / К. Чорны. — Мінск: Маст. літ., 1988. — Т. 1. 431 с.

11. Яцухна, В. І. Тэорыя літаратуры : дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В. І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2006. — 279 с.

12. Хализев, В. Е. Теория литературы: учебник / В. Е. Хализев. — 3-е изд., испр. и доп. — М.: Высш. шк., 2002. — 437 с.

 

Артыкул паступіў у рэдакцыю 16 студзеня 2018 года.

 

Рэзюмэ

 

Таццяна ФІЦНЕР

 

Жаночая эмансіпацыя праз прызму беларускай літаратуры 20-х гадоў ХХ стагоддзя

УДК

У артыкуле аналізуюцца тыпалагічна блізкія апавяданні М. Зарэцкага («Гануля»), З. Бядулі («Дэлегатка») і К. Чорнага («Радасць жанчыны»), у якіх асэнсоўваецца гендарная палітыка Савецкай дзяржавы, у прыватнасці, вырашэнне жаночага пытання, у першае дзесяцігоддзе яе існавання. Эвалюцыя жаночых вобразаў твораў, супастаўленне іх мінулага жыцця і новай рэчаіснасці сведчаць, што працэс эмансіпацыі жанчыны падаецца аўтарамі як пазітыўны.

 

Ключавыя словы: апавяданне, праблематыка, жаночыя вобразы, эвалюцыя гераіні, гендарная палітыка, жаночая эмансіпацыя.

 

 

Summary

 

Tatsiana FITSNER

 

Women's emancipation through the prism of Belarusian literature of 20-ies years of XX century

 

The article analyzes typologically close stories by M. Zaretsky («Ganulya»), S. Byadulya («Delegatka») and K. Chorny («The Joy of a Woman»), in which the gender policy, in particular, the solution of the women’s question, of the Soviet state is being realized at the first decade of its existence. The evolution of female images in the works, the comparison of their past lives and new reality demonstrate that the process of women’s emancipation is presented by the authors as positive.

 

Keywords: story, problems, female images, the evolution of the heroine, gender policy, women's emancipation.

 

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.