Старшыня верхняй палаты парламента расказаў кітайскім журналістам пра аспекты двухбаковай інтэграцыі.
Шосты — фінальны — дзень насычанага тура прадстаўнікоў СМІ Кітая па Беларусі пачаўся з прэс-канферэнцыі старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіла Мясніковіча. На сустрэчы прысутнічалі рэпарцёры цэнтральных і рэгіянальных медыя Паднябеснай. Журналісты цікавіліся пытаннямі эканамічнага, навуковага, міжпарламенцкага ўзаемадзеяння дзвюх краін. Надзённыя тэмы — развіццё транспартных зносін і перспектывы партнёрства ў рамках ініцыятывы «Адзін пояс і адзін шлях».
Міхаіл Мясніковіч адзначыў: «Мы даражым адкрытымі і сяброўскімі адносінамі з кітайскім народам». Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліў унікальнасць беларуска-кітайскага супрацоўніцтва, якое набыло аспект сумеснага развіцця.
Лейтматывам сустрэчы з журналістамі стала эканамічная інтэграцыя. Ад звычайнага гандлю трэба пераходзіць да маштабных праектаў — сумесных кампаній, нават з рэзідэнтамі трэціх краін. «Гэта стане каталізатарам развіцця: прамысловая кааперацыя, сумесны бізнес, фінансавыя праекты. Я падкрэсліваю: як на тэрыторыі Кітая, так і ў Беларусі», — сказаў Міхаіл Мясніковіч. У якасці прыкладу сенатар прывёў прадпрыемства «БелДжы», індустрыяльны парк «Вялікі камень», дзе створаны беспрэцэдэнтныя ўмовы для бізнесу.
Цікавіліся журналісты і праектамі ў рамках ініцыятывы «Адзін пояс і адзін шлях».
— Мы бачым галоўную задачу ў спалучэнні эканамічнага пояса Шаўковага шляху і Еўразійскага эканамічнага саюза. На мой погляд, тут галоўнае не хуткасць, а стабільная і эфектыўная работа. Таму што тэма дастаткова далікатная, мы павінны ўлічваць усе інтарэсы. Мы лічым, што ініцыятыва «Адзін пояс і адзін шлях» вельмі правільная, і мы з ёй звязваем вялікія надзеі, — сказаў спікер Савета Рэспублікі.
Праект Шаўковага шляху спрыяе і развіццю супрацоўніцтва ў сферы чыгункі. За апошнія сем гадоў у чыгуначную гаспадарку Беларусі інвеставана два з паловай мільярды долараў.
Сапраўднай «жамчужынай» праекта «Адзін пояс і адзін шлях» называюць Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень». Сёння сярод яго рэзідэнтаў 33 кампаніі з Беларусі, Кітая, Еўропы і Амерыкі. Плануецца, што да канца года іх колькасць павялічыцца да 40.
Яшчэ адзін актуальны аспект для інтэграцыі — Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва. У 2015 годзе Беларусь атрымала ў ёй статус наглядальніка. І па сутнасці, сёння краіна з'яўляецца заходнімі варотамі аб'яднання. «Мы гуляем на гэтым полі, не сядзім на лаве запасных. Таму наша краіна актыўна падтрымлівае работу па расшырэнні ШАС. ШАС імкліва становіцца адной з самых уплывовых міжнародных арганізацый. І асаблівую каштоўнасць набывае працэс збліжэння краін ва ўмовах большага ўзмацнення рэгіянальных канфліктаў. Гэта вельмі важная арганізацыя. Сёння яна аб'ядноўвае больш за палову насельніцтва планеты», — паведаміў Міхаіл Мясніковіч.
Плануецца, што ў чарговым саміце ШАС (ён адбудзецца ў чэрвені 2018 года ў горадзе Цындаа) возьме ўдзел Прэзідэнт Беларусі. Магчыма, на палях мерапрыемства адбудзецца сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з лідарам Кітая Сі Цзіньпінам.
На прэс-канферэнцыі ў Савеце Рэспублікі таксама прысутнічалі міністры прамысловасці, фінансаў і эканомікі Беларусі, прадстаўнікі іншых ведамстваў і арганізацый.
Міністр прамысловасці Віталь Воўк пракаментаваў дасягненні ў рэгіянальным супрацоўніцтве з правінцыяй Хубэй: «Мінскі завод колавых цягачоў у далёкім 1998 годзе арганізаваў сумеснае прадпрыемства «Санцзян-Волат». Яно працуе і сёння».
Міністэрства фінансаў Беларусі ўскладае вялікія надзеі на інвестыцыйнае супрацоўніцтва з Кітаем. Распрацоўваецца ідэя беларуска-кітайскага інвестыцыйнага фонду. Як мяркуецца, гэты праект будзе спрыяць далейшаму развіццю сумесных ініцыятыў.
Гэты год праходзіць пад знакам Года турызму Беларусі ў Кітаі. Прэзентацыя патэнцыялу нашай краіны ў гэтым напрамку стала адной з мэт прэс-тура. Тысячы кіламетраў паміж краінамі не перашкаджаюць развіццю сяброўскіх адносін. Зараз абмяркоўваюцца праекты па наладжванні авіязносін з рэгіёнамі Паднябеснай. Мяркуецца, што значным вынікам Года турызму можа стаць падпісанне пагаднення аб адмене віз паміж краінамі на перыяд да 30 дзён.
Марыя ДАДАЛКА
Фота БелТА
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.