Вы тут

Пад Богам...


Цуд якія прыгожыя цыраты ў крамах! Кожны раз «тармажу» ля раскручаных рулонаў, кожны раз прыкідваю, што і вось гэтай можна было б адмераць — стол на кухні заслаць, і той, бо зручна: анучкай працёр і ніякага табе мыцця-прасавання.

А значыць, і ніякіх... успамінаў? Аб тым, напрыклад, што вось гэты абрус — яшчэ бабулін, саматканы, што яго мама дала ў пасаг, гэты — у спадчыну пакінула свякроў, гэты — падарыла нябожчыца-сяброўка...

Не помніць іх — нельга! Але ж трэба (і хочацца) успамінаць — штодня, ставячы на стол талеркі.


Яны не мы

Радаўніца. Могілкі. Людзей зранку шмат: па двое, па трое, а то і цэлымі сем'ямі яны завіхаюцца ля магіл — прыбіраюць, гамоняць, месцамі і нарэшце наліваюць па чарцы.

— Ну, хай выбачаюць, — уздымаючы першую, кажа да сваіх памерлых (жанчын... потым паглядзелі на помнік) адзін з пажылых дзядзькоў. — Лісты мы падгрэблі, жоўтага пясочку насыпалі, кветак ім паставілі... Што маглі, зрабілі.

— Ды ўсё зрабілі, — пярэчыць яму другі. — Нават больш, чым яны!

— ?!

— Ну каб мы з табою памерлі, яны б таксама прыйшлі: магілкі прыбралі б, кветкі паставілі, можа, нават паплакалі. А вось чарку — наўрад ці ўзнялі.

Што праўда, тое праўда.

Ёсць у манеты і той бок, і гэты

«Грошы ў доўг...», «Грошы за 15 мінут...», «Грошы для ўсіх», «...Без пашпарта і даведак».

Прапаноў такіх (у Мінску ва ўсякім разе), як слупоў! І ледзь не на кожным — аб'ява.

Каля чарговай інкасатарская машына спынілася. Недзе побач, трэба разумець, тыя грошы сабрала — можа, нават шмат... Але ж тут, на месцы, «не адыходзячы ад касы», не раздае — ва ўсякім разе пакуль...

Потым — можа і будзе?

Тым, у прыватнасці, хто забыўся крылатае: «Добры рубель пазычаны, толькі спаць не дае...»

Без крыўдаў?

Пра нябожчыкаў альбо нічога, альбо толькі добрае.

Тым больш што Мікітавіч гэтага варты: і дом ён добры паставіў, і дрэў за жыццё насадзіў, і па дзецях «план» перавыканаў. Тут яго ніхто не папракне: дапамог і дочкам, і сыну атрымаць адукацыю, справіць вяселлі, нават унукаў крыху пагадаваў...

А потым, ці не стаміўся? Выпіваць стаў — можна сказаць па-чорнаму. Жонка за траіх нагаравалася, бо не было больш ні міру, ні ладу, ні падмогі якой...

Не бачыў ніхто і немаленькіх бацькавых грошай — усе прапіваліся: якраз тады, калі з дзецьмі, але без мужа засталася адна дачка, якраз тады, калі па вушы ў крэдытах, не зводзячы канцы з канцамі, жыў сын.

Яны — добрыя дзеці, інтэлігентныя: на бацьку (ва ўсякім разе ў голас) ніколькі не крыўдуюць. А ў глыбіні душы...

Поцемкі там і боль.

Калі б не піў, — пажыў бы, пацешыўся, падтрымаў, дапамог.

Не захацеў.

Злачынства і пакаянне

Субота. Кухня. Бліны: лыжка алею ў цеста, скрылік сала на подмазку і следам — нязменны ўспамін.

Год — 45—46-ы, вёска, раніца. Адзін з «вечна галодных» хлопчыкаў-сірот трапляе ў багацейшую хату, у кухню, дзе... пякуцца бліны. Талерка з імі стаіць на прыпечку злева — можна сказаць, на вачах у гаспадыні, подмазка — бліскучая, пахкая — ляжыць справа і як бы збоку ад яе...

