Вы тут

Офісная папера з макулатуры з'явілася ў Беларусі


Барысаўскае прадпрыемства «Папяровая фабрыка» Дзяржзнака пачало вырабляць офісную паперу з макулатуры. Раней у Беларусі гэтым ніхто не займаўся. Эксперты сцвярджаюць, што такая ініцыятыва дапаможа скараціць расход вады і электраэнергіі, захаваць лясныя рэсурсы і наладзіць сістэму збору другаснай сыравіны.


Тэхніка для вырабу высакаякаснай офіснай паперы ў прадпрыемства з'явілася дзякуючы праекту «Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да «зялёнай» эканомікі», які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца ў межах Праграмы развіцця ААН у партнёрстве з Мінпрыроды Беларусі.

— Еўрасаюз выдзеліў 12 мільёнаў еўра для пераходу да мадэлі «зялёнай» эканомікі ў Беларусі. Мы рэалізавалі 23 пілотныя ініцыятывы. Выраб офіснай паперы з макулатуры — самая буйная з іх, — расказала кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын. — Гэты праект паказвае, наколькі эфектыўна працуюць «зялёныя» тэхналогіі з экалагічнага і эканамічнага пунктаў гледжання, і як яны мяняюць спажывецкія звычкі.

На рэалізацыю пілотнай ініцыятывы «Папяровай фабрыкі» Дзяржзнака ЕС выдзеліў 860 тыс. еўра. На гэтыя грошы прадпрыемства купіла італьянскае абсталяванне, пабудавала вытворчы ўчастак для сартавання макулатуры, а таксама ўкамплектавала цяперашнюю лінію перапрацоўкі новымі вузламі і механізмамі. Новая тэхніка дазваляе вырабляць якасную офісную паперу з макулатуры ніжэйшай якасці.

Па словах спецыялістаў, усе гэтыя новаўвядзенні дапамогуць знізіць расход вады, паменшыць колькасць узважаных часціц у сцёкавай вадзе і сэканоміць да 50 тыс. кубаметраў паліва ў год.

— Яшчэ два гады таму мала хто ўяўляў, што такое «зялёная» эканоміка і як яна працуе. Сёння мы ўжо бачым канкрэтныя прыклады ўжывання «зялёных» тэхналогій. Гэты маштабны праект паказаў беларусам, як можна зарабляць на экалагічна чыстай вытворчасці. Канкрэтна гэтую ініцыятыву я лічу жамчужынай «зялёнай» эканомікі, — пракаментавала першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ія Малкіна.

Таксама Ія Малкіна адзначыла, што парад «зялёных» ініцыятыў у Беларусі не спыняецца. Ужо рэалізуецца новы праект «Зялёныя» гарады», праводзіцца работа з агульнаадукацыйнