Вы тут

Лічбавая эканоміка для вёскі


Шляхі стварэння агульнай моцнай сельскай гаспадаркі абмеркавалі на пасяджэнні ў Шклоўскім раёне парламентарыі Беларусі і Расіі.

Выязное пасяджэнне Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні прайшло ў рамках падрыхтоўкі да V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Пад кіраўніцтвам старшыні Пастаяннай камісіі Аляксандра Папкова быў разгледжаны шэраг пытанняў, якія датычыліся, можна сказаць, рэвалюцыйных пераўтварэнняў у сельскай гаспадарцы. Усё гэта адпавядала тэме размовы «Устойлівае развіццё сельскіх тэрыторый як найважнейшы фактар гарантавання эканамічнай бяспекі рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў рамках Саюзнай дзяржавы». У пасяджэнні прынялі ўдзел аўтарытэтныя расійскія дэпутаты — намеснік старшыні Камітэта Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі па аграрна-харчовай палітыцы і прыродакарыстанні Сяргей Міцін і член Камітэта Савета Федэрацыі па федэратыўным упарадкаванні, рэгіянальнай палітыцы, мясцовым самакіраванні і справах Поўначы Андрэй Шаўчэнка. У паслужным спісе Сяргея Міціна такія пасады, як намеснік міністра сельскай гаспадаркі Расійскай Федэрацыі, губернатар Наўгародскай вобласці. Андрэй Шаўчэнка прадстаўляе навуку, бізнес.


Шклоў — адзін з рай­цэнт­раў воб­лас­ці,  дзе пра­цу­юць вы­со­ка­эфек­тыў­ныя сель­скія гас­па­дар­кі.

Стаўка на сучасныя тэхналогіі

Шклоў для правядзення пасяджэння быў абраны невыпадкова. Менавіта тут выпрабоўваюцца інавацыйныя праекты па стварэнні сельгаспрадпрыемства новага пакалення, вёскі будучыні. Тут працуе прыватная гаспадарка, на ўзбраенні ў якой знаходзяцца лічбавыя тэхналогіі, арганізавана паказальная буйная таварная вытворчасць. Адным словам, ёсць на што паглядзець і чаму павучыцца.

— Гэта пасяджэнне і іншыя, якія мы будзем праводзіць, сведчаць пра тое, што мы вядзём вельмі сур'ёзную падрыхтоўку да V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, — паведаміў яшчэ на пачатку работы Аляксандр Папкоў. — У нас ёсць станоўчыя прыклады ў сельскагаспадарчай галіне. Вельмі вялікі вопыт напрацаваны ў Расійскай Федэрацыі. Усе гэтыя напрацоўкі, якія будуць зроблены ў працэсе падрыхтоўчых мерапрыемстваў, мы агучым на секцыі форуму і, магчыма, калі атрымаецца, выйдзем на міждзяржаўныя пагадненні. Каб бачыць, у якіх кірунках рухацца.

Праблем, у вырашэнні якіх добра было б аб'яднаць намаганні, шмат. Дамінантай развіцця аграпрамысловага комплексу Беларусі стала буйная таварная вытворчасць, але пры гэтым ёсць пытанні па збыце, адзначыў Аляксандр Папкоў. Беларускі бок зацікаўлены састыкаваць з Расіяй намаганні па вытворчасці сістэм сельскагаспадарчых машын і працаваць на адзіны комплекс.

Аляк­сандр Па­пкоў:  «На­ша сель­ская гас­па­дар­ка  па­він­на вый­сці на но­вы ўзро­вень».

Ёсць праблема з арганізацыяй селекцыйна-генетычных цэнтраў, падрыхтоўкай кадраў для АПК і іншыя. Расійскі бок таксама зацікаўлены ў сумесных праектах і дзеяннях.

— За пяць апошніх гадоў прырост агульнай сельскагаспадарчай прадукцыі склаў у нас 15 %, летась мы сабралі рэкордны ўраджай збожжавых — 135 мільёнаў тон, — адзначыў Сяргей Міцін. — Мы ўпершыню за апошнія гады ў канкурэнтнай барацьбе практычна выціснулі з нашага рынку мяса птушкі замежных пастаўшчыкоў. Насыцілі гэтай прадукцыяй свой рынак і зараз пастаўляем яе ў краіны арабскага свету. Між тым існуе шэраг сур'ёзных праблем. Тое ж малако. Расіі малака не хапае, мы спажываем яго каля 240 кілаграмаў на чалавека — а гэта менш за біялагічную норму, якая складае 340 кілаграмаў. З іншага боку, перыядычна ўзнікаюць праблемы са збытам малака як для расійскіх сялян, так і для беларусаў. Урадам абедзвюх краін трэба абмеркаваць, якія меры прыняць, каб такога не было. Вельмі сур'ёзныя пытанні стаяць і перад перапрацоўчай прамысловасцю. Пры росце аб'ёму сельскагаспадарчай вытворчасці на 15 % аб'ём прадуктаў харчавання вырас адчувальна менш. І атрымліваецца пры росце сельгасвытворчасці, што амаль 30 % прадуктаў харчавання імпартуецца. Сёння Савет Федэрацыі стварыў спецыяльную часовую камісію па распрацоўцы мер дзяржпадтрымкі для развіцця машынабудавання, харчовай і перапрацоўчай прамысловасці. Нам цікава паглядзець, як з гэтай праблемай спраўляюцца беларусы.

