Вы тут

Чэмпіёнка Еўропы Ірына Курачкіна раскрывае сакрэты сваіх перамог


З 15 відаў спорту, якія ўвайшлі ў праграму ІІ Еўрапейскіх гульняў, барацьба з'яўляецца адным з самых перспектыўных для нас у плане заваявання медалёў. На нядаўнім чэмпіянаце Еўропы ў расійскім Каспійску беларусы атрымалі дзевяць узнагарод, шэсць з іх належаць дзяўчатам. Ірына Курачкіна стала ўладальніцай «золата» і сёння з'яўляецца адной з самых тытулаваных атлетак краіны ў гэтым відзе спорту. Сярод галоўных яе турніраў у будучыні — Еўрапейскія гульні ў Мінску і Алімпіяда-2020 у Токіа, пра якія дзяўчына не хоча загадваць і сёння лічыць за лепшае працаваць. У інтэрв'ю «Звяздзе» чэмпіёнка Еўропы расказвае пра тое, якой цаной далося ёй «золата» і чаму жаночая барацьба больш жорсткая за мужчынскую.


— Ірына, з якімі мэтамі ехалі на чэмпіянат Еўропы ў Каспійск?

— Вядома, хацелася выйграць медаль, але якой вартасці, загадваць не магла. На зборах рыхтавалася да гэтага старту, на спаборніцтвах стаяла задача ўсю праведзеную работу паказаць на справе, лічу, што ў мяне гэта атрымалася.

— Ці складана было дайсці да фіналу?

— У прынцыпе, практычна ўсіх саперніц, з якімі даводзілася змагацца, я ведала, сустракалася з імі на розных турнірах. Але настройвалася на ўсіх аднолькава сур'ёзна, простых сутычак не было. У фінале сустрэлася з пераможцай І Еўрапейскіх гульняў, прызёркай чэмпіянату свету 2017 года, тытулаванай спартсменкай Раксанай Мартай Засінай з Польшчы. Да канца сустрэчы заставалася тры долі секунды, а я ўжо пачала святкаваць перамогу і ледзь не паплацілася за гэта. Саперніца скарысталася маёй расслабленасцю і правяла прыём, атрымала ацэнку, бо яшчэ не было свістка суддзі, які знаходзіцца на дыване. Па якасці дзеянняў у мяне былі падвойныя балы, таму пашанцавала, я выйграла. Гэтую памылку мы ўжо абмеркавалі з трэнерамі і зрабілі высновы, што змагацца трэба да канца.

— Перамогу ў Каспійску можна назваць адной з самых каштоўных у вашай скарбонцы?

— Усе вынікі для мяне важныя, нават калі гэта не першае месца, а пятае. Калі яно заслужанае, калі ты адчуваеш сябе добра і вядзеш атакуючую барацьбу, то любы вынік ацэньваю як станоўчы. Кожны медаль — гэта цана тваёй працы. Вядома, «золата» чэмпіянату свету ці Алімпійскіх гульняў — гэта самыя каштоўныя ўзнагароды, але чэмпіянат Еўропы таксама важны, гэта адзін з этапаў падрыхтоўкі да іншых спаборніцтваў.

— Ведаю, што пасля яго на вас абрынулася ўвага журналістаў.

— Скажу шчыра, для мяне гэта нязвыкла. Усё на публіцы, моманты і сямейнага, і асабістага характару, а я гэтага не люблю. Таму такая ўвага выклікае дыскамфорт, псіхалагічна я ад гэтага стамляюся. Хоць, калі запрашаюць на тэлебачанне, інтэрв'ю для газет і часопісаў, я з радасцю адгукаюся, прыемна, што пра мяне ўспамінаюць, што кажуць аб барацьбе.

— На малой радзіме вас пазнаюць?

— Я з пасёлка Круглае Магілёўскай вобласці, ён настолькі невялікі, што і так усе адно аднаго ведаюць. Мяне рэгулярна віншуюць з поспехамі, пішуць пра іх у мясцовых газетах.

