Вы тут

Як пінчанка, стрыгучы сабак, зарабіла сабе на лецішча ды машыну


Тамары Мазоль усяго 30, але яна ўжо з'яўляецца топавым грумерам у нашай краіне (спецыяліст, які займаецца доглядам вонкавага выгляду жывёл. — Аўт.). Дзяўчына не раздумваючы пагадзілася падзяліцца сакрэтам свайго поспеху. Сустрэліся мы зранку, пасля яе трэніроўкі па тайландскім боксе. Ім Тамара займаецца ўжо сёмы год. Нават летась заняла трэцяе месца на чэмпіянаце рэспублікі. На гадзінніку 11.00, а дзяўчына паспела не толькі патрэніравацца, але і крыху папрацаваць. «Пакуль чакала вас, абнавіла ў «Інстаграме» тры акаўнты. Змясціла новыя прыгожыя фотаздымкі, падпісала іх, паставіла хэштэгі і зрабіла пераадрасацыю ва ўсе сацсеткі. Раблю гэта, як толькі з'яўляецца вольная хвілінка. Мне трэба пастаянна нагадваць пра сябе. Я ж не толькі сабак стрыгу, але і вучу гэтаму майстэрству іншых. Акрамя таго, займаюся развядзеннем дэкаратыўных вожыкаў».


«Ператварыць» сабаку ў тыгра? Лёгка!

«Дамок за горадам купіла на 5-м курсе ўніверсітэта»

— Ці праўда, што вы зарабілі на стрыжках сабак сабе на кватэру, машыну і лецішча? — першай справай цікаўлюся ў Тамары.

— Усё праўда. Акрамя кватэры ў Мінску. Набыць яе мне дапамагла мама. Калі была студэнткай, я ўмудрылася зарабіць, займаючыся любімай справай, спачатку на лецішча. А потым і на машыну. Калі ты працалюбівы і не дурань, то можна зарабіць у любой сферы. Усё залежыць ад канкрэтнага чалавека. Пры сабачым салоне, у якім працую, ёсць школа грумінгу, я там выкладаю. Гэта таксама неблагі заробак. Не першы год назіраю за людзьмі, якіх мы выпускаем. Дык вось далёка не ўсе з іх могуць дазволіць сабе кватэру ці машыну. Поспеху можна дасягнуць толькі тады, калі ты фанатычна любіш сваю справу. Для гэтага трэба пастаянна рухацца і развівацца. На першым жа занятку кажу студэнтам: заводзім сабе профіль у «Інстаграме», падпісваемся на ўсіх вядомых грумераў. Прынамсі, я падпісана на 3000 майстроў. Шторанак пад каву гартаю іх старонкі, каб быць у трэндзе, разумець, што адбываецца ў свеце. Але ж самае галоўнае — практыка. Няхай нават на першым часе бясплатная. Я ў свой час ездзіла да заводчыцы з Украіны, глядзела, як яна рыхтуе сабак да выставак. Бясплатна дапамагала ёй. Гэта мне вельмі дапамагло ў прафесійным росце. Салоннаму грумінгу вучылася ў Маскве.

Да.

Пасля.

— Без чаго не ўяўляеце свайго жыцця?

— Без грошай. Усе мае знаёмыя ведаюць, што я вельмі накіраваная на тое, каб шмат зарабляць. Заўсёды свой час пераводзіла ў фінансавы эквівалент. Грошы ў мяне асацыююцца са свабодай і незалежнасцю, яны мне патрэбныя, каб мець магчымасць падарожнічаць, развівацца, расці ў прафесіі. Я ж не маю багатага таты ці мужа-мільянера, таму разлічваю толькі на свае сілы. Інструменты для грумінгу вельмі дарагія. Адны прафесійныя нажніцы каштуюць ад 100 долараў і вышэй. А ў мяне іх каля 10. А яшчэ патрэбны фен, машынка для стрыжкі сабак, адмысловая касметыка. Купляла ўсё гэта паступова. На прафесійныя інструменты ішлі ўсе грошы, што зарабляла. Разам яны мне абышліся ў некалькі тысяч долараў.

