Вы тут

У новы год - з новымі кнігамі


"Спуск у горад Хлуск"

 

Ці хацелі б вы патрапіць у горад Хлуск? Гэта вельмі прыгожае месца! Вялізная галоўная плошча застаўленая спрэс высокімі, аж да аблокаў, дзіцячымі горкамі, а ў розныя бакі ад яе промнямі разыходзяцца некалькі вуліц, на якіх стаяць прыгожыя будынкі, пафарбаваныя ў ружовы колер. Усе гараджане на першы погляд ветлівыя і, здаецца, з радасцю прыйдуць на дапамогу, калі яна вам спатрэбіцца. Аднак ёсць адно "але". Уся гэтая прыгажосць – штучная. Жыхароў у горадзе багата, але жыць разам яны не ўмеюць – падманваюць адзін аднаго, абдурваюць, аблічваюць, абважваюць, абмерваюць. Ніхто нікому не давярае, ніхто ні з кім не супрацоўнічае, ніхто ні з кім дамовіцца не можа. А калі б вы зазірнулі ў вучэльню горада, то ўбачылі б там шмат цікавага: лабараторыю "Як выдаваць чорнае за белае", студыю "Вясёлая міна пры дрэннай гульні", майстэрню па перакоўцы галасоў… Менавіта ў такі "цудоўны" горад і патрапілі Змітрок, Юрась і Вераніка. Кожны з іх схлусіў, бо баяўся пакарання за свае невялікія правіны. А вярнуцца дадому аказалася справай складанай і небяспечнай. Ці атрымаецца ў дзяцей ускараскацца па зачараванай слізкай лесвіцы? І ці ўсе жыхары Хлуска такія ўжо нягоднікі? Адказы – у новай казцы Галіны Пшонік.


Кастусь Кірэенка.  Выбранае: вершы, паэмы, апавяданні

"Не маўчаць, Не чакаць, Не глядзець, пакуль скончыцца бой…"  – гэтыя радкі з верша Кастуся Кірэенкі "Труба" маглі б стаць эпіграфам да ўсёй яго творчасці. Творчы дыяпазон яго паэзіі вельмі шырокі: тут ёсць і пяшчотныя, інтымныя інтанацыі, і матывы засяроджанага роздуму, і напорысты, валявы, грамядзянска-публіцыстычны стыль. Вершы Кастуся Кірэенкі надзвычай аўтабіяграфічныя: за 70 гадоў жыцця (паэт нарадзіўся ў 1918-м) ён стаў удзельнікам многіх падзей у гісторыі краіны, многае, прайшоўшы праз яго сэрца, адгукнулася ў паэтычных радках. Ужо ў самым пачатку творчага шляху паэт паказаў сябе рамантыкам, бязмежна ўлюбёным у жыццё, родную, блізкую сэрцу прыроду, у сяброў. "Ніколі не ўзяўся б за пяро, калі б маёй рукой не кіравала бязмежная любасць", – прызнаваўся ён. Рамантызм, апрача ўсяго іншага, азначае, што паэт не баіцца стыхійнай магутнасці жыцця, смела выходзіць яму насустрач, імкнучыся авалодаць ім, замацаваць у творы. Галоўны яго клопат – шырока і нязмушана выявіць сваё душэўнае жыццё, расказаць пра сваю любоў і нянавісць, данесці да чытача свае перажыванні. Як адзначыў літаратар Уладімір Гніламёдаў, "паэтыцы Кірэенкі амаль не ўласцівы паўтоны, адценні. Калі звон – то аглушальны, раса – цяжкая, навальніца – бязлітасная, удар – люты, хмара – чорная, і г.д. І ў гэтым мне таксама бачыцца своеасаблівасць яго характару, у якім арганічна спалучыліся маральна-валявы і песенны пачаткі".

Засяроджанасць, удумлівасць, разважлівасць… Напор страсцей, выбух эмоцый, напружанне псіхалагічных сітуацый… Пяшчота, спачуванне, сардэчнасць, задушэўнасць… Усяму гэтаму знайшлося месца ў вершах Кастуся Кірэенкі:

Пагасла зорка дзесь над полем.

