Вы тут

Утрымаць кадры можна — годнымі ўмовамі працы, зарплатай і жыллём


Так лічыць дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства «Лазавічы» Міхаіл Аскерка.

У мінулым годзе ў Мінскай вобласці ў пошуках новага месца жыхарства і работы перасяліліся 24 сям'і (48 чалавек). Прычым з сельскай мясцовасці ў горад пераехалі 14, з горада ў вёску — 9 сем'яў, адна сям'я — з горада ў горад. Сярэдні ўзрост перасяленцаў — 34 гады.


Праўда, мне давялося абзваніць не адну гаспадарку, каб знайсці адказную працавітую сям'ю. У адных казалі, што незадаволеныя работай навасёлаў — лайдакі ды гультаі. Іншыя «перасяленцы» самі адмаўляліся ад сустрэчы. І толькі Аляксей Мышалоў, які пераехаў з сям'ёй у аграгарадок Лазавічы (з аднайменнай гаспадаркай) Клецкага раёна з Нясвіжчыны, аказаўся надзвычай шчырым і адкрытым чалавекам. Мы засталі яго на мехдвары за рамонтам трактара. «Не за гарой пасяўная, трэба, каб тэхніка працавала без паломак», — заўважыў Аляксей. Быў якраз абедзенны перапынак, і ён запрасіў нас дадому — пазнаёміць са сваімі сямейнікамі, паказаць, як уладкаваліся.

На падворку сустракае брэхам сабака. Побач яшчэ адна будка, з якой баязліва выглядвае другі — невялічкі. «Гэта Байкал і Марта, члены нашай сям'і», — смяецца Аляксей.

— Няўжо на новым месцы завялі ахоўнікаў? — цікавімся мы з фотакарэспандэнтам.

— З сабой прывезлі. Марта жыла ў нас раней, а Байкал прыбіўся аднекуль. Ды гэта яшчэ не ўся гаспадарка: козы, трусы, качкі, куры. А ў доме — кошка Тоня і кацяня Фелікс, — паказвае Аляксей.

— Кошку мы падабралі на вуліцы яшчэ дзіцем. Фелікс — яе сын. Кацянят раздаём у добрыя рукі, а гэтага пухнатага пакінулі сабе. Напачатку кошку не выпускалі з дому, баяліся, што ўцячэ. Цяпер, калі прывыкла, выходзіць пагуляць, мышэй ловіць. А коцік гультай, любіць бавіць час у цяпле, — жартуе Таццяна.

Адразу відаць, у сям'і любяць братоў нашых меншых, клапоцяцца аб іх: на кожным ашыйнік ад паразітаў. Стаўленне да жывёлы — сведчанне таго, што тут жывуць душэўныя, адкрытыя і добрыя людзі.

— Пераезд падобны на пажар. Не ўяўляеце, які вэрхал стаяў, калі лавілі сваіх гадаванцаў, птушку ў мяхі «пакавалі» ды ў багажнік складвалі, ну а каты ды сабакі, як арыстакраты, ехалі з намі ў кабіне, — успамінаюць гаспадары.

З цягам часу Аляксей і Таццяна плануюць расшырыць хатнюю гаспадарку — набыць парсючкоў.

— Мы прывыклі да сваіх, натуральных прадуктаў харчавання, якія атрымліваем з падсобнай гаспадаркі. У краме купляем самае неабходнае: хлеб, малако, соль, цукар, макарону, крупы. Вясной засеем прысядзібны ўчастак у пятнаццаць сотак, будуць хатнія закаткі на наступную зіму, — радуецца гаспадыня.

— Жылі ў суседнім Нясвіжскім раёне ў бараку, без усякіх выгод. Далёка было дабірацца ў аграгарадок, на работу. Але самае галоўнае, хацелася мець нармальнае, уладкаванае жыллё. Таму і прынялі асэнсаванае рашэнне пераехаць, — расказаў Аляксей.

У Лазавічах сям'і выдзелілі «прэзідэнцкі» домік: тры прасторныя пакоі, прыхожая, кухня, санвузел. Ацяпляецца памяшканне з дапамогай катла, але ў недалёкай перспектыве сюды прыйдзе «блакітнае» паліва — ужо рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя. З цягам часу гаспадары плануюць зрабіць у доме рамонт: замяніць шпалеры і сантэхніку, пафарбаваць падлогу, вокны, дзверы... І купіць машыну.

Адкрытым акцыянерным таварыствам «Лазавічы» вось ужо каля дваццаці гадоў кіруе Міхаіл Аскерка. Гаспадарка — адна з моцных у Клецкім раёне. Дырэктар разумее, што прыцягнуць добрыя, працавітыя кадры можна зарплатай, годнымі ўмовамі працы і пражывання. Таму шмат увагі аддае будаўніцтву жылля. Побач з традыцыйнай драўлянай забудовай як грыбы пасля дажджу вырастаюць сучасныя катэджы. А інфраструктура не саступае гарадской. Вуліцы, пад'езды да вытворчых аб'ектаў, жывёлагадоўчых фермаў заасфальтаваныя. У Лазавічах ёсць магазіны, сельскі Дом культуры, бібліятэка, дзіцячы сад, што асабліва задавальняе шматдзетную сям'ю, дзе выхоўваюцца тры сыны. Максіму — шэсць, Глебу — чатыры, Арцёму — тры гады. Сярэдні ходзіць у дзіцячы сад, малодшы — толькі збіраецца, а старэйшы — першакласнік. Хлопчыка маці возіць у школу ў суседні аграгарадок Морач. «Кожную раніцу падымаю сына ў сем гадзін. Але ён устае ахвотна, з радасцю збіраецца. Яму падабаецца вучыцца, ехаць на аўтобусе, глядзець у акно — новыя ўражанні, захапленні», — кажа Таццяна.

