Вы тут

(не)Рызыкоўная музыка


Люты ў маразы закуты. Прымаўка? Ці прыдумка?


Зберажоная цеплыня як кацяня ў абдымках. Не аддам нікому. Грэйся сам і мяне ўгравай.

Тэрмін сыходзіць, а партытура гарачая і незавершаная. Ляжыць на стале, цікуе. Раніцамі радасна вітае. Вастрыць аловак — вяртаць сенсорную хваробу, крэмзаць палітру вышыні стасункамі з наваколлем. Люты — абуты, а лістападаўскія пазыкі выгрызаюць вантробы. Метро аднаўляе выпрабаванне. Чужыя пахі выядаюць вочы. Рабіць — што? Зніжаць свае частоты ці ўздымаць метрапалітэнаўскія? Ха, быццам ёсць выбар.

Бесперапыннае перагортванне падзей як пераменны лад у музыцы — празмерна паскораны. Гэта скурчаная амнезія высільваецца абудзіць недарэчную опцыю. Ладавае разнаквецце на высокіх хуткасцях губляе акрэсленасць. Які сэнс, калі каларыстыка губляецца? За ёю — сам сэнс.

Нешта няўлоўнае адбываецца ў паветры, кладзецца на плечы, суправаджае хаду, плыве за позіркам. Кружыць разам з дзённымі падзеямі і ўчарашнімі абяцаннямі. Нешта няўлоўнае вымушае спыняцца на паўслове і адступаць: злучаць вялікае і маленькае, далёкае і блізкае. Люты, ты ж абуты!

Якая ж яна няўлоўная, гэта творчая работа, схаваная пад плітамі пакут і азораная нечаканымі адкрыццямі: загучала дудачка на мосце і зацвілі яблыні... Раны баляць мацней і даўжэй загойваюцца.

Ніхто не спрачаецца…

Ніхто не спрачаецца, Луі Маршан мог бы перамагчы! Тады, у далёкім 1717 годзе, у сутонні прыдворнага палаца знакаміты французскі клавесініст спаборнічаў з Бахам і, каб палічыў неабходным дужацца ў спаборніцтве, — перамог бы, няйначай! Нічога дзіўнага. Працавітаму рамесніку, як і добрапрыстойнаму бюргеру, даспадобы музыка лёгкая і немудрагелістая. Маршанавы арганныя варыяцыі самі заходзяць у вушы і ўкладваюцца ў вузкія каляіны бюргерскага непераменлівага ладу — карыстайся не ўстаючы з месца! Толькі вось з Маршанавай гарызантальнай паверхні вецер гісторыі здзімае неўкаранёнае. Велічы пранізлівага Баха хапіла на стагоддзі. І хто ў каго тады гасцяваў: Бах у абдымках Вечнасці ці Вечнасць прысела ля бахаўскіх клавікордаў у доме на вузкай веймараўскай вуліцы? Ніхто не спрачаецца…

…Завіруха ўзняла сухі снег, зацерушыла вочы. Вецер сваволіў. Выдзьмуваў тужлівыя енкі з кожнай шчыліны, дудзеў у адтуліны, выцінаў скажоныя інтанацыі знаёмых мелодый, уздымаў з зямлі графічныя фіярытуры, астраўкі новай матэрыі, гуляў па спінах гарадскіх афіш. Афішы абураліся нібы паненкі, білі ў ладкі непрымацаванымі краямі, стракацелі імёнамі, назвамі, прэм’ерамі, канцэртамі — эстэцкім парадам абяцанняў і надзей зімовага горада. Некаторыя выявы ветрам не скажаліся — твары заставаліся прыгожымі. Завіруха іх абыходзіла. Альбо не заўважала.

Старую, сшарэлую афішу, што выглядала з-пад астатніх, вецер не чапаў. Можна было прачытаць на ёй пра нядаўні канцэрт новай беларускай музыкі, заўважыць стракацень і разнастайнасць жанраў — ад мініяцюры да перформансу. У лаканічным пералічэнні імёнаў — непраяўлены свет асобы. За шэрагам назваў — сімвалы і метафары.

Новая музыка — роздум, схаваны ў экспрэсіі. Змястоўнасць і вынаходніцтвы: яркія і сцішана-інтымныя, ясныя і простыя. Наіўныя і эпатажныя. Сініцы і журавы. Эквілібрыстыка канцэпцый — ад звароту да Сусвету да таемнай размовы з сабой. Выклік уяўленню. Палітра тэмпераментаў.

Новая беларуская музыка ў кожным імгненні. У дробязях, назвах, дэталях. Па іх, гэтых дробязях, вызначаецца вектар эпохі, характар і змест.

