Вы тут

Што адбылося за тыдзень у Савеце Рэспублікі


Удзельнікі алімпіяды завіталі ў верхнюю палату

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Рахманаў сустрэўся з удзельнікамі і арганізатарамі 52-й Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіяды, якая праходзіла сёлета ў Мінску.

Сустрэча беларускага сенатара з прадстаўнікамі буйнога навуковага спаборніцтва па хіміі не выпадковая. Сяргей Рахманаў узначальвае Беларускае хімічнае таварыства, з'яўляецца доктарам хімічных навук, прафесарам і членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. «Алімпіяда аб'ядноўвае краіны і народы не пад палітычнымі лозунгамі, а пад навуковымі і адукацыйнымі, — сказаў вучоны і парламентарый. — Мерапрыемства мае вялікі аб'яднальны эфект. Бо ў сённяшніх няпростых умовах паміж рознымі дзяржавамі складаныя ўзаемаадносіны, шмат рознагалоссяў, калі не сказаць больш. А гэта пляцоўка не мае падаплёкі для канфрантацыі, тут поўнае разуменне ў мэтах навуковага і адукацыйнага развіцця».

У зацікаўленым абмене думкамі з нагоды развіцця школьных алімпіяд у кантэксце міжнароднага супрацоўніцтва таксама ўдзельнічалі прадстаўнікі дыпламатычных місій.


Ліцэісты і юныя грамадскія дзеячы пазнаёміліся з работай парламента

Яшчэ некалькі сустрэч з моладдзю адбылося цягам тыдня ў Савеце Рэспублікі. У мінулую сераду старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Ірына Старавойтава сустрэлася з вучнямі Рэчыцкага раённага ліцэя, а ў пятніцу — з маладымі лідарамі грамадскага аб'яднання «Белая Русь».

Для маладых людзей былі арганізаваныя экскурсіі па будынку верхняй палаты беларускага парламента. Сенатар расказала пра кампетэнцыі Савета Рэспублікі і яго дзейнасць, пра міжпарламенцкае супрацоўніцтва і рэалізацыю прыярытэтных кірункаў маладзёжнай палітыкі. Ірына Старавойтава падкрэсліла важнасць прыцягнення моладзі да парламенцкай дзейнасці, што стане рэальным пасля стварэння рэспубліканскага маладзёжнага парламента, ідэя якога ўхвалена кіраўніцтвам краіны. У канцы абедзвюх сустрэч сенатар адказала на пытанні юных гасцей Савета Рэспублікі.


Сенатар ад Магілёўскай вобласці наведаў свае рэгіёны

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Уладзімір Панцюхоў узяў удзел у пасяджэнні Краснапольскага раённага выканаўчага камітэта, на якім былі разгледжаны пытанні развіцця раёна, працэс фінансавага аздараўлення акцыянернага таварыства «Краснапольскі» і выкананне працоўнага заканадаўства на мясцовых прадпрыемствах.

Пасля пасяджэння парламентарый правёў сустрэчу з жыхарамі раёна і прамую тэлефонную лінію. Людзі агучылі пытанні ў сферах будаўніцтва жылля, рамонту дарог, павышэння заробкаў і пенсій. У аграгарадках Леніна і Тур'я сенатар даследаваў праблемы, выкладзеныя ў калектыўных зваротах. Уладзімір Панцюхоў на асабістым прыёме і падчас тэлефонных размоў таксама выслухаў жыхароў Чэрыкаўскага і Чавускага раёнаў. Гучалі скаргі на работу камунальных службаў, просьбы аб падтрымцы работы Чэрыкаўскага савета ветэранаў і аб дапамозе ў атрыманні крэдыту. Член Савета Рэспублікі наведаў Вепрынскі сельсавет, дзе пазнаёміўся з умовамі для прыцягнення прамых замежных інвестыцый у будаўніцтва фотаэлектрычнай станцыі.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Як галасуюць рэгіёны на выбарах Прэзідэнта

Як галасуюць рэгіёны на выбарах Прэзідэнта

Расказваюць нашы карэспандэнты.

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.