Аляксей КАРАЛЕНЯ, намеснік начальніка ўпраўлення па занятасці насельніцтва —начальнік аддзела рынку працы камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама:

— Права на аказанне садзейнічання ў перасяленні на новае месца жыхарства і работы маюць беспрацоўныя. Паўналетнія члены сям'і перасяляюцца толькі з іх пісьмовай згоды. Беспрацоўныя заключаюць дагавор аб сваім перасяленні і перасяленні членаў сям'і. Пасля чаго ім выплачваюць грашовую суму ў памеры сяміразовай велічыні бюджэту пражытковага мінімуму, які дзейнічае на дату працаўладкавання. Дадаткова выплачваецца таксама двухразовая велічыня пражытковага мінімуму пры перасяленні беспрацоўных з гарадоў на новае месца жыхарства і работы ў малыя, сярэднія гарадскія населеныя пункты, у сельскую мясцовасць, а таксама гарады-спадарожнікі.

Перасяленне беспрацоўных і членаў іх сем'яў адбываецца ў выпадку атрымання работы і жылля.

Пераезд і працаўладкаванне ажыццяўляюцца ва ўзгодненыя з наймальнікам тэрміны, прадугледжаныя ў дагаворы. Як сведчыць практыка, перасяленцы ўладкоўваюцца ў асноўным па прафесіях і спецыяльнасцях сельскагаспадарчага профілю: жывёлаводы, аператары машыннага даення, трактарысты, загадчыкі фермаў, заатэхнікі, кіроўцы і інш.

Адна з праблем — беспрацоўныя ў асноўным выказваюць пажаданне перасяліцца ў прысталічныя рэгіёны. Аднак магчымасці выдзялення жылля ў раёнах непадалёку Мінска абмежаваныя. Акрамя таго, нават пры наяўнасці жылля часта кваліфікацыя беспрацоўных не адпавядае патрабаванням гаспадаркі.

У Лазавічах ёсць свая амбулаторыя. Калі захварэюць малыя, не трэба везці іх у раённую паліклініку. Урач агульнай практыкі заўсёды выслухае, прапіша лекі. Тут можна памераць ціск, палячыць зубы, зрабіць электракардыяграму, аналіз крыві. У медыцынскай установе працуе стацыянар, дзе праводзяць розныя працэдуры.

— Нам тут падабаецца, ёсць жыллё, работа. Зарплата таксама задавальняе. Пачнуцца пасяўная, жніво, мяркую, буду зарабляць больш, — лічыць Аляксей.

— А як наконт адпачынку? — пацікавілася ў сваіх суразмоўнікаў.

— Уходзімся па гаспадарцы, дзяцей спаць пакладзём, тэлевізар паглядзім, у інтэрнэце пасядзім — вось і ўсе захапленні. Клуб не наведваем: няма часу. У дзіцячым садзе розныя мерапрыемствы ладзяць, разам з малымі запрашаюць і бацькоў. Зрэдку ўдаецца вырвацца да таты і мамы на Піншчыну, — канстатуе Таццяна. — Няма на каго пакінуць дзяцей ды жыўнасць.

Бацька Аляксея якраз прыехаў пагасціць да сына і нявесткі. «Жыллё сапраўды не параўнаць з папярэднім, — адзначае ён. — Я рады, што ўсё задавальняе дзяцей. Добра ім — добра і мне».

Таццяна пакуль мала ведае тутэйшых людзей, больш займаецца сямейнымі справамі, малымі. Але вясной стане весялей, можна будзе пагуляць у дэндрапарку, які калісьці заклаў аграном Мікалай Гардзей. Дрэвы пад яго кіраўніцтвам высаджвалі людзі розных пакаленняў і ўзростаў. У памяць аб земляку тут устаноўлены спецыяльны знак, праводзяцца значныя мерапрыемствы, святы, у тым ліку і раённыя.

Міхаіл АСКЕРКА, дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства «Лазавічы»:

— Да сям'і Мышаловых мы адразу прыглядваліся. Яны прыехалі да нас збоку, цікава было, як сябе пакажуць, якія работнікі. Ды і яны прывыкалі да нашых умоў, традыцый: у розных мясцовасцях яны розныя. Скажу, моладзь нядрэнная, але, бывае, даводзіцца і вучыць, і дапамагаць. Думаю, з цягам часу ў іх усё атрымаецца. Хутка выйдзе на работу і Таццяна: яе запрасіла загадчыца сталовай.

У нас працуе і жыве нямала маладых сем'яў. Але Лазавічы, можна сказаць, ускраіна Клецкага раёна, таму людзей трэба ўтрымліваць годнымі ўмовамі працы, зарплатай, жыллём. За мінулы год мы спрацавалі нядрэнна, атрымалі добры ўраджай збожжавых і зернебабовых, нарыхтавалі дастаткова кармоў для грамадскага статка. А гэта малако, а значыць, прыбытак, заробкі, магчымасць развівацца. У гаспадарцы за апошнія гады пабудавана больш як 75 катэджаў, плануецца ўзвесці яшчэ тры. Да паслуг работнікаў утульны клуб, сярэдняя школа. Але вучыцца тут не вельмі шмат дзяцей. Летась першакласнікаў было толькі двое. Ды школу, лічу, закрываць не варта. Калі малыя растуць у сваім аграгарадку, то большы шанц, што яны тут і застануцца пасля школы або вернуцца пасля заканчэння навучальных устаноў на малую радзіму.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.