Назвы звалілі з ног: «Музыка ветра для флейты и поющей тибетской чаши», «Семь элегий Ли Бо», «Мы разучились слушать тишину», «Рефлексия и фуга», «Смирение»…

Назвы забілі. Мозг вымольваў паратунку. Мозг патрабаваў адмаўленняў і апраўдання, хоць якой гістарычнай спасылкі!.. З печы памяці выпала гарачая аладка: «Вялікі быў чалавек, а прапаў, як заяц…» (Булгарын пра Пушкіна)

…Моцарт перабраў мноства сюжэтаў і ні адзін з іх не адпавядаў завышаным уласным патрабаванням. Хіба можна супрацьстаяць уплывовым арыстакратам — прыхільнікам італьянскай оперы? Умовы для ўзнікнення нацыянальнай оперы самыя неспрыяльныя. Абураны Моцарт дзёр пяром паперу: «Быў бы хаця б адзін-адзіны патрыёт у стырна, усё б выглядала інакш. Тады, магчыма, першыя парасткі нацыянальнага тэатра маглі б дасягнуць росквіту: але ж гэта было б вечнай ганебнай плямай для Германіі, калі б мы, немцы, раптам усур’ёз пачалі па-нямецку думаць, па-нямецку дзейнічаць, па-нямецку размаўляць і нават па-нямецку спяваць!» — «легкадумны», «сонечны» Моцарт заклапочаны музычным жыццём Вены?

 Кіраваў венскім жыццём — асабіста Ёзэф ІІ — згодна з традыцыяй сваіх продкаў, заставаўшыся меламанам на троне. Імператарскі двор Габсбургаў інспіраваў новы нямецкамоўны прадукт для венскага тэатра. Жанр — вынайдзены: зінгшпіль жывіўся крыніцамі аўстрыйскага і германскага фальклору. Музычны спектакль на роднай мове быў закліканы скласці адчувальную канкурэнцыю настырнай італьянскай оперы. У 1776 годзе імператар Ёзэф ІІ аб’явіў венскі бург-тэатр (прыватны тэатр Марыі-Тэрэзіі) Нямецкім нацыянальным тэатрам. Усе спектаклі — драматычныя і музычныя — павінны ісці на нямецкай мове.

Моцарт адрэагаваў імгненна — «Выкраданнем з Сералю». А праз пэўны час спакойна і ўпэўнена дзяліўся ўласным меркаваннем: «Я думаю, што італьянская опера доўга не ўтрымаецца. Я сам аддаю перавагу нямецкай. Няхай гэта і каштуе мне неверагодных намаганняў, але яна ўсё роўна мне больш да душы. У кожнай нацыі ёсць свая опера — дык чаму ж немцам не мець сваёй? Хіба нямецкая мова не настолькі меладычная, як французская ці англійская? Не такая спеўная, як расійская?»

«Якасць народа вызначае якасць краіны…»

Прызнанне на радзіме — выпадак больш выключны, чым заканамерны. Асабліва, калі грамадская свядомасць распадаецца. Галава занята капейчынай — якую куды ўкласці? Грамадскай свядомасці хапае толькі на тое, каб хоць нейкім чынам падтрымліваць жыццёвы парадак. Чалавек звыкаецца з аднадзённай прадказальнасцю. Жыве па першай фізіялагічнай патрэбе. А мог бы спасцігаць эстэтычную асалоду праз якасную музыку. Плён кампазітарскай дзейнасці: час вылецець к славе з пагібельнай плесні і — сказаць сваё непаўторнае слова.

 Узмацніць сумненні, высвеціць атожылкі чалавечай турботы, татальнай трывогі, роспачы, разгубленасці. Зрабіць гэта музыкай.

«Успаможны кій» Ян Сібеліус жыў у час, калі Урад Мікалая ІІ меў мэтай зрабіць Фінляндыю сваёй калоніяй. Там быў «свой» Мураўёў-вешальнік — генерал-губернатар Бобрыкаў. Назва радзімы «Фінляндыя» забаранялася.

Рэакцыя Сібеліуса не менш шпаркая за моцартаўскую: кампазітар ачольвае толькі што напісаную сімфонію забароненым заклікам: «Фінляндыя, прачынайся!». Усе аўтарскія канцэрты кампазітар дэманстратыўна прысвячае радзіме, робіць гэта тады, калі Маніфест 1899 года ліквідуе аўтаномію Фінляндыі, ліквідуе фінскае войска, уводзіць цэнзуру, забараняе выхад фінскіх газет. Народ, адвярнуўшыся ад улады, вярнуўся да традыцый — пачаў з адраджэння эпасу, міфалогіі, рунаў.

Чалавек сапраўды здольны мяняць і мяняцца. Здольны ствараць. Сябе. Мастацтва. Краіну. Уплываць шматфарматнай сімфоніяй і фартэпіяннай мініяцюрай. Абранай назвай твора, тытульным аркушам партытуры, прысвячэннем твора годнай асобе. Такім чынам — ствараць уласны пантэон.