На тэрыторыі гаспадаркі «Дзі­я­на» бы­ло чым ура­зіц­ца.

З дакладнасцю да сантыметра

Сялянска-фермерская гаспадарка Уладзіміра Маліноўскага «Дзіяна» — адна з паспяховых у краіне. У спецыяліста вялікі вопыт работы ў дзяржаўных аграгаспадарках, але з 1991 года ён працуе выключна на сябе. «Дзіяна» была створана на плошчы 50 гектараў і першапачаткова гэтыя землі апрацоўваліся выключна сямейным падрадам. На той момант два сыны фермера былі старшакласнікамі, а дачцэ Дзіяне, у гонар якой і названая гаспадарка, споўнілася дзевяць гадоў. Зараз дачка і адзін з сыноў — Дзмітрый — працуюць на роўных з бацькам. Сын адказвае за лічбавыя тэхналогіі, на якіх тут зараз базіруецца ўся работа. Вынікі працы ўражваюць. Летась ураджайнасць бульбы склала 413 ц/га на плошчы 750 гектараў, збожжа намалацілі 74 ц/га. Падчас экскурсіі па гаспадарцы была магчымасць даведацца, як удалося гэтага дабіцца.

— Вельмі актыўна працуем з новымі тэхналогіямі, знаходзімся ў пастаянным пошуку падыходаў, аптымізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці. За апошнія 3-4 гады вялікія зрухі адбыліся па лічбавых тэхналогіях. У нас тут устаноўлена апорная станцыя спадарожнікавай сістэмы дакладнага пазіцыянавання, якая забяспечвае дакладнасць праходу машын да двух з паловай сантыметраў! Гэта дае магчымасць эканоміць паліва, грошы, насенне і ўгнаенні. Рэнтабельнасць вытворчасці за 2016 год склала 53 %, летась 46 %, — расказаў Уладзімір Маліноўскі.

Летась амаль на 1,5 тысячы гектараў зямлі «Дзіяны» вырошчваліся бульба, азімая і яравая пшаніца, ячмень, рапс, грэчка. Сёлета ўладанні пашырыліся амаль да 3 тысяч гектараў. Акцэнт робіцца на бульбаводства. Летась шмат бульбы гаспадарка паставіла ва Узбекістан, Казахстан, Расію, Малдову, Украіну.

У цэ­ху пе­ра­пра­цоў­кі мя­са ААТ «Алек­санд­рый­скае».

Разумная тэхніка, якая працуе ў полі па зададзенай праграме, выключна замежная.

— Беларускія машыны пакуль гэта рабіць не ўмеюць, — прызнаецца гаспадар. — Але для перавозкі ўраджаю нічога лепшага за наш трактар МТЗ 8082 не прыдумаеш: танна, хутка, высокая праходнасць.

Для мабільнасці гаспадаркі тут шмат чаго зроблена. Чатыры гады таму сертыфікавалі структурнае будаўнічае падраздзяленне, атрымалі ліцэнзію на правядзенне работ. Усе будынкі на тэрыторыі гаспадаркі пабудаваны сваімі сіламі. Металаканструкцыі таксама тутэйшай вытворчасці. Гаспадарка, дарэчы, працуе без крэдытаў. У куплю тэхнікі, матэрыялаў, у будаўніцтва і гэтак далей укладваюцца толькі тыя грошы, якія зарабілі. Зараз, напрыклад, будуецца новае бульбасховішча на 40 тысяч тон.

Сакрэт поспеху гаспадаркі — навуковы падыход плюс лічбавыя тэхналогіі, удакладняе гаспадар.