— Вы з'яўляецеся адной з самых тытулаваных спартсменак у беларускай жаночай барацьбе, у чым сакрэт поспеху?

— Поспех — гэта жаданне, праца і цярпенне. Я займаюся любімай справай, аддаюся спорту, а ён — мне, гэта такая ўзаемасувязь. Проста трэба любіць сваю справу і ўвесь час імкнуцца перамагаць.

— Часта даводзіцца чуць, што барацьба — не жаночы від спорту?

— Часцей за ўсё пра гэта кажуць дылетанты або хлопцы. Бокс — таксама не жаночы від спорту і ўсе астатнія адзінаборствы, але людзі трэніруюцца, выступаюць. Крытыку збоку я ўспрымаю нармальна, калі камусьці не падабаецца барацьба, гэта ж не значыць, што трэба сыходзіць або закрываць гэты від спорту, ён алімпійскі, значыць, людзі лічаць, што ён павінен быць. Перш за ўсё стараюся прыслухоўвацца да сябе, а не да навакольных. Мая сям'я прымае тое, чым я займаюся, сябры падтрымліваюць.

— Хвалюе, як вы знешне выглядаеце падчас паядынку?

— Не, я ж не на подыум выходжу. Перш за ўсё думаю пра тое, каб нічога не замінала, таму, напрыклад, мы выходзім на дыван з заплеценымі валасамі. Стараемся рабіць адна адной прычоскі.

— Ёсць меркаванне, што жаночая барацьба на парадак больш жорсткая за мужчынскую...

— Жаночая барацьба больш эмацыянальная. Наконт бруднай барацьбы, можа, у жаночай гэтага крыху больш. Дзесьці саперніца можа схапіць цябе за пальцы, на чэмпіянаце Еўропы ў Рызе, калі я стала другой, змагалася з украінкай, яна хацела зрабіць прыём і запусціла мне руку ў валасы, як бы ўзяла захоп. Я адрэагавала гэтак жа, таксама запусціла ёй руку ў валасы і паказала, што так не пройдзе. Сапраўды бываюць моманты, калі дзяўчаты могуць дазволіць сабе больш за мужчын.

— Якія траўмы найбольш распаўсюджаныя ў барацьбе?

— Праблемы з каленямі і плячыма. Мяне яны, на шчасце, пакуль абыходзілі бокам, была аперацыя на шыі — міжпазваночная грыжа, але гэта не так страшна.

— Пэўная вагавая катэгорыя абавязвае пастаянна сачыць за сваімі кілаграмамі...

— Ёсць урачы, спецыялісты, якія займаюцца дыетычным харчаваннем, дзесьці спартсмен сам можа прытрымліваць вагу. Калі мне трэба крыху скінуць, прыбіраю салодкае і мучное, пераходжу на мяса без гарніраў, раблю меншыя порцыі. У гэтых адносінах для мяне няма ніякіх складанасцяў.

— Вы выступаеце ў вагавай катэгорыі да 55 кг, на Алімпійскіх гульнях будзе катэгорыя да 57 кг, што плануеце рабіць?

— Будзем набіраць вагу: 55 кг я прытрымліваюся, а 57 кг — гэта аптымальна для мяне, пытанне ў тым, каб не проста набраць форму ў гэтую патрэбную катэгорыю, а добра падвесці сябе да Алімпіяды. Тут ужо будзем працаваць з трэнерамі. Вельмі хочацца адабрацца на Гульні, таму што гэта галоўны старт чатырохгоддзя. Засталося два гады, здаецца, гэта маленькі тэрмін, але адначасова ён і вялікі. Галоўная задача цяпер не расслабляцца, рыхтавацца да любога старту. Наперадзе яшчэ будуць турніры, дзе можна паспрабаваць сябе ў новай катэгорыі.

