Вы тут

Вольга Дзядзюля: Кінолаг — прафесія пастаяннага развіцця


Сабака — адна з першых жывёл, якую змог прыручыць чалавек, аднак у сучасным свеце не кожны ўладальнік ведае, як знайсці падыход да свайго гадаванца. У гэтым выпадку на дапамогу прыходзяць кінолагі. Мы пагутарылі з Вольгай Дзядзюляй, якая працуе ў гэтай сферы ўжо доўгі час, мае мноства ўзнагарод, а таксама з'яўляецца кінолагам на здымках розных фільмaў і серыялaў, і высветлілі ў яе, што гэта за работа, каму патрэбна дапамога спецыяліста і што павінен ведаць пачынаючы сабачнік.


— Кінолаг — спецыяліст па выхаванні і дрэсіроўцы сабак. У больш вузкім і спецыялізаваным сэнсе — павадыр службовага сабакі ў арміі. Вы ж не садзіцеся за руль машыны, не навучыўшыся кіраваць у спецыяліста. З жывёламі тое ж самае: каб не «наламаць дроў» і потым не думаць, як выправіць свае памылкі, а атрымаць адразу камфортнага ў побыце і паслухмянага гадаванца, неабходна дапамога кінолага.

У першую чаргу трэба вызначыцца з тым, якога выніку вы хочаце дасягнуць, бо ў кінолагаў ёсць свае спецыялізацыі. Напрыклад, ёсць інструктары па дрэсіроўцы спартыўнай і бытавой. Ёсць тыя, хто займаюцца навучаннем абароне, як правіла, гэта мужчыны. Хтосьці навучае паслухмянству, а хтосьці — следавой рабоце або ноўзворку — навыку вызначэння розных пахаў.

— Калі шчыра, ніколі не думала быць кінолагам. Марыла быць ветэрынарам, юрыстам, педагогам. Сабакі ў маім жыцці з'явіліся, калі мне было гадоў дзевяць, а цяпер я ўжо не ўяўляю жыцця без іх. Упершыню аб сур'ёзнай дрэсіроўцы задумалася дванаццаць гадоў таму, калі ў мяне з'явіўся радэзійскі рыджбек. Тады ж пачала працаваць на здымачнай пляцоўцы, і мяне з ім сталі запрашаць здымацца ў кіно, але для гэтага патрабаваліся спецыяльныя навыкі. І, рыхтуючыся да адной ролі ў серыяле ў Ігара Чацверыкова «Смяротны танец», я настолькі захапілася дрэсурай, што захацелася больш сур'ёзнай работы з сабакам. Купіла малінуа — гэта разнавіднасць бельгійскай аўчаркі, стала займацца ІGP-кіналагічным мнагабор'ем, і так здарылася, што вось я ўжо тая, хто я ёсць.

З моманту атрымання першага досведу Вольга навучыла мноства гадаванцаў. Па яе словах, агульную колькасць сабак яна ніколі не лічыла, тым больш палічыць наўрад ці магчыма. Бо ёсць тыя, хто прыходзіць на разавыя кансультацыі, бывае дрэсіроўка падчас кіназдымак. Дарэчы, з сабакамі ў кіно суразмоўніца працуе ўжо больш за дзесяць гадоў. Самым працяглым і знакамітым праектам, дзе яна была кінолагам, стаў тэлесерыял «Вяртанне Мухтара. Новы след». Акрамя гэтага, Вольга рыхтуе сабак да спаборніцтваў, а таксама шмат кансультуе розныя кіналагічныя спецслужбы нашай краіны.

