Вы тут

Беларускія і польскія эксперты рыхтуюць дасье па бортніцтве


Беларускія і польскія эксперты рыхтуюць дасье па бортніцтве для Рэпрэзентатыўнага спіса нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.


Работа па падрыхтоўцы дасье пачата ў мінулым годзе. Па выніках перагавораў была створана экспертная група і абмеркаваны план дзеянняў. Над намінацыйным файлам працуе ў тым ліку беларуская прыватная ўстанова па развіцці традыцыйнага бортніцтва. Работа ідзе актыўна, у сярэдзіне студзеня запланавана чарговае пасяджэнне беларускіх і польскіх экспертаў. Акрамя таго, ствараецца адмысловы фільм.

Падрыхтаваць дасье плануецца да 31 сакавіка 2018 года. Рашэнне пра ўключэнне «Ляснога бортніцтва Беларусі і Польшчы» ў Спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА будзе прынята ў 2019 годзе.

У Беларусі «Лясное бортніцтва Палесся» мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Гэта старажытны промысел, заснаваны на развядзенні і трыманні лясных пчол у штучных дуплах — борцях, якія вырабляюцца і размяшчаюцца высока на дрэвах у лесе. Лясное бортніцтва ўяўляе сабой шырокі пласт навыкаў і практык, якія датычацца не толькі гэтага промыслу, але і вырабу неабходных прыстасаванняў для працы.

Промысел быў распаўсюджаны яшчэ ў V—VІ стагоддзях. З часам класічнае бортніцтва стала прыходзіць у заняпад у выніку негатыўнага антрапагеннага ўздзеяння на прыроду і развіцця калоднага бортніцтва. У Польшчы гэта традыцыя перарвалася і сёння аднаўляецца. Затое ў Беларусі лясное бортніцтва захавалася ў асобных раёнах да цяперашняга часу.

Намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Наталля Хвір расказала, што ў лістападзе гэтага года будзе прынята рашэнне па «Будслаўскім фэсце», які знаходзіцца на разглядзе ў Сакратарыяце ЮНЕСКА.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Загаловак у газеце: Лясное бортніцтва Палесся

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.