Вы тут

Хлебаробы адкрытага акцыянернага таварыства «Лазавічы» выйшлі ў поле


З даўніх часоў хлеб быў галоўным клопатам чалавека. Караваем сустракалі гасцей, пачэснае месца ён заўсёды займаў на стале ў кожнай хаце. І сёння ніводнае свята не абыходзіцца без гэтага сімвала жыцця і працы. Але для таго, каб хлебам была забяспечана кожная сям'я, работу трэба пачынаць з вясны. Гэта добра разумеюць хлебаробы адкрытага акцыянернага таварыства «Лазавічы», што ў Клецкім раёне. Яны своечасова падрыхтавалі тэхніку да сяўбы і выйшлі ў поле.


Ся­мей­ная ды­нас­тыя Та­ма­шэ­няў.

Дваццаць два гады адну з найлепшых гаспадарак раёна ўзначальвае Міхаіл Аскерка. Таму вопыт кіраўніка, уменне разбірацца ў людзях, падбіраць кадры дазваляе арганізаваць калектыў на канкрэтныя справы.

На мехдвары мы засталі галоўнага інжынера Івана Цыгана. Іван Мікалаевіч у гаспадарцы больш за дзесяць гадоў.

— Уся тэхніка адрамантаваная, — кажа ён.

— З якімі цяжкасцямі сутыкнуліся пры падрыхтоўцы да вясенніх палявых работ? — пацікавілася ў спецыяліста.

— Нейкіх непрадбачаных сітуацый не было. Усе неабходныя запчасткі для тэхнікі набылі, — сцвярджае мой суразмоўнік. — Вось збіраюся ехаць па новы раскідвальнік мінеральных угнаенняў. Усяго ж на сяўбе будзе працаваць каля 15 адзінак тэхнікі. Гэтага дастаткова.

— Мы пачалі сяўбу 9 красавіка і справімся ў вызначаны тэрмін, — упэўнены дырэктар. — Ужо скончылі падкормку азімых, якіх засеялі 1160 гектараў. Работу завяршылі літаральна за пяць дзён. Прыступілі да падкормкі рапсу і сяўбы ранніх збожжавых, ячменю. Вобласць рэкамендуе закончыць работы да 29 красавіка. Але, мяркую, справімся раней. Акрамя таго, гаспадарка займаецца бульбай, цукровымі буракамі, кукурузай, якая пойдзе на зерне і зялёны корм. «Царыца палёў» зойме 600 гектараў.

У сёлетняй сяўбы свае асаблівасці. Восенню ішлі дажджы, глеба была пераўвільготненая. Пасля зімой выпаў снег, вясной яго яшчэ падкінула. Таму вада не паспела сцячы з палёў у асушальныя каналы. Гэтыя акалічнасці паўплывалі на тэрміны сяўбы: пачалася з затрымкай.

Але, як лічаць хлебаробы адкрытага акцыянернага таварыства, гэта не перашкода для таго, каб правесці яе ў сціслыя тэрміны. Галоўнае — арганізаванасць і, вядома, каб не падвяло надвор'е. Праблем з кадрамі практычна няма. «Спецыялістаў дастаткова, — сцвярджае дырэктар. — Мінеральнымі ўгнаеннямі забяспечаны нават лепш, чым у мінулым годзе».

На поле мы прыехалі апоўдні. І заспелі механізатараў за абедам. Як кажуць, добры работнік — сыты работнік. Таму ў гаспадарцы пастараліся найлепшым чынам арганізаваць харчаванне. Машына абсталяваная ўсім неабходным для ежы ў палявых умовах. Каля машыны ўвіхаецца раздатчыца Паўліна Цераховіч.

— Механізатары працуюць у розных месцах, часам вельмі аддаленых ад цэнтральнай сядзібы, але стараемся паспяваць усюды, — кажа жанчына. — Разумеем, што ад нашага спрыту залежаць вынікі пасяўной. Бо нездарма кажуць: як пад'ясі, так і папрацуеш.

— Меню ў нас разнастайнае, практычна кожны дзень мяняецца: галубцы, катлеты, баршчы, кураціна, на гарнір — бульба, кашы, макарона. Імкнёмся, каб нашы механізатары атрымлівалі таксама вітаміны — памідоры, агуркі. А яшчэ абавязкова — чай, какава, сокі.

Пасля таго як удзельнікі пасяўной паабедалі, машына вяртаецца ў сталовую гаспадаркі. А трэцяй гадзіне — зноў у поле, пачынаецца так званы падвячорак. І зноў жа — з гарачым харчаваннем. Прычым механізатары чакаюць машыну яшчэ і для таго, каб даведацца, якую норму яны выканалі за папярэдні дзень, параўнаць свае вынікі з вынікамі калег, паколькі такая зводка змешчана на бакавым шкле кабіны. Акрамя таго, у гонар пераможцаў на цэнтральнай сядзібе штодня падымаецца сцяг працоўнай славы.

Адзін са старажылаў гаспадаркі — Міхаіл Тамашэня — працуе брыгадзірам сорак чатыры гады, а яго агульны стаж складае пяцьдзясят восем гадоў. І ўсё на адным месцы. «Я люблю сваю зямлю, сваю гаспадарку, сваю вёску, — кажа ён. — І нічога іншага мне не трэба». Побач з дзедам працуюць і яго ўнукі — Алег Гаўрук і Міхаіл Тамашэня. Алег закончыў Клецкі сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй, вучыцца ў Мар'інагорскім сельгаскаледжы. Цяпер ён праходзіць вытворчую практыку ў «Лазавічах». «Буду тут працаваць па размеркаванні, а затым прыйду на пастаянную работу: добрыя заробкі, калектыў, — кажа Алег Гаўрук. — Ёсць клуб, дзе можна адпачыць, схадзіць на дыскатэку. Але пакуль не да забаў — пасяўная».

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ                

Фота Анатоля БАСАВА

Загаловак у газеце: Па ежы і праца

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.