Вы тут

Крывыя скокі ліхтароў


Крывыя скокі ліхтароў

Яна бегла з усіх ног і паспела.

Кіроўца не застаўся абыякавым, прытрымаў дзверы. Узнагародай яму была шырокая ўсмешка прывабнай дзяўчыны — што яшчэ трэба, каб разнастаіць звыклы маршрут. Цяжка дыхаючы, яна села каля акна і стала разматваць навушнікі, а я ўспомніў, што мае зламаліся раніцай, як быццам спецыяльна, каб зрабіць даўжэйшай і так доўгую дарогу.

Агледзеў пасажыраў: большасць з іх была па той бок рэальнасці. Мужычок у скураной кепцы-васьміклінцы чытаў газету, але, відавочна, быў не супраць далучыцца да суседа, які гартаў стужку навін у смартфоне. Я здзівіўся, як ён паспявае нешта зразумець на такой хуткасці. Так і той мужы­чок, што нахіліў галаву для непрыкметнага, на яго думку, шпіянажу, хутка адвярнуўся да акна, па­цёр вочы і пачаў далей чытаць газету. Дзве жанчыны гутарылі, павярнуўшыся адна да адной, — я напружыў слых, але да мяне да мяне данесіліся толькі абрыўкі сказаў:

— ...дзеці… павага… да старэйшых… а калі… важаць… дзяцей…

Я здзівіўся, дадумаўшы сэнс гутаркі, але пра сябе пагадзіўся з пачутым. За спінай зазваніў тэле­фон, мужчынскі голас адказаў і пасля хвіліны мармытання ў слухаўцы забасіў на ўвесь салон:

— Рабі так, як табе сказалі! Разважае ён! Пачнеш зарабляць — пачнеш і разважаць!

Я ў думках падсадзіў мужчыну да тых дзвюх жанчын і уявіў, што магло б з гэтага атрымацца.

Аўтобус затармазіў. Я заўважыў, што садзіцца сонца і змянілася надвор’е: замест светлага пей­зажу за акном гусцеў шэры туман, з якога на мяне вынырнуў прыпынак і нейкі стары, што хацеў увайсці ў аўтобус. «Падобны да майго дзеда», — падумаў я, паклаў падбародак на спінку сядзення ды заплюшчыў вочы.

Прачнуўся ад сухога кашлю над левым вухам. Побач сядзеў той самы стары, ад яго пахла сы­расцю і цвіллю, хоць я і гатовы даць галаву адсячы, што не ведаю, як пахне цвіль. За акном было цёмна, у салоне гарэлі лямпачкі.

— Ці не падкажаце, колькі часу? — стары сеў у крэсле, павярнуўшыся да мяне бокам. Здава­лася, ён прамахнуўся паглядам міма мяне, бо яго зрэнкі замерлі вышэй за мой лоб. Падумаў, што ён сляпы, але раптам стары перавёў пагляд, і я зразумеў, што памыліўся: здавалася, стары бачыць мяне наскрозь.

— Часу, кажу, колькі, га?

Скінуўшы здранцвенне, засунуў руку ў партфель у пошуках тэлефона. Націснуўшы на кнопку разблакіроўкі, я ўжо адкрыў рот, каб адказаць, але занадта паспяшаўся. Спачатку экран паказаў 19:08, потым лічбы закруціліся і склаліся ў 8:19. А пасля я ўбачыў 10:91 і ціхенька вылаяўся.

— Прабачце, у мяне тэлефон паламаўся, — сказаў я і паказаў старому экран.

— А, ужо 80:11? Многа, — стары прадэманстраваў шырокую бяззубую ўсмешку.

Мне спадабаўся жарт, ды і сам стары, таму я звярнуўся да яго зноў:

— Куды едзеце?

— Дадому.

— З гасцей, мабыць? — я таксама павярнуўся да яго бокам.

— Еду з дома для састарэлых. І хоць мой дом таксама ў нейкім сэнсе дом састарэлых, бо там жыву я, — гэта не адно і тое ж, — стары зноў усміхнуўся, а я сумеўся і прамаўчаў. Але ён і так адчуў смак размовы, якой, відавочна, яму вельмі не хапала.

— Калі мне было шэсцьдзясят восем, мая адзіная дачка выйшла замуж. У яе ўжо быў дарос­лы сын, але яго бацька не хацеў прымаць удзелу ў іх жыцці. Вось маёй Лене споўнілася трыц­цаць чатыры, і яна вельмі баялася, што не зможа нарадзіць другое дзіця. Яна старанна займалася здароўем, здавала аналізы — не магу дакладна апісаць усё, таму што не ведаю падрабязнасцей, — ды, як бы там ні было, праз год зацяжарыла, і наша шчасце не ведала межаў. Прыкладна ў гэты ж час я ўпаў у супермаркеце і пакалечыў пазваночнік. Адна нага аднялася зусім, а другая хутка стамлялася, таму варыянт з мыліцамі адразу адпаў. Патрэбная была інвалідная каляска. Але ўсе разумелі, што вазіць на прагулкі мяне няма каму. Унук жыў у іншым горадзе і рэдка наведваўся, дачцэ неабходны быў спакой, а яе муж нават не разглядаўся ў якасці сядзелкі.

І тады я прапанаваў адправіць мяне ў дом састарэлых, таму што ведаў: усе пра гэта думаюць, проста ніхто не асмельваецца вымавіць услых.

Стары сеў роўна і хвацка закінуў нагу на нагу, я таксама нарэшце вырашыў змяніць позу і паглядзеў у акно.

Там мільгалі светлячкі ліхтароў, святло якіх ад багатай восеньскай імжы выгіналася ў кры­выя, нібы рытм сэрца на стужцы ЭКГ. Раптам крывыя скокі ліхтароў замерлі — і ўсе палосы сталі роўнымі.

Мяне ахінулі думкі. Я паглядзеў на свае рукі, але ўбачыў толькі расплывістую пляму на іх месцы. Мне захацелася паслухаць Coldplay — і адразу салон запаланіў мяккі голас Крыса Марціна.

А стары гаварыў далей:

— Яна бегла з усіх ног і паспела.

— Што? Куды? Вы пра што? — песня «Don’t panic» здалася недарэчнай, я спацеў.

— Яна паспела ўбачыць мае апошнія хвіліны на гэтым свеце і паказала мне ўнучку. Яна вінаваціла сябе і шмат плакала, але я не разумеў, чаму. Увогуле, я салідарны з індзейцамі Юкона, якія пакідалі сваіх старых зімой ля вогнішча з невялічкім ахапкам вецця. А вакол толькі непраход­ныя снягі ды галодныя ваўчыныя зграі. Гэта закон жыцця, як пісаў у сваім апавяданні Джэк Лондан.

«Просьба пакінуць салон аўтобуса», — знянацку загуў электронны голас, так што я падскочыў і стукнуўся галавой аб багажную паліцу. Я выйшаў з аўтобуса — і тут зазваніў тэлефон.

Гэта была мама. Сказала, што ёй трэба са мной пагаварыць пра дзядулю, і папрасіла прыехаць на наступных выходных.

Я ведаў, што рабіць.

Мы не былі індзейцамі Юкона.

Маргарыта КАЗАКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.