Вы тут

Сёння ўступае ў сілу дэкрэт аб развіцці лічбавай эканомікі


Сёння ўступае ў сілу дэкрэт нумар 8 "Аб развіцці лічбавай эканомікі" ад 21 снежня 2017 года.


Дакумент быў распрацаваны ў адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы адміністрацыяй Парка высокіх тэхналогій сумесна з рэзідэнтамі ПВТ, ІТ-супольнасцю, вядучымі юрыдычнымі і кансалтынгавымі фірмамі Беларусі, а таксама замежнымі экспертамі.

Дэкрэт нумар 8 прадоўжыў дзеянне спецыяльнага падаткова-прававога рэжыму Парка высокіх тэхналогій да 2049 года. Захаваны экстэрытарыяльны прынцып рэгістрацыі, таксама засталіся нязменнымі базавыя ўмовы гаспадарання для рэзідэнтаў ПВТ.

Ключавыя палажэнні дэкрэта - пашырэнне відаў дзейнасці рэзідэнтаў ПВТ, падтрымка ІТ-адукацыі і падрыхтоўка кадраў для галіны, стварэнне ўмоў для развіцця прадуктовых ІТ-кампаній, комплекснае прававое рэгуляванне бізнесаў на аснове тэхналогіі блокчэйн.

Так, у якасці новых відаў дзейнасці рэзідэнтаў парка прадугледжаны распрацоўка біятэхналогій, медыцынскіх, авіяцыйных і касмічных тэхналогій, кіберспорт. Таксама дэкрэтам прадугледжваецца магчымасць рэзідэнтам ПВТ не толькі распрацоўваць, але і вырабляць высокатэхналагічную навукаёмістую прадукцыю. Пашыраюцца магчымасці рэзідэнтаў па камерцыялізацыі распрацаваных імі праграмных прадуктаў - у тым ліку шляхам аказання рэкламных і маркетынгавых паслуг, ажыццяўлення аўтсорсінгу бізнес-працэсаў і інш. У новым дэкрэце адсутнічаюць дзеючыя раней абмежаванні на аб'ём выручкі ад дадатковых відаў дзейнасці (кансалтынг, тэсціраванне і інш.).

Дакумент стварае прававыя ўмовы для правядзення ICO, выкарыстання крыптавалюты і ўкаранення смарт-кантрактаў. Беларусь становіцца першай у свеце юрысдыкцыяй з комплексным прававым рэгуляваннем бізнесаў на аснове тэхналогіі блокчэйн. Дэкрэт не прадугледжвае ніякіх абмежаванняў і спецыяльных патрабаванняў да аперацый па стварэнні, размяшчэнні, захоўванні, адчужэнні, абмене токенаў, а таксама дзейнасці аператараў крыптаплатформ і аператараў абмену крыптавалют. Дзейнасць па майнінгу, набыцці, адчужэнні токенаў, якая ажыццяўляецца фізічнымі асобамі, не з'яўляецца прадпрымальніцкай дзейнасцю, а токены не падлягаюць дэклараванню.

Дэкрэтам ствараюцца ўмовы для развіцця прадуктовых ІТ-кампаній. Дакумент прадугледжвае спрашчэнне парадку заключэння знешнеэканамічных здзелак з выкарыстаннем інтэрнэту - магчымасць заключэння іх у электронным выглядзе.

Дакумент уводзіць асобныя інстытуты англійскага права. У прыватнасці, з'яўляюцца канверсоўная пазыка, апцыён і апцыйны дагавор, пагадненне аб неканкурэнцыі і забароне пераманьвання, кампенсацыя маёмасных страт. Увядзенне гэтых інструментаў у Беларусі дасць магчымасць стварыць спрыяльнае асяроддзя для развіцця венчурнай экасістэмы, прадаставіць патэнцыяльным інвестарам інструменты, зразумелыя ім і шырокаўжывальныя ў міжнароднай практыцы.

Рэзідэнтам ПВТ дазваляецца займацца адукацыйнай дзейнасцю ў сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, па вучэбных праграмах, якія зацвярджаюцца адміністрацыяй парка. Акрамя таго, замацаваны комплекс мер для прыцягнення ў краіну высакакласных спецыялістаў у ІТ-сферы. У прыватнасці, рэзідэнтам ПВТ не патрабуецца атрымліваць дазволы, звязаныя з прыёмам на работу іншаземцаў. Такім іншаземцам у спрошчаным парадку выдаецца дазвол на часовае пражыванне ў Беларусі. Для замежных работнікаў і заснавальнікаў рэзідэнтаў ПВТ візы адменены.

Пасля прыняцця дэкрэта аб развіцці лічбавай эканомікі адзначаецца рэкордны рост жадаючых уступіць у Парк высокіх тэхналогій. Так, за першы квартал бягучага года колькасць кампаній - рэзідэнтаў парка павялічылася на чвэрць. За больш як 10-гадовую гісторыю ПВТ такі істотны прырост у момант - са 192 да 238 рэзідэнтаў, гэта значыць адразу на чвэрць, - адбыўся ўпершыню. Сфера іх тэхналагічнай кампетэнцыі - гэта, у першую чаргу, штучны інтэлект, машыннае навучанне, Інтэрнэт рэчаў, тэхналогіі дапоўненай рэальнасці.

У мэтах развіцця дэкрэта нумар 8 для правядзення банкамі аперацыі з лічбавымі знакамі (токенамі) прыняты змяненні ў інструкцыю Нацбанка аб патрабаваннях да правіл унутранага кантролю банкаў, нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый у сферы прадухілення легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці і распаўсюджвання зброі масавага знішчэння. Пастановай Мінфіна зацверджаны Нацыянальны стандарт бухгалтарскага ўліку і справаздачнасці "Лічбавыя знакі (токены)".

БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.