Рэчыца


Можа, вы і ведаеце — а калі не, дык зараз я вам распавяду, — што наступная мая вандроўка ляжыць уздоўж самай доўгай ракі нашай Беларусі. Здагадаліся? Так! Сёння мы крыху паходзім, пасядзім, звесіўшы ногі з высокага берага, можа, нават трошкі акунёмся ў празрыстыя і даволі імклівыя воды Дняпра.


Не, на самай справе перад намі — самая доўгая рака нашай краіны. Збягаючы са смаленскіх земляў суседняй Расіі, Днепр бяжыць праз Оршу і Магілёў, побач з Быхавам і Рагачовым. Абмывае сваімі водамі Рэчыцу і каля Лоева паварочвае аж да Камарына, імкнучыся ўздоўж нашай дзяржаўнай граніцы, урэшце пакідае землі Беларусі і нясе свае вольныя хвалі на гасцінныя палеткі другой нашай суседкі — Украіны.

Дык вось увесь яго шлях па прасторах нашай краіны складае ні многа ні мала, а 690 кіламетраў. Мы сёння трошкі раскажам вам пра Днепр і правядзём нейкі час у вельмі прыгожым і ўтульным горадзе Рэчыцы, які так прывольна раскінуўся на правым беразе Дняпра, непадалёк ад вялікага беларускага горада Гомеля.

Пачынаючы з 1213 года ў пісьмовых крыніцах Рэчыца згадваецца як горад Чарнігаўскага княства, а з пачатку XIV ст. уваходзіць у склад Вялікага Княства Літоўскага. Уладаром яго быў вялікі князь літоўскі Вітаўт. Ад вялікага караля літоўскага і польскага Сігізмунда ІІ Аўгуста Рэчыца ў 1561 годзе атрымала Магдэбургскае права і свой герб: чырвоная харугва з выявай Пагоні на срэбным полі. Пачынаючы з XVI і да канца XVIII ст. абавязкі гарадскіх стараст выконвалі прадстаўнікі такіх знакамітых шляхецкіх родаў ВКЛ, як Валовічы, Слушкі, Радзівілы.

З XV ст. горад турбавалі частыя набегі татарскіх войскаў, што прымусіла жыхароў Рэчыцы ўзвесці на беразе Дняпра вялізны драўляны замак, які ўваходзіў у абарончую лінію цытадэляў Прыдняпроўя ВКЛ. Значныя разбурэнні атрымаў замак падчас вайны 1648 — 1651 гадоў. Па тагачаснай гравюры XVII ст. можна бачыць, што горад меў тры лініі абароны, у якія ўваходзіў у тым ліку і драўляны замак на чатырнаццаці вежах.

Але самыя вялізныя разбурэнні Рэчыца пацярпела падчас страшэннай вайны паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай (1654 — 1667 гг.). Былі канчаткова страчаныя абарончыя здольнасці — земляныя ўмацаванні і драўляны замак.

Горад абудзіўся і атрымаў новы эканамічны штуршок пры будаўніцтве Палескай чыгункі, якая прабягала праз горад з Гомеля аж да Лунінца. З’явілася чыгуначная станцыя. Пачалі працаваць розныя прадпрыемствы, друкарня, а на невялікай рэчыцкай верфі будавалі рачныя судны. Аднавілі прыстань і паромную пераправу праз Днепр і гэтак далей.

Якія архітэктурныя помнікі захаваліся ў Рэчыцы сёння? Па-першае, рэшткі старадаўняга гарадзішча. У 1903 годзе пабудавалі велічны каталіцкі касцёл у стылі неаготыкі ў гонар Святой Троіцы. Нейкі час ён выкарыстоўваўся пад склад, калісьці ў ім нават быў піўны бар. У 1999 годзе касцёл аднавілі і вярнулі вернікам.

Яшчэ тут уздымае свае купалы Успенскі сабор. Пабудавалі праваслаўную святыню ў стылі позняга класіцызму ў 1842 годзе, паводле аднаго з тыпавых праектаў, якія на той час былі ўжо распаўсюджаны на землях Беларусі. Да нядаўняга часу над памяшканнем прамавугольнай трапезнай існаваў толькі двухпавярховы дах. Сёння над ім велічна ўзняла свой стрэльчаты дах вежа-званіца. На першы погляд, вонкавых упрыгожванняў храма не так і многа, але і тыя, што ёсць, гарманічна падкрэсліваюць узнёслыя сцены сабора, надаюць яму адначасова і ўрачыстасць культавага будынка, і яго непрыкметныя рысы вытанчанасці і лёгкай успрымальнасці ў навакольным асяроддзі. Адкрытая прастора вакол праваслаўнай святыні дае магчымасць без перашкод разглядаць яе архітэктурныя асаблівасці з усіх бакоў. Не спяшаючыся, паглядзіце ўнутранае аздабленне храма з яго прасторнай малітоўнай залай і па-мастацку вырабленым іканастасам. Знакаміты гэты храм яшчэ і тым, што ў ім у 1910 годзе выстаўлялі мошчы святой Еўфрасінні Полацкай, якія перавозіліся з Кіева-Пячорскай Лаўры ў Полацкі Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр.

Усё. На сёння дастаткова. Трэба рухацца далей. Нас чакаюць не менш цікавыя і прывабныя мясціны цудоўнай Беларусі. Рэчыцу пакідаем з удзячнасцю і з вельмі добрымі пачуццямі і да гэтага горада, і да паўнаводнага магутнага Дняпра, які, у адрозненне ад нас, застаецца з Рэчыцай і далей, як верны надзейны сябра і нават як яе абаронца.

Уладзімір ЦВІРКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.