У тэму

Аляксандр Папкоў, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні:

— Гэта пасяджэнне праводзіцца ў мэтах арганізацыі найбольш эфектыўнай работы V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Мы выносім для абмеркавання цэлы пералік напрамкаў, якія сёння хвалююць Саюзную дзяржаву. Мы паглядзелі дзве формы ўласнасці — фермерскую гаспадарку і буйную таварную вытворчасць. Мы бачылі станоўчыя прыклады, але нам трэба мець на ўвазе і адмоўныя, каб працаваць над імі і ўдасканальваць наша заканадаўства. Мы пабачылі, як ствараецца сучасная прадукцыя, запатрабаваная на рынках Беларусі і Расіі. Але нам трэба падумаць, якім чынам гэтую прадукцыю прапаноўваць. На жаль, шмат рынкаў сёння запоўнена. Нам трэба напрацоўваць такія сумесныя праграмы, якія насілі б сур'ёзны паглыблены характар. Мы павінны рашаць, якім чынам на аснове лічбавых тэхналогій стварыць машыны новага пакалення, дакладнага земляробства. Яшчэ адна праблема, якая нас сёння хвалюе, — адсутнасць селекцыйна-генетычных цэнтраў, якія маглі б напрацаваць адпаведныя падыходы па імпартазамяшчэнні. Пакуль мы цалкам залежым ад імпарту. Нас хвалюе таксама адсутнасць перапрацоўкі лёну. Мы яго прадаём як сыравіну. А гэта нявыгадна, трэба фарміраваць дабаўленую вартасць. Праблем шмат, і мы б хацелі на форуме выйсці на нейкія міждзяржаўныя пагадненні з тым разлікам, каб, сумясціўшы нашы інтарэсы, агульнымі намаганнямі стварыць новыя эфектыўныя напрамкі.

Ад поля да прылаўка

Сяр­гей Мі­цін: «Моц лю­бой дзяр­жа­вы за­ле­жыць ад эфек­тыў­нас­ці пра­цы на вёс­цы».

Прыярытэтным напрамкам АПК Беларусі стала развіццё высокаэфектыўнай буйной сельскагаспадарчай вытворчасці. І ўдзельнікі пасяджэння азнаёміліся з ёй на прыкладзе ААТ «Александрыйскае». Гаспадарка была створана на працягу 2005—2008 гадоў шляхам рэарганізацыі пяці стратных гаспадарак. У 2013-м да яе далучылі Шклоўскі камбікормавы завод. Сельгаспрадпрыемства спецыялізуецца на жывёлагадоўлі і раслінаводстве. На яго фермах гадуецца 27 тысяч галоў свіней, больш за 16 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы, птушка. Раслінаводства працуе на жывёлагадоўлю, якая мае поўны замкнёны цыкл. Ёсць цэхі забою і перапрацоўкі мяса. За мінулы год «Александрыйскае» атрымала выручку 52 мільёны долараў, спрацавала з рэнтабельнасцю 7 %.

— Задача прадпрыемства — атрыманне прадукту ад поля да прылаўка, — кажа дырэктар ААТ «Александрыйскае» Андрэй Кузьменка.

Сёлета тут запатэнтавалі гандлёвую марку і прасоўваюць яе на расійскі рынак. З гэтай мэтай адкрыта гандлёвае прадпрыемства ў Маскве «Александрыйскае», праз якое праходзяць усе продажы на тэрыторыі Расіі. Гандлёвая сетка ў Беларусі прадстаўлена 25 крамамі.

Акрамя вытворчасці мясной прадукцыі, «Александрыйскае» мае пладовы сад агульнай плошчай 250 гектараў, фруктасховішча, якое часткова выкарыстоўваецца для вырошчвання вешанак. Гаспадарка развіваецца ў кірунку паглыбленай перапрацоўкі сваёй прадукцыі і пошуку рынкаў збыту. Са збытам, на жаль, ёсць складанасці.

У тэму

Сяргей Міцін, старшыня Камітэта Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі па аграрна-харчовай палітыцы і прыродакарыстанні:

— Мы ўбачылі дзве зусім розныя гаспадаркі, але яны абедзве высокаэфектыўныя. Што датычыцца «Дзіяны», вынікі ўражваюць. У маёй роднай вобласці да 30 тон бульбы з гектара збіраюць, і гэта лічыцца нядрэнна, а ў яго — 41! У нас сярэдняя ўраджайнасць збожжавых па краіне 29 ц/га, а ў яго 74. Трэба хапаць гэтыя тэхналогіі і ўкараняць. Мы паспрабуем гэта нейкім чынам трансфармаваць на нашу тэрыторыю. Мы бачылі суперсучасную тэхніку, і я не пабаюся сказаць, што гэта тэхніка ХХІ стагоддзя. Уражвае і тое, што гэта адбываецца не дзесьці ў буйным індустрыяльным цэнтры, а ў невялічкай вёсцы. І людзі, якія там працуюць, звычайныя тутэйшыя жыхары. Гэта і ёсць тая самая перадавая сельская гаспадарка, якая сёння неабходная. Вучоныя падлічылі, што да 2050 года насельніцтва Зямлі складзе 10 мільярдаў чалавек. Спатрэбіцца на 60 % павялічыць вытворчасць прадуктаў харчавання. І ў Расіі, і ў Беларусі ёсць пэўныя рэсурсы і рэзервы, калі ствараць такія эфектыўныя гаспадаркі, як у Маліноўскага. Наогул, усё, што мы ўбачылі, выклікае адабрэнне. Наша сустрэча ў рамках форуму будзе праходзіць пад знакам развіцця сельскіх тэрыторый. Для Расійскай Федэрацыі гэта вельмі важна. У нас 39 мільёнаў чалавек жыве на вёсцы. І ад таго, як яны будуць існаваць, эфектыўна працаваць, залежыць моц дзяржавы.

