Вы тут

Малая радзіма - вялікая зямля


Юбілейная выстаўка народнага мастака Рэспублікі Беларусь, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Віктара Грамыкі ў Нацыянальным мастацкім музеі адкрыла серыю персанальных экспазіцый класікаў беларускага мастацтва ХХ стагоддзя.


Выстаўка, прымеркаваная да 95-годдзя мастака, дэманструе невялікую частку спадчыны таленавітага партрэтыста і пейзажыста, майстра сюжэтна-тэматычнай карціны, які адлюстраваў подзвіг і нясхільнасць беларускага народа падчас вайны. Імя Віктара Грамыкі для многіх аматараў і знаўцаў мастацтва стала сінонімам манументальнасці, эпічнасці, прасторы і шырыні, якіх можна дасягнуць у пейзажным мастацтве. З-пад пэндзля Віктара Аляксандравіча выйшлі цудоўныя пейзажы-карціны роднай зямлі, убачанай з вышыні птушынага палёту. Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь захоўвае каля 40 твораў мастака, два з якіх упрыгожваюць пастаянную экспазіцыю.

Хрэстаматыйнае палатно «1941. Над Прыпяццю» — візітоўка мастака, якая доўгія гады прадстаўляла яго творчасць у музейнай экспазіцыі. Чалавек ваеннага пакалення, член падпольнай арганізацыі Кастуся Заслонава ў Оршы, рэдактар газеты «Народныя мсціўцы», Віктар Грамыка як ніхто іншы здолеў перадаць драматызм і трагічнасць ваенных падзей, дасягнуць адчування нямога крыку ў карціне. У 1960-я гады ён аддаў даніну тэме Вялікай Айчыннай вайны ў сваёй творчасці: «Салдаты», «Песня пра мой атрад» і іншыя творы — своеасаблівыя аўтабіяграфічныя сведчанні трагедыі мінулай вайны, якія пад пэндзлем майстра здабылі эфект прысутнасці, датычнасці гледача да моманту, перажытага мастаком.

У гэты ж час фарміруецца і пейзажны код майстра: да ліку праграмных палотнаў належаць панарамныя эпічныя пейзажы «Полымя лістапада», «Зямля», «Чырвоныя землі Полаччыны». Карціны сведчаць пра новае разуменне задач пейзажнага жанру, пра знаходжанне філасофскай дыхатаміі «малая радзіма — Вялікая зямля», якая вызначыла ўвесь наступны творчы шлях мастака.

Грунтоўны ва ўсім, Віктар Грамыка актыўна заявіў пра сябе ў грамадскай і выкладчыцкай дзейнасці. Каля 40 гадоў выкладаў у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце, быў дэканам мастацкага факультэта, кіраўніком персанальнай творчай майстэрні Беларускай акадэміі мастацтваў. У 2000 годзе абраны ганаровым членам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

 Творчасць Віктара Грамыкі нязменна суадносіцца з глыбокімі маральнымі ідэаламі, высокімі ўяўленнямі пра сэнс жыцця, ідэямі патрыятызму і любові да сваёй зямлі і свайго народа.

Міра ІЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.