Вы тут

ХХV Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш распачнецца ўжо заўтра


Юбілейная, ХХV Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш распачнецца ўжо заўтра. Госці з 32 краін гэтымі днямі завітаюць у беларускую сталіцу, каб прыняць удзел у маштабным кніжным свяце. Азербайджан, Арменія, Вялікабрытанія, Германія, Грэцыя, Ізраіль, Латвія, Літва, Малдова, Пакістан... Літаратурныя навінкі з самых розных куткоў планеты з 28 лютага па 4 сакавіка будуць прадстаўлены ў выставачным павільёне па праспекце Пераможцаў, 14. Ганаровы госць сёлетняга кніжнага свята — Сербія.


У праграме ўдзелу Ганаровага госця кніжнага кірмашу запланавана выстаўка Нацыянальнай бібліятэкі Сербіі «Сербская літаратура ў Першай сусветнай вайне». Пройдуць творчыя сустрэчы з вядомым сербскім празаікам Горанам Петравічам, Даянай Лазаравіч — перакладчыцай на сербскую мову зборніка Максіма Багдановіча «Вянок», а таксама сербска-беларуская літаратурная сустрэча «Творчы і навуковы тандэм: Іван Чарота і Драган Лакічавіч».

Будуць арганізаваны прэзентацыі выдадзенага ў Беларусі зборніка сучаснай сербскай паэзіі; кнігі Невены Вітошавіч-Чэкліч «Чырвоныя кветкі Косава поля», кнігі «Беларусы пра Сербію і Югаславію»; падборкі беларускай паэзіі ў сербскім часопісе «Павелья» і сербскіх выпускаў часопісаў «Маладосць», «Полымя», «Нёман» і газеты «Літаратура і мастацтва». У Доме дружбы адбудзецца вечар, прысвечаны сербскай літаратуры.

Знакавым мерапрыемствам выстаўкі стане прэзентацыя «Энцыклапедыі Кітая» на беларускай мове. Міністр інфармацыі Аляксандр КАРЛЮКЕВІЧ адзначыў:

— Калі казаць пра кніжныя падарункі, якія будуць прадстаўлены на выстаўцы-кірмашы, то ў першую чаргу я хацеў бы назваць кнігі, звязаныя з мастацкім перакладам. Выпушчана ўнікальная анталогія «Паэты Кітая ХХ стагоддзя» на беларускай мове. Адбудуцца перамовы беларускіх кнігавыдаўцоў з кітайскімі калегамі — мяркуецца, што апошнія могуць прыйсці на беларускую пляцоўку, у тым ліку са сваімі электроннымі праектамі. Думаю, такое супрацоўніцтва прынясе плён. Тым больш што ўжо ў 2016—2017 гадах выдавецтва «Мастацкая літаратура» пачало асвойваць інвестыцыйныя праекты, звязаныя з прадстаўленнем кітайскай мастацкай кнігі на беларускай мове ў беларускай культурнай прасторы — часткова гэтыя выданні аплачаны Кітайскай Народнай Рэспублікай.

Міністр дадаў, што на гэтай выстаўцы вельмі хацелася б яшчэ больш замацаваць творчыя і прафесійныя стасункі з расійскімі выдавецтвамі. У прыватнасці, яго цешыць, што на юбілейную выстаўку чарговы раз завітае маскоўскае выдавецтва «Художественная литература» на чале з Георгіем Прахіным, вядомым рускім публіцыстам, пісьменнікам, грамадскім дзеячам. Безумоўна, будуць прадстаўлены іх новыя праекты, што маюць дачыненне да Беларусі.

У сваю чаргу начальнік гандлёвага аддзела ААТ «Белкніга» Святлана ГУК таксама заўважыла, што падчас выстаўкі запланаваны перамовы з расійскімі калегамі — чакаецца падпісанне некаторых дамоў. Адбудзецца пастаўка кніг з Санкт-Пецярбурга ў межах умацавання сяброўскіх стасункаў з горадам на Няве.

У міжнародным сімпозіуме «Пісьменнік і час» будуць удзельнічаць пісьменнікі з 21 краіны. Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай ЧАРГІНЕЦ адзначыў, што на выстаўцы ў Мінску будуць прадстаўлены ўсе абласныя пісьменніцкія суполкі гэтай арганізацыі — адбудуцца выступленні з чытаннем вершаў, выкананнем песень і інш.

Падчас сустрэчы з журналістамі, якая адбывалася ў Нацыянальным прэс-цэнтры Беларусі, гаварылася і пра тое, што вялікая ўвага на гэтай выстаўцы будзе звернута на літаратурную дзейнасць у рэгіёнах. Натуральна, не застанецца па-за ўвагай арганізатараў і ўдзельнікаў і 500-годдзе айчыннага кнігадрукавання, якое краіна шырока адзначала летась.

Сярод цікавых навінак айчыннага кнігавыдання, якія будуць прадстаўлены на выстаўцы, кніга публіцыстыкі прафесара Адама Мальдзіса, якая нядаўна пабачыла свет у выдавецтве «Чатыры чвэрці». Відавочна, што знойдзе свайго чытача і першы том персанальнай энцыклапедыі «Янка Купала», які быў выпушчаны ў выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі».

— Я з'яўляюся выканаўчым дырэктарам усіх 25 кніжных выставак-кірмашоў, — адзначыў генеральны дырэктар ПК ТАА «Макбел» Дзмітрый МАКАРАЎ. — Спадзяюся, што сёлета моцныя маразы не зашкодзяць нам сабраць традыцыйна вялікую колькасць наведвальнікаў выстаўкі. Чакаем усіх ахвотных на працягу пяці дзён. Аднак тым, хто хоча набыць болей кніг, раім прыходзіць раней. Дарэчы, нягледзячы на вопыт замежных калег, уваход на Мінскую міжнародную кніжную выстаўку-кірмаш застаецца вольным.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Загаловак у газеце: Дзе знайсці добрую кнігу?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.