— Свайго першага падапечнага я, мусіць, ужо і не назаву, бо мне цяжка зразумець, каго менавіта лічыць першым. Стаць кінолагам не было аднамомантным рашэннем. Пачыналася з таго, што, бачачы ўзровень выхавання маіх сабак, да мяне сталі звяртацца па параду і дапамогу, і ў нейкі момант я зразумела, што за гэта неабходна браць аплату, бо, лічу, любыя веды, атрыманыя бясплатна, не цэняцца. А вось самы складаны гадаванец — гэта, несумненна, Мансур, нямецкая аўчарка. Мы з ім працавалі каля пяці гадоў, здалі розныя нарматывы і кёрунг — тэсціраванне сабак гэтай пароды з мэтай племяннога адбору, якое ўключае экспертызу экстэр'ера і працоўных якасцяў. Вельмі доўга шукала падыход да яго і выбудоўвала з ім адносіны. Было ўсякае: і бойкі з ім пад Новы Год, і «вясёлыя» старты з дыскваліфікацыяй. Але ён мяне шмат чаму навучыў, асабліва цярпенню. Званне самага незвычайнага я б аддала шчанюку ваўка, які апынуўся ў мяне на ператрымцы. А самы любімы — лабрадор Ума, які ўжо каля шасці гадоў да мяне ходзіць. Першапачаткова запыт быў проста на камфортнага ў побыце сабаку, а цяпер Ума з гаспадыняй Марынай займаюцца спартыўнай паслухмянасцю і следавой работай. І я, мусіць, не схлушу, калі скажу, што гэта сапраўды першы і адзіны ў Беларусі лабрадор, які здаў нарматыў ІBGH-2 — адзін з нарматываў, які ўваходзіць у сістэму ІGP, ускладненая дэманстрацыя навыкаў паслухмянасці. За гэтыя гады яны не прапусцілі ніводнай трэніроўкі.

Акрамя сабак, якіх навучае Вольга, у яе ёсць свае, і не адзін, а цэлых дзесяць! Яны абсалютна рознага ўзросту: ад сямі месяцаў да амаль 13 гадоў. А таксама розных парод.

— Лічу, што кінолаг без сабакі — не кінолаг. Мая прафесія патрабуе ўвесь час трымаць сябе ў форме, развівацца. Не маючы гадаванца, гэта немагчыма. Навучыцца працаваць з сабакамі толькі па падручніку нельга — гэта ў першую чаргу вялізны пласт практычнай работы. Больш за тое, я не веру ў прафесіяналізм кінолагаў, у якіх увесь асабісты досвед заснаваны на адным дварняжку, хай і досыць таленавітым, і якія ні разу не здавалі ніякіх сур'ёзных нарматываў са сваімі гадаванцамі.

Наша суразмоўніца звяртае ўвагу, што набыццё сабакі — адказны крок. Самае галоўнае пры выбары — дакладна разумець, для чаго ён патрэбны, не ганяцца за «моднымі» пародамі і быць гатовым да таго, што ў вас будзе новы член сям'і, які запатрабуе вашай увагі і навучання.

— Рабіць гэта неабходна з першага дня, як толькі ён трапіў у дом. Я пачынаю працаваць з 2,5-3 месяцаў. Гэта самы «салодкі» і важны ўзрост. Калі ж гадаванец да года жыў па ўласных правілах, а гаспадар пускаў усё на самацёк, то наступствы можна будзе выпраўляць усё астатняе жыццё, а некаторыя моманты могуць так і застацца непапраўнымі. Абавязковымі, на мой погляд, камандамі з'яўляюцца бездакорнае веданне сваёй мянушкі і падзыў, любыя каманды на фіксацыю і вытрымку, напрыклад, «ляжаць» ці «сядзець». Акрамя гэтага, гадаванца трэба навучыць хадзіць на правіслым ланцужку і заставацца спакойна дома або там, дзе яго пакінулі. Ну і, вядома, ігнараваць любыя раздражняльнікі — сабак, машыны, катоў, птушак і іншых.