— У ІІ Еўрапейскіх гульнях удзельнічаць плануеце?

— Вядома, хацелася б, але я не люблю загадваць, лепш гэтага не рабіць, а проста верыць у лепшае.

— Псіхалагічна складана даецца перыяд трэніровак і спаборніцтваў?

— Спачатку было цяжка, калі ўвесь час знаходзішся ў рэжыме барацьбы — гэта трошкі душыць, але ёсць трэнеры, якія дадуць патрэбную параду, псіхолаг, які дапаможа разгрузіць абстаноўку. Людзі працуюць над тым, каб не загнаць спартсмена. Цяпер, калі ўжо ёсць вопыт, рабіць сваю працу стала прасцей.

— Хто вашы галоўныя балельшчыкі?

— Галоўны — гэта мой трэнер Артур Яўгенавіч Зайцаў, таму што ён заўсёды перажывае, заўсёды імкнецца падтрымаць, нават калі я прайграла, сказаць добрае слова, а не адразу пераходзіць у наступленне і да разбору памылак. Перажываюць, вядома, бацькі, сям'я. Радуюцца перамогам і ў федэрацыі, сябры, нават калі не заўсёды ў кагосьці атрымліваецца паглядзець паядынкі.

— На барцоўскім дыване вам неабходны характар, жорсткасць. Гэта потым адлюстроўваецца ў звычайным, не спартыўным жыцці?

— У маім выпадку так. Я яшчэ не навучылася перастройвацца. Калі ты пастаянна жывеш у трэніровачным рэжыме, гэта складана. У жыцці ж таксама часта даводзіцца абараняць сябе, і я гэта раблю. Характар дае аб сабе знаць, сапраўды, не магу сказаць, што ў жыцці я дзяўчынка-дзяўчынка.

— Сукенкі, абцасы, шопінг?

— Для мяне гэта вельмі цяжка. Мне падабаецца, калі на кімсьці надзеты спадніца, сукенка, глядзіцца класна, але мне лепш надзець шорты ці джынсы, красоўкі, балеткі, каб абутак быў мяккі і зручны. Я стараюся неяк змагацца з сабой, дзесьці надзець блузку, нафарбавацца, бо некаторыя мерапрыемствы абавязваюць, але пакуль гэта выклікае ў мяне дыскамфорт.

— З дзяцінства марылі стаць спартсменкай?

— Спачатку займалася лёгкай атлетыкай і паступіла ў вучылішча алімпійскага рэзерву менавіта па гэтым відзе спорту. Думкі пра тое, што буду займацца спортам прафесійна, паўсталі, калі перайшла на барацьбу.

— Чым займаецеся звычайна акрамя спорту?

— Спорт — гэта і прафесія, і хобі. Ён — большая частка асабістага часу. Акрамя барацьбы люблю веласіпед, басейн, прагулкі, кінатэатр, кнігі, часопісы.

— Зараз вы не замужам?

— Не і пакуль не збіраюся. Мяне сітуацыя з замужжам ні кроплі не палохае, не шкадую, што цяпер цалкам аддаюся спорту. Як многія кажуць, магчыма, пашкадую потым... Усяму свой час, пакуль я не гатовая ні да сям'і, ні да адносін.

— Які мужчына павінен быць побач са спартыўнай моцнай дзяўчынай?

— Дакладна павінен быць мацнейшы за жанчыну, людзі павінны падыходзіць адно аднаму, гарманіраваць, прыслухоўвацца, умець падтрымаць. Наогул, калі адно аднаго любяць, то ўсё па сваіх месцах расставіць жыццё.

— Якія мэты ў вас наперадзе?

— Хацелася б выйграць чэмпіянат свету і ўзяць медаль Алімпійскіх гульняў, але загадваць рана, гэта ўсё праца, зараз я хачу працаваць і прысвячаць сябе сваёй справе.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: «Аддаюся спорту, а ён — мне»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.