Вёска будучыні і закон для фермераў

Смач­ная пра­дук­цыя ААТ «Алек­санд­рый­скае».

Удзельнікі пасяджэння наведалі таксама «вёску будучыні» — гарадскі пасёлак Копысь Аршанскага раёна, прыклад таго, як павінна развівацца беларуская глыбінка.

— Гэта аддалены пасёлак, і такіх у нас вельмі шмат, — адзначыў Аляксандр Папкоў. — Калісьці яны былі буйнымі населенымі пунктамі, а зараз тут адчуваецца дэфіцыт працоўных месцаў, узнікаюць праблемы жыццезабеспячэння, добраўпарадкавання. Копысь узята за аснову — што павінна быць у маленькім населеным пункце, як вырашаць вышэйазначаныя праблемы. Калі гэтага не рабіць, людзі будуць кідаць вёску. Жыццё тут прыпыніцца. І гэта не самым лепшым чынам адаб'ецца на сельскай гаспадарцы.

Убачанае стала наглядным дапаможнікам пры падвядзенні вынікаў на пленарным пасяджэнні. Спецыялісты больш дэталёва абмеркавалі пытанні павышэння эфектыўнасці работы АПК, а таксама дзеянне закона «Аб сялянскай (фермерскай) гаспадарцы». «Гэты закон з некаторымі дапаўненнямі існуе ўжо каля 30 гадоў. Наколькі ён сёння актуальны? — пацікавіўся Аляксандр Папкоў. — Наша мэта — стварэнне фермерскай гаспадаркі, якая паспяхова і эфектыўна працуе». У фермераў была магчымасць падзяліцца меркаваннямі, выказаць свае заўвагі і прапановы, як гэта зрабіць.

— Праблема ў тым, што зямля не мае цаны і гэта прыводзіць да негатыўных наступстваў, — вылучыў адну з праблем беларускі фермер Міхаіл Шруб. — Асноўным падаткам у сельскай гаспадарцы павінна стаць арэндная плата за зямлю. Тады гэта заахвоціць тых, хто хоча яе ўзяць. А тыя, хто яе не апрацоўваюць, магчыма, падумаць, што яе лепш аддаць. І яшчэ. Фермер зможа закласці права арэнды, каб узяць фінансаванне. Калі так уцягнем зямлю ў абарот, мы падтрымаем многія пачынанні сялян, якія жадаюць працаваць. Класічныя фермерскія гаспадаркі, сямейныя прадпрыемствы здольныя закрываць такія праблемы, як вытворчасць агародніны, фруктаў, мясной прадукцыі невялікімі партыямі. Гэта дазволіць захаваць сельскі лад жыцця.

У тэму

Алег Чыкіда, першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама:

— Міжрэгіянальнае і прыгранічнае супрацоўніцтва з'яўляецца адным з найбольш дзейсных і перспектыўных механізмаў пашырэння эканамічных кантактаў паміж Магілёўскай вобласцю і замежнымі рэгіёнамі. Магілёўскім аблвыканкамам падпісана каля 50 дакументаў аб супрацоўніцтве з рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі, краінамі СНД, блізкага і далёкага замежжа. Дагаворы датычацца ўзаемадзеяння
ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай і культурнай сферах. Найбольш эфектыўна выконваюцца пагадненні, для рэалізацыі якіх заключаны дадаткова пратаколы (планы), якія змяшчаюць канкрэтныя мерапрыемствы па развіцці двухбаковых адносін. Ідзе цеснае супрацоўніцтва са Смаленскай, Бранскай, Белгародскай, Курскай, Арлоўскай, Разанскай абласцямі Расійскай Федэрацыі, Усходне-Казахстанскай вобласцю Казахстана і іншымі. Актыўна ажыццяўляецца тавараабарот з Масквой і Маскоўскай вобласцю, Санкт-Пецярбургам і Ленінградскай вобласцю, Ніжагародскай, Самарскай абласцямі.

Пятую частку экспарту (410 мільёнаў долараў ЗША) складаюць сельскагаспадарчая прадукцыя і прадукты харчавання. На экспарт ідзе 60 % атрыманай ялавічыны, 92 % сыроў, 66 % масла жывёльнага, 90 % сухіх малочных прадуктаў, 75 % жэлаціну.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.