Вы тут

Як паставіць спектакль у сябе дома


Сёння ў многіх сем'ях дзеці і бацькі жывуць сваім жыццём. Нават за агульным сталом яны не размаўляюць адно з адным, а глядзяць кожны ў свой гаджэт. Лекамі, якія могуць аб'яднаць бацькоў і дзяцей, можа стаць дамашні тэатр, лічаць вядучыя сямейных майстар-класаў, удзельнікі праекта «Калекцыі прыгод» Ірына ТУЗІНА і Святлана ПРАТАПОПАВА. «Ды і нават калі вы часта бавіце час усёй сям'ёй, прапанаваны спосаб адназначна зблізіць вас яшчэ больш і ўнясе разнастайнасць у сумесны адпачынак».


Паставіць спектакль у сябе дома не так складана, як здаецца на першы погляд. У гэтым я пераканалася падчас майстар-класа, які так і называўся «Сямейны тэатр».

Спачатку ўсіх прысутных падзялілі на чатыры каманды-сям'і. Кожнай выдалі каробку. У ёй была дзіцячая кніжка (нам дасталася гісторыя пра коціка Шмяка, які спачатку не хацеў ісці ў школу. Але напрыканцы казкі яму там так спадабалася, што за вушы было не адцягнуць) і прадметы для будучага лялечнага спектакля. Спачатку мы ўсе разам услых прачыталі казку. Потым размеркавалі ролі.

— Можна размяркоўваць ролі па прынцыпе, хто кім хоча быць, — кажа Святлана Пратапопава. — Каб не справакаваць сварку, напішыце на паперках імёны герояў, складзіце ў капялюш і дайце дзецям выцягнуць. Але я раю выбіраць нетыповыя для сябе ролі. Напрыклад, калі дзіця па жыцці няўпэўненае ў сабе, няхай у спектаклі пабудзе героем з супрацьлеглымі якасцямі — лідарам-завадатарам. Калі ў гісторыі, як у вашым выпадку, ёсць котка-мама і яе сын Шмяк, тады лепш, каб коткай было дзіця, а кацянём — мама. Гэта, па-першае, атрымліваецца смешна, па-другое, для наладжвання ўзаемаадносін вельмі карысна як мага часцей ставіць сябе на месца іншага. Тата з мамай таксама могуць мяняцца ролямі на час спектакля. Сцэнарыем можа стаць любімая кніжка. Чым меншае дзіця, тым больш просты павінен быць спектакль.

Што датычыцца лялек, то, вядома, можна выкарыстоўваць гатовыя — пальчаткавыя, але вядучыя майстар-класа раяць зрабіць іх сваімі рукамі разам з дзеткамі. Так больш душэўна. Ды і развівае фантазію, паказвае малечы, што, каб цікава правесці разам час, зусім не абавязкова траціць шмат грошай.

— Лялькі можна рабіць з абсалютна розных матэрыялаў, на што хопіць фантазіі, — кажа Ірына Тузіна. — Можна іх ствараць з фетру, ватных шарыкаў, вязаных шапак, пластыкавых лыжак... Мы ж вам прапануем задзейнічаць яблыкі ці бульбу.

І сапраўды, у каробцы мы знайшлі некалькі бульбін і яблыкаў. А таксама кавалкі рознакаляровай тканіны, нажніцы, фламастары ды кардон.

Каб зрабіць галаву коціка, дастаткова ў яблыку ці бульбіне выразаць адтуліну для ўказальнага пальца. Вочкі, вусы ды роцік мы намалявалі фламастарам, вочкі зрабілі з сушаных бутончыкаў гваздзіка, вушкі — з кардону. Потым бралі кавалак тканіны, праразалі ў ім дзве аднолькавыя дзірачкі для вялікага і сярэдняга пальцаў — вось і адзенне коціку гатовае. З тканіны іншага колеру атрымаўся цудоўны шалік. З кардону зрабілі дэкарацыі — школу, дрэўцы ды кветкі. Іх можна падчас спектакля прымацаваць да шырмы з дапамогай сашчэпак.

У маім дзяцінстве шырму замяняла пакрывала, нацягнутае паміж крэсламі. Але падчас майстар-класа арганізатары падкінулі больш арыгінальную ідэю. Можна звычайную сушылку для адзення накрыць прасціной. Настольная шырма для лялечнага тэатра лёгка робіцца з вялікага пачка з-пад бытавой тэхнікі.

— Падрыхтоўка — вельмі важны момант, — падкрэсліла Святлана Пратапопава. — Нават больш важны, чым сам спектакль. Бо менавіта падчас яе сям'я згуртоўваецца. Вельмі важна максімальна прыцягваць да кожнага этапу ўсіх дзетак, нават самых маленькіх. Старайцеся максімальна ўключаць іх прапановы ў спектакль, каб малыя адчувалі значнасць сваіх ідэй.

Калі тэкст вывучаны і лялькі гатовыя, самы час падумаць пра гледачоў. Намалюйце разам афішу і квіткі на спектакль. А пасля смела запрашайце суседзяў, сяброў, бабуль і дзядуляў, дзядзяў і цёцяў.

Надзея ДРЫЛА

dryla@zviazda.by

Фо­та Ган­ны ШАР­КО

Загаловак у газеце: Сямейны тэатрык

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?