Пасля яшчэ вунь і яшчэ…

Што мне да іх?... А нейкім болем

Раптоўна сэрца апячэ.

Як быццам зараз нешта страціў,

Кагосьці болей не вярнуць.

І ўспомніш фронт, балоты, гаці,

І згадкі памяць разануць.

І нешта стане ў горле комам,

І здасца раптам: сам гарыш…

А зоркі падаюць са звонам,

І звон такі, што не сасніш…


"Святые родники Белой Руси"

Гэтую кнігу, вынік шматлікіх экспедыцый аўтараў, па праву можна назваць правадніком па святых крыніцах Беларусі. З даўніх часоў людзі пакланяліся гэтым унікальным прыродным аб'ектам, лічылі іх свяшчэннымі. Там, дзе б'юць з-пад зямлі крыніцы, узведзены капліцы, збудаваныя купелі, усталяваныя крыжы. Згодна з павер’ямі, крынічная вада валодае асаблівай гаючай сілай, а таму жыхары бліжэйшых населеных пунктаў, госці з іншых рэгіёнаў (а то і дзяржаў) прыходзяць да крыніц не толькі адпіць і набраць з сабой падараванага прыродаю цудадзейнага напою, але і атрымаць душэўнае заспакаенне і прымірэнне, здзейсніць абмыванне з надзеяй на ацаленне –  духоўнае і фізічнае. Людзі вераць: крыніцы дораць ім новыя сілы, здароўе і, вядома ж, шчасце.

У кнізе вы знойдзеце апісанне месцазнаходжання і стану святых крыніц нашай краіны, убачыце вялікую колькасць фатаграфій, на якіх прадстаўлены крыніцы, а таксама храмы, якія імі апякуюцца, пазнаёміцеся з легендамі і паданнямі, праз якія для нас раскрываюцца пазнавальныя старонкі далёкага мінулага і сучаснасці Беларусі.


"Вы еще будете гордиться нами: маленькая повесть с признанием, загадкой и другими тайнами"

Ці можаце вы набраць у грудзі паветра і трываць дзесяць хвілін? Ці здольны крутануць "сонейка" і прызямліцца падвойным сальта? А кінуцца пад ногі нападаючым і  ўзляцець над перакладзінай, як Леў Яшын або Джанлуіджы Буфон? А можаце свіснуць так, каб у Салаўя-разбойніка вушы заклала? А згуляць у шахматы на школьным турніры і ўсіх "парваць"? Многае могуць героі гэтай кнігі, але вось што рабіць, калі табе спадабалася дзяўчынка з суседняга класа, – гэтага не ведае ніхто...


Литературный альманах = Літаратурны альманах

Сёння ў пішучых маладых людзей не так шмат магчымасцей заявіць пра сябе, атрымаць прызнанне. Прычым прызнанне не проста ад сяброў і знаёмых, але і ад прафесійнай супольнасці. Каб дапамагчы ім выйсці на новы ўзровень творчасці і знайсці зацікаўленых чытачоў, Пастаянны Камітэт Саюзнай дзяржавы праводзіць конкурс маладых літаратараў "Мост Сяброўства". Конкурс праводзіцца адзін раз у два гады. Ён арыентаваны на раскрыццё і падтрымку таленавітых аўтараў, прыцягненне іх увагі да гісторыі, культуры і літаратурных традыцый Расіі і Беларусі. Паўдзельнічаць у конкурсе можна, калі вам ад 18 да 30 гадоў і вы гатовыя прадставіць на суд экспертнага савета творы малой літаратурнай формы: апавяданне, навелу, нарыс ці эсэ.

У трэці па ліку "Літаратурны альманах" увайшлі конкурсныя работы пераможцаў, якія атрымалі максімальную колькасць балаў у 2016-2017 гг.

Алена КАРПЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.