«Сонца з цемрамі змагаецца…»

Шчодрасць падтрымкі вызначаецца «рэшткамі на культуру». Воля адносна мастацтва?.. Гучыць аптымістычна. Даўно вядома, што любая банкаўская сістэмная дапамога здольна непараўнальна больш паўплываць на культуру, чым самае ўладарнае міністэрства…

 Беларускі кампазітар. Непатрэбны самому сабе. Сваёй жонцы. Сваёй сям’і. Нехта лёгка знайшоў замену творчасці: заняў прапанаваную пасаду — не дужа высокую, але і не тую, каб церціся ў нагах звычайнасці. Некаторыя здаліся адразу: грошы на жыццё прыходзяць не з кампазітарскага стала, а з пабочнага прыбытку: сальфеджыа ў школе, агульнае фартэпіяна ў інстытуце культуры, карэктарскае рупенне над безаблічнымі тэкстамі як кампенсатар чужой неадукаванасці. Турнікет, праз які трэба праходзіць штодня з электроннай карткай, часцей паралізуе творчую волю, чым натхняе. Хто ўсё ж рызыкуе і выклікае шок у кіраўніцтва, паступова мяняе эпатаж на змову з сумленнем. Эстэтычнасць непрыкметна набывае рысы хітраватасці і «падпольнай» паслухмянасці. Дзіцячая прыроджаная якасць чырванець ад уласных кепскіх думак змяняецца халодным цынізмам.

Дасведчаны ў сваёй гісторыі інтэлектуал наўрад ці здолее доўга працаваць у сталічнай турфірме, дзе на беларускую родную мову трэба перакладаць тэкст пра Аляксандра Васільевіча Суворава, героя вялікай імперыі, які ішоў з шабляй на сялян Міхала Клеафаса Агінскага. Як такое перакладаць?.. Кінуць працу? М. К. Агінскі праз стагоддзі — да нас: «Прызнаюся нават, што, ведаючы нашыя слабыя рэзервы і тыя велізарныя сілы, якія можна было выкарыстаць, каб нас задушыць, я не падманваў сябе пустымі надзеямі і не суцяшаў, што вынік будзе адпавядаць чаканням патрыётаў, але, незалежна ад гэтага факта, наважыўся не пакідаць край, дзяліць небяспеку з маімі суграмадзянамі і хутчэй загінуць са зброяй у руках, чым зняславіць сябе…»

Беларускі кампазітар. Некалі марыў ствараць. Меў шмат планаў. Уславіць свой род, уславіць краіну. Узняць праз творы забароненую гісторыю, забароненыя імёны. Мінае 30 гадоў, і ўспамінае беларускі кампазітар не плён сваіх юнацкіх мараў, а службу ў войску ў зенітных стратэгічных палках. Ганарыцца не апошняй прэм’ерай, а даўнімі юнацкімі творамі. …І?

А што расу калаціць? Жыццё без падзей. Дарога не кліча. Сцежкі зніклі. Радасці няма. Творчасці няма. Годнасці няма. Нацыянальнай прыналежнасці — няма. Жыве кот, жыве сабака, жыве й гэты небарака… Адкрышаны бераг, сказаў бы Якуб Колас.

«…ды на свеце ўсіх здарэнняў не прадбачыць і мудрэц…»

Пройдзе не адзін дзясятак гадоў, можа, якіх паўстагоддзя, можа, і стагоддзе, грамадства паразумнее, дзяржава палагаднее. «…Паспадаюць часу клямкі». Час дазволіць наблізіцца да тых, хто ствараў музыку на пачатку ХХІ стагоддзя. Што стварылася, а што засталося незавершаным, чаму стваралася менавіта тое, а не іншае. Даследаваныя творы, факты біяграфіі растлумачаць і адкажуць на ўсе пытанні дапытлівага даследчыка. Усё адбудзецца амаль так, як сёння, калі мы цікавімся расстраляным пакаленнем паэтаў і іх Нерасстралянай паэзіяй. Надыдзе час «растурхаць соннае балота». Дапытлівы розум разбярэцца, дзе — мастацтва прыдворнае, дзе — недазволенае. Бо «дазволенага мастацтва», паводле паэта, быць не можа. Некалі Франц Шуберт, у тыя імгненні, калі яго, нібы злодзея, абшуквала паліцыя, — ствараў для чалавецтва эпоху рамантызму.

Творчы працэс — няўлоўны працэс. Загучала дудачка на мосце і зацвілі яблыні. Зацвілі яблыні, і Анёл узняў у вышыню зорку. Ад гэтага зрабілася дзівосна на тым самым мосце:

 …ветру дудачка нягучная

з-за куста вячэрнім зарывам,

гук і колер так спалучаны,

як жыццё непрадказальнае… (Барыс Жанчак)

Ларыса СІМАКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.