Вы тут

АЭС будуць ахоўваць комплексы «Тор-М2»


1 чэрвеня непадалёку ад Астраўца быў урачыста адкрыты ваенны гарадок 1146 гвардзейскага зенітнага ракетнага палка. Ён будзе прыкрываць Беларускую АЭС з паветра. Станцыя знаходзіцца адсюль у зоне прамой бачнасці. 


Полк узброены зенітнымі ракетнымі комплексамі «Тор-М2», якія зусім нядаўна паступілі ў армію. Усяго адна такая машына здольна адначасова знішчыць да васьмі цэляў. 

— Полк на паўночна-заходнім кірунку выконвае задачы прыкрыцця паветранай прасторы Беларусі, — паведаміў міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў. — Падчас працы агульнай сістэмы ППА полк будзе ажыццяўляць фізічнае прыкрыццё атамнай электрастанцыі, якая ўводзіцца ў эксплуатацыю ў наступным годзе. Чаму для ўзбраення выбраны менавіта комплексы «Тор-М2»? Гэты накірунак мы лічым адным з самых важных. І лагічна, што яго прыкрые найноўшая зброя.  

Акрамя таго, 1146 гвардзейскаму зенітнаму ракетнаму палку быў уручаны Баявы Сцяг. Знамянальна, што гэтая падзея ў гісторыі фарміравання адбылася ў юбілейны год Узброеных Сіл. Полк быў сфарміраваны ў 1956 годзе на базе 36-га гвардзейскага асобнага зенітна-артылерыйскага дывізіёна, які ў 1941 годзе ахоўваў Дарогу жыцця ў блакадны Ленінград.

- Уручэнне Баявога Сцяга зойме асаблівае месца ў гісторыі палка, - сцвярджае камандзір палка гвардыі падпалкоўнік Дзяніс Зык. - Тут падабраны лепшыя з лепшых ваеннаслужачых ВПС і войск ППА. У другім паўгоддзі сілы будуць скіраваны на падрыхтоўку і правядзенне тактычнага вучэння з баявой стральбой на палігоне Ашулук у Расіі.

Сімвал воінскага гонару і славы ваеннаслужачыя часці сустракалі ў новым ваенным гарадку. Ён з’яўляецца ўнікальным для нашай краіны. Будаўніцтва гарадка распачалося не так і даўно – у лютым 2016 года. Усе яго складнікі – штаб, навучальны корпус, казармы, клуб, парк машын, сталовая, пакоі вольнага часу, інфармавання – узведзены з нуля і цалкам прыстасаваны пад патрэбы цяперашняга часу.

- Навучальны корпус змяшчае ў сабе дзевяць класаў для кожнай спецыяльнасці, - гаворыць старшы памочнік начальніка штаба, капітан Аляксандр Навумчык. - Яны абсталяваны самай сучаснай камп’ютарнай тэхнікай, узорамі і макетамі ўзбраення, тэматычнымі плакатамі з асноўнымі тактыка-тэхнічнымі характарыстыкамі. На кожным камп’ютары ўстаноўлены спецыяльныя праграмы, якія рыхтуюць спецыялістаў да працы на зенітна-ракетных комплексах. Тэсты таксама праводзяцца дыстанцыйна на камп’ютарах.

Спрадвечнае жыллёвае пытанне таксама вырашаецца. Прычым вырашана абысціся без інтэрнатаў. Так, для афіцэраў палка ў Астраўцы ўзведзены 84-кватэрны службовы дом. Мяркуецца, што ўжо ў ліпені кампанію яму складзе яшчэ адзін дом, але гэтая новабудоўля будзе разлічана ўжо на 40 кватэр.

Для размяшчэння ж асабістага саставу пабудаваны новыя прасторныя і ўтульныя казармы. Побач з кожнай казармай месціцца невялікі спартыўны куток са снарадамі. Вялікая спартыўная зала нагадвае час заняткаў фізічнай культурай у школе – яна такая ж прасторная і цудоўна падыходзіць для камандных гульняў з мячом. Побач з ёй – сучасная трэнажорная зала. З дапамогай розных мудрагелістых прыстасаванняў тыя, хто хоча “цягаць жалеза”, качаюць мышцы – зусім як і ў грамадзянскім жыцці. Ёсць тут і стадыён са спецыяльнай бегавой дарожкай.

Тут жа месціцца і клуб – сучасны будынак з прасторнымі фае і вялікімі шклянымі сценамі. Яго таксама абсталявалі па-сучаснаму – велізарная глядацкая зала абарудавана мультымедыйнай і гукаўзмацняючай апаратурай. Дайшлі новыя тэндэнцыі і да бібліятэкі. Акрамя звыклага кніжнага фонду, тут ёсць і некалькі аўтаматызаваных працоўных месцаў.

- Увядзенне ў строй новага ваеннага гарадка – гэта падзея, - працягвае Андрэй Раўкоў. - Вельмі важна стварыць для воінскай часці такія ўмовы, у якой салдаты і афіцэры будуць займацца толькі баявой падрыхтоўкай, мінімальна пры гэтым адцягваючы сваю ўвагу на разнастайныя гаспадарчыя пытанні. Знакавая гэта падзея і для асабістага саставу. У такіх умовах, якія створаны тут, некаторыя байцы, пэўна, нават дома не жылі. Таму трэба, каб яны служылі добра, на радасць бацькам і славу краіне.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.