Таму дзіця і не стрымалася: ухапіла яе, укінула ў рот і далося за дзверы...

Гаспадыня даганяць не стала (голад, як вядома, не цётка), некаму нешта казаць — таксама. Яна пра гэты выпадак, можа, заўтра забылася, а вось хлоп-
чык — не. Бо падросшы і атрымаўшы першыя грошы, ён прывёз «пацярпелай» каробку цукерак і бутэльку шампанскага — кампенсаваў страты.

Значыць, помніў свой грэх і хацеў даравання.

Адзін лапаць, другі чунь

Сіноптыкі кажуць (што здзіўляе — самі!..) што яны, як тыя сапёры, памыляюцца толькі адзін раз, але кожны дзень.

Кіроўцы з падобнымі «замашкамі», відаць, загінулі б — прычым у першы ж працоўны, хірурга ці кухара звольнілі б на другі, журналіста (у залежнасці ад памылак) — максімум — на трэці... Бо нельга памыляцца — ні шаўцу, ні краўцу, ні маляру, ні муляру...

І толькі сіноптыкам...

Шторанак слухаючы іх, адна аўцючка на правую нагу абувала валёнак, на левую — бот, бо што рабіць, калі месцамі снег, а месцамі дождж?

Так і хадзіць?

Перад выбарам

Дурная мода: знізу і на босыя ногі, лічы (бо шкарпэтачкі як слядкі) — абутак, трохі вышэй — такія ж кароткія (да костачак) нагавіцы-рэзанкі. У некага дзіркі на іх невялікія і толькі на сцёгнах альбо на каленях. У падлетка-суседа — па ўсёй калашыне. І гэта, як трэба разумець, «крута», бо хлопец ну вельмі фарсіў! Праўда, у цёплыя дні.

У халодныя — бачыла — ён пад тыя «рэзанкі» споднікі надзеў.

Цікава: бабуля прымусіла ці ў самога паміж здароўем і «круцізной» хапіла розуму выбраць важнейшае?

Хто шукае...

«Мая Марыйка замуж ідзе, — пахвалілася ўвосень Ніна і ціха дадала, — здаецца».

Трэба разумець, не паверыла яшчэ, што гэта праўда (бо дачка — першакурсніца, з вёскі...)? А можа, сурочыць баялася, бо хлопец, па ўсім выглядае, сур'ёзны. Да таго ж — з грашыма, са сваім жытлом.

Ніна ў яго кватэры ўжо тройчы была. Прымаў — як належыць: частаваў, будучым жонцы і цешчы паказваў горад, вадзіў у свае любімыя кавярні, у тэатры...

Апошні прыезд таксама спланаваў — чын чынам. І ўсё, відаць, атрымалася б, калі б у дачкі не разбалеўся зуб. Факт, што маладым зранку прыйшлося ехаць да знаёмага стаматолага. А госця сама (бо не маленькая і ў Мінску ў свой час вучылася) рушыла ў горад.

Збіралася проста пагуляць па вуліцах — зазірнуць у нейкія крамкі, з'есці марозіва, паглядзець на людзей... Аднак да гэтага не дайшло, бо вельмі хутка позірк яе ўпёрся ў шыльду «Салон прыгажосці».

Не ўтрымалася — зазірнула ў адкрытыя насцеж дзверы, спытала, колькі ў іх каштуе... Ну, напрыклад, валасы пафарбаваць?

— Вам у адзін колер? — удакладніла адміністратарка.

— Ну, — кіўнула жанчына (прыкінуўшы, што можна, відаць, і ў тры?).

— Трыццаць рублёў... І можна зараз... Праходзьце!

— Дзякуй, не трэба, — сказала Ніна, скіраваўшы да выхада і тут жа... пашкадаваўшы, бо грошы з сабою былі і аддаць іх — сапраўднаму майстру, у сталічным салоне — яна магла... (Не ўсё ж фарбавацца ў суседкі...)

Пакуль разважала так, дайшла да іншай цырульні, зноў, што называецца, усунула нос: спытала, колькі каштуе фарбаванне.

— Пятнаццаць рублёў, — усміхнулася мілая гаспадыня.

