У дыялогу


Мастацтва ў новым прачытанні — менавіта пад такім дэвізам адбылося адкрыццё І Міжнароднага фестывалю сучасных мастацтваў «Арт-Мінск» у Палацы мастацтваў.


Паводле задумы арганізатараў, фестываль павінен ператварыць увесь горад у адзіную выставачную пляцоўку, з гэтай мэтай былі прыцягнутыя самыя розныя галерэі і музеі Мінска: ад Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь да мастацкай галерэі «Прадмесце».

— Шчыра віншую наш горад з буйным мастацкім святам. За 25 гадоў адноўленай дзяржаўнасці мы настолькі актыўна прадстаўлялі сябе ў свеце, што надышоў час заявіць пра сябе гучна, — падкрэсліў на адкрыцці старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца. — Гэта мастацкая імпрэза еўрапейскага ўзроўню, якая дэманструе нашы магчымасці і поспехі ў творчым свеце. Але ў нас нічога не адбылося б без Белгазпрамбанка, які клапоціцца не толькі пра фінансавы складнік некаторых падзей у дзяржаве, але і пра культуру нацыі. Гэта прыклад іншым арганізацыям, як трэба дбаць пра перспектывы краіны і нацыянальнай культуры, праз якую мы замацоўваемся ў прасторы і часе.

Удзельнікі праекта паставіліся да канцэпцыі выстаўкі з адказнасцю, некаторыя падрыхтавалі новыя праекты з адмысловым падыходам. Напрыклад, Максім Пятруль паказвае гісторыю стварэння твора — ад макета да броназавай скульптуры. Трыпціх Паўла Вайніцкага са шклянымі колбамі і працівагазамі ўражвае тым, што ў яго аснове — дыханне чалавека.

— Ведаю, што заяўкі падавалі больш за 800 мастакоў. Калі б можна было, я б выставіў абсалютна ўсіх. На жаль, колькасць месцаў была абмежаваная, — заўважыў на адкрыцці куратар праекта «Арт-Мінск» італьянскі арт-крытык Стэфана Антанелі. — Хтосьці думае, што мастацтва павінна быць прыгожым, хтосьці ўпэўнены, што павінна выяўляцца эмоцыямі, скандалам ці правакаваць. А я мяркую, што мастацтва павінна ствараць адносіны паміж творам і гледачом. Гэта экспазіцыя дэманструе дыялог паміж чалавекам і творчасцю. Гэта праект глабальнага ўзроўню. У Беларусі я ўбачыў шмат жывога мастацтва, якое ідзе ад традыцыі да будучыні.

Да фестывалю падрыхтаваная карта «Арт-Мінска»: кожны ахвотны можа наведаць найбольш цікавыя кропкі і пляцоўкі і азнаёміцца з арыгінальнымі куратарскімі праектамі ў галіне сучаснага мастацтва, пабываць на персанальных выстаўках беларускіх мастакоў і замежных майстроў, гасцей фестывалю.

Вікторыя АСКЕРА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.