А вось караць сабаку, як кажа Вольга, катэгарычна нельга. Яно само па сабе неэфектыўна і не тлумачыць жывёле нічога. Гэта тупік. Спачатку гаспадары павінны навучыць свайго гадаванца правільным паводзінам, бо ён не нараджаецца з прыроджанай паслухмянасцю, а жыве інстынктамі. І толькі навучыўшы гэтаму, мы можам выкарыстоўваць карэкцыю.

— Да мяне на заняткі заўсёды прыходзяць з адной і той жа просьбай — выхаваць сабаку або выправіць нейкія праблемныя паводзіны. А вось прычыны праблем і спосабы іх вырашэння ўжо розныя. Больш за ўсё я люблю, калі прыходзяць адказныя гаспадары са шчанюком у тры месяцы, калі толькі забралі яго ад заводчыка. Апошнім часам вельмі часта звяртаюцца яшчэ да з'яўлення гадаванца ў доме. Я дапамагаю вызначыцца з пародай, выбраць шчанюка. І далей ужо дапамагаю выхаваць сябра. Адмаўляю ў занятках рэдка. Як правіла, гэта «бегуны» — уладальнікі, якія бегаюць ад аднаго кінолага да іншага. Працаваць з такімі няма сэнсу, бо яны бяруць пару заняткаў і звяртаюцца да новага спецыяліста. Ацаніць вынік за такі час немагчыма: гэта сістэмная і працяглая работа, якая патрабуе поўнай аддачы як ад трэнера, так і ад уладальніка.

Акрамя заняткаў ужывую, Вольга ідзе ў нагу з часам і праводзіць анлайн-кансультацыі і нават рыхтуе зараз анлайн-курс па выхаванні сабак, якім змогуць скарыстацца тыя, хто не мае магчымасці наведваць вочныя заняткі.

— У мяне вельмі шмат кліентаў на анлайн-заняткі заходзяць з-за мяжы. Канешне, такі фармат мае свае абмежаванні і нюансы, але ён таксама можа быць эфектыўны. Аднак ёсць шэраг пытанняў, якія анлайн я катэгарычна не прапрацоўваю. Напрыклад, пытанні агрэсіі. Тут крытычна важныя любыя дробязі і дэталі, якія ўладальнік не заўважыць з прычыны нявопытнасці, а камера не перадасць нюансы. Як вынік, гэта можа пагоршыць сітуацыю ці нават прывесці да трагедыі.

Як паказвае статыстыка, у большасці сем'яў чатырохногі сябар з'яўляецца па просьбе дзяцей. І каб яны таксама неслі адказнасць за свайго гадаванца і маглі яго выхоўваць, Вольга адкрыла сваю школу юнага кінолага.

— Ідэю выношвала вельмі даўно. У ёй мне ўдалося сумясціць дзве любімыя справы: работу педагога і кінолага. Школа працуе ўжо сем гадоў і базіруецца ў Фізкультурна-спартыўным цэнтры дзяцей і моладзі Першамайскага раёна сталіцы. Тут займаюцца дзеці, якія маюць сваіх сабак, і не маюць. Адмыслова для дзяцей, у каго няма пакуль свайго гадаванца, я набыла жывёл пароды вельш-коргі пемброк, з якімі яны могуць займацца. Навучанне ўключае вялізны блок тэорыі і практыкі. Выпускнікі школы выступаюць на кіналагічных спаборніцтвах, выстаўляюць сабак на выставах і ўдзельнічаюць у конкурсах для юных хэндлераў — тых, хто дасягнуў 18 гадоў, у рамках выставы, што праходзіць па пэўных правілах. Там ацэньваецца прафесіяналізм паказу сабакі і яго жаданне супрацоўнічаць з хэндлерам — спецыялістам, які рыхтуе гадаванца да паказу, а таксама экспануе яго. А ёсць выхаванцы школы, якія звязалі сваё жыццё з сабакамі і працуюць інструктарамі па дрэсіроўцы або служаць у кіналагічным падраздзяленні са сваім гадаванцам.

Ангеліна НОВІКАВА

Фота дадзены гераіняй

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».