І Ніна (ну яшчэ б — такая халява!) тут жа села ў крэсла.

Што важна, устала з яго іншым чалавекам: да твару былі і новы колер валасоў, і лёгкая ўкладка... Зяць з дачкой засыпалі кампліментамі! Ды і сама яна рада была. Пакуль не ўбачыла, што цырульні ў сталіцы — на кожным кроку. І калі б яна адышлася далей...

Хто пытае, той не блудзіць, хто шукае, — знойдзе?

Бог выбірае, каго забірае

...У пятай палаце і хворых пяць — пераважна цяжкіх, бо, па-першае, усе яны «з-пад нажа» хірурга, бо, па-другое, ужо немаладыя — каму за 50, а каму і за 70. Аднак неяк трымаюцца: ва ўсякім разе на лёс не скардзяцца і не стогнуць. А вось новенькі, шосты — той зусім раскіс: баіцца аперацыі, па мабільніку (вушы ж не заткнеш) расказвае ўсім, што зараз яго павязуць і невядома яшчэ, што будзе.

— Ды кінь ты... Абыдзецца, — разважаюць яго мужыкі. — Хірургі тут добрыя, аперацыя ў цябе лёгкая — мы не такія перажылі...

— Дык вам што?! — абураецца хлопец. — Вам жа ўсё роўна, вы ж старыя ўжо. А я — малады, я жыць хачу.

...Можна падумаць, той, каму за 70, ужо не хоча.

На мяжы

Прыяцелька ў бальніцы, у анкалогіі. Не заўжды выпадае праведаць, але ж пазваніць — гэта святое.

Жанчына рада: ахвотна расказвае пра свае навіны, пра суседак па палаце, дактароў і медсястрычак, любіць пажартаваць, бо гэта, як высвятляецца, яшчэ і на... публіку.

— Ведаеш, мы з табой размаўляем, — прызнаецца яна пры сустрэчы, — а ўсе, хто побач, так слухаюць, — ну аж вушы тапырацца!.. Бо па-беларуску... Асобныя прызнаюцца, што вось так, жыўцом, першы раз гэтую мову чуюць...

Асобныя, можа, баяцца, што ўжо і апошні?

Жахі нашага двара

...Каляжанка пад уражаннем: з'ездзіла ва Украіну, у Львоў. Прычым шопінг там яе мала цікавіў. Куды больш —
помнікі архітэктуры, музеі, карцінныя галерэі, так званыя дворыкі — мастакоў і жахаў.

У апошнім, расказвала, старыя дзіцячыя цацкі сабраны: бязрукія ды бязногія лялькі, «сляпыя» львы, розныя коцікі-сабачкі-мядзведзікі то без лап, то без поўсці, «падвешаны» дзед Мароз... Сумнае, карацей, відовішча.

У двары анкалагічнай бальніцы лялек няма. Там — ды ў добрае надвор'е — людзі, іх шмат. Побач амаль — на самай блізкай лавачцы — ну вельмі сімпатычная пара. Сужэнцы, відаць, абодвум — каля 50, статныя, рослыя. З імі — прыгажуня-дачушка, гадоў 20, з перавязанай шыйкай. Пасля аперацыі, трэба разумець: пухліна была на так званай шчытавідцы...

Непадалёк ад іх яшчэ адна лавачка і яшчэ адна пара — ужо іншая: абое худзенькія, невялічкія — больш, чым 50 (на дваіх) ну ніяк не дасі!

Насамрэч яны трохі старэйшыя і па сённяшнім часе — шматдзетныя: тром сыночкам пашчасціла — падраслі на грудным малацэ, бо цяпер грудзей у мамы няма, абедзвюх.

А вось у той маладзіцы (яна не замужам) ёсць — як быццам... Ва ўсякім разе адна. Замест другой — так званы імплант. Ён вельмі дрэнна прыжываецца. Каб лепш, каб не было рэцыдыву, гэтай жанчыне курс уколаў параілі — коштам 12 тысяч долараў...

Гэтыя ды іншыя жахі — не ў іншым горадзе, не за мяжой. Яны — побач.

Пад Богам. Усе...

Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.