— І як хутка выйшлі на прыбытак?

— Дзесьці праз тры гады штодзённай працы. На пачатку кар'еры я не цуралася любой работы, не толькі стрыгла сабак, але і абразала ім кіпцюры, чысціла вушы. Ездзіла з цяжкай сумкай пад 20 кілаграмаў да кліентаў дадому. Тады мне гэта падавалася нармальным, але цяпер разумею, што гэта было пекла. Даводзілася стрыгчы на прасавальнай дошцы ці пральнай машыне. Сабака вырываецца, бегаеш за ім па кватэры. Гаспадары хвалююцца: «Яму ж балюча!» Цяпер стрыгу выключна ў салоне ці ў сваёй кватэры, адзін пакой якой абсталявала пад рабочае месца. Купіла спецыяльны стол для грумінгу за 300 долараў з пнеўмапад'ёмнікам ды штатывам, да якога прымацоўваецца ашыйнік, каб сабака стаяў спакойна. А яшчэ я пастаянна ўкладваю грошы ў навучанне. Скончыла курсы кінолага-сакратара, кінолага-заводчыка, зараз стажыруюся на кінолага-эксперта. Ганаруся, што я ў Беларусі такі грумер, які рыхтуе да выставак пародзістых сабак. Гэта ганарова, але і вельмі адказна.

Да.

Пасля.

«Бабуля плакала, калі ўбачыла, як я пастрыгла Б'янку»

— Тамара, а чаму вырашылі займацца сабакамі ды вожыкамі, а не коцікамі ды хамячкамі, напрыклад?

— Колькі сябе памятаю, у нас дома заўсёды быў заапарк. У мяне гадаваліся чарапахі, трытоны, яшчаркі, марскія свінкі ўсіх парод, мышы, пацукі, каты, рыбкі, канарэйкі, папугаі, галубы. Я нават умудралася зарабляць сабе на кішэнныя расходы, прадаючы хамячкоў, калі была малая. Пастаянна падбірала параненых ды падбітых жывёл і птушак, якіх знаходзіла на вуліцы ды прыносіла дадому. Думаю, маці з бабуляй складана было са мной жыць... Але больш за ўсё мяне цягнула да сабак. Зачытала да дзірак усе кнігі пра іх, што былі ў бібліятэцы. Выпісвала расійскі часопіс «Друг». На яго ішлі ўсе мае кішэнныя грошы.

— А памятаеце, калі ўпершыню пастрыглі сабаку?

— У дзяцінстве ў мяне быў пудзель Б'янка. Памятаю, калі вучылася ў школе, абстрыгла яго, пакуль той спаў, звычайнымі канцылярскімі нажніцамі. Атрымалася вялікае цела на тонкіх лапках. Бабуля, калі ўбачыла, плакала. Маўляў, навошта так сапсавала сабаку. Потым з сяброўкай галілі яго дзядулевым станком «Спадарожнік». Да канца школы я ўжо стрыгла чужых сабак у Пінску за сімвалічную суму. Сяброўка, дарэчы, цяпер мае свой сабачы салон у Пінску. Ды і я, калі шчыра, тады нават уявіць сабе не магла, што стану топавым грумерам, нават не чула пра такую прафесію.

Акра­мя са­бак, гру­мер зай­ма­ец­ца яшчэ і раз­вя­дзен­нем мі­ні-во­жы­каў.

— Ведаю, што вы закончылі факультэт журналістыкі. Як сваякі адрэагавалі, што прамянялі кар'еру журналіста на сабак?

— Мама марыла, каб я стала знакамітым журналістам і пісала пра зорак. З першага курса я пачала падпрацоўваць. Праўда, пісала не пра зорных людзей, а пра... сабак. Нават дыпломную абараняла на тэму «Кіналагічныя СМІ Беларусі». Журналісцкая дзейнасць вельмі моцна дапамагла. Я перазнаёмілася з усімі беларускімі кінолагамі, экспертамі. Спачатку маці саромелася, што я зарабляю на жыццё на «сабачых хвастах». Калі суседзі пыталіся, чым займаецца дачка, ухілялася ад адказу. Абзывала мяне гувернанткай. Але я нікога не слухала, упэўнена ішла да сваёй мэты. Мне падаецца, што ёсць сэнс слухаць толькі парады людзей, якія жывуць так, як хочаш жыць ты.

«Набыць гадаванца ў заводчыка — як дзіця ўсынавіць»

— Каб навучыцца стрыгчы пароду, самую папулярную для грумінгу, нагледзела сабе ў інтэрнэце пудзеля за тысячу еўра ў Тальяці. Каб гэтага сабаку мне прадалі, трэба было спачатку атрымаць характарыстыку ад вядомага беларускага сабачніка. Я патэлефанавала Тамары Вячаславаўне Сармонт, эксперту міжнароднай катэгорыі па ўсіх пародах сабак. Яна сказала: «Тамара, мне трэба паглядзець умовы, у якіх ты жывеш». Яна прыязджала да мяне дадому і толькі пасля гэтага пагадзілася, што я маю права завесці пудзеля. Набыць сабаку ў заводчыка — гэта як дзіця ўсынавіць.

«Вы лі­чы­це, што ма­шы­на ды ле­ці­шча — гэ­та кру­та?  Мне зда­ец­ца, кру­та ства­рыць штось­ці боль­шае».

— А зараз вы трымаеце дома нейкіх жывёл?

— У мяне цяпер ёсць два мініяцюрныя сабачкі чыхуахуа. Яны вельмі зручныя, у машыне змяшчаюцца. Трымаю іх для душы, хоць, магчыма, аднаго з іх зважу налета на выстаўку. Калі шчыра, у ідэале мне хацелася б займацца развядзеннем сабак буйных парод. Я нават зарэгістравала гадавальнік рускіх чорных тэр'ераў і брусельскіх грыфонаў. Гэта вялікія сабакі па 70 кілаграм. Цяпер я іх не трымаю, бо жыву ў кватэры і ў мяне няма столькі грошай на гэта ўсё. Развядзенне — дарагое задавальненне. Гэта не пра «зарабляць», а пра «выдаткоўваць».

Таму вось ужо 10 гадоў займаюся тым, што магу сабе дазволіць, — разводжу дэкаратыўных афрыканскіх міні-вожыкаў. Гэта лабараторны від, ён не існуе ў прыродзе. Заказваю іх з Масквы, Германіі, Польшчы, Маямі. Афравожыкі маюць вялікі спектр афарбовак — зарэгістравана больш за 100. Я, калі першы раз убачыла іх на фотаздымках, вішчала ад захаплення. Такія яны міленькія.

Калі пытаюся пра незвычайныя пажаданні кліентаў, Тамара пачынае паказваць фотаздымкі на сваім тэлефоне. Сабакі-панды, сабакі-тыгры, сабакі-лісічкі, сабакі-драконы, сабакі — ружовыя феечкі, — каго там толькі няма.

— Яшчэ 10 гадоў таму, калі ў модзе быў гламур, на сабаках даводзілася выбрываць лагатыпы такіх марак аўтамабіляў, як «Паршэ», «Ламбарджыні», пра БМВ я наогул памаўчу. Некаторыя гаспадары просяць, каб я іх бусечцы крыльцы выстрыгла ці тату блёсткамі намалявала. Перад Новым годам часта фарбую сабак у Дзеда Мароза. Я выкарыстоўваю вельмі бяспечную фарбу на раслінных кампанентах. Яна безаміячная, таму нават калі раптам трапіць у пашчу сабаку ці на рукі чалавека, не прычыніць ніякай шкоды. Усё натуральнае, таму і дарагое. Фарба для сабак каштуе ад 100 еўра. А каб пафарбаваць аднаго сабаку, часам трэба 2-3, а то і 4 цюбікі. Але ніколі не задаволю просьбу кліента, калі гэта будзе небяспечна для здароўя яго гадаванца ці прычыніць яму боль. Бо люблю сабак, як і ўсе, хто імі займаецца.

Надзея ДРЫЛА

Загаловак у газеце: «Не ўяўляю свайго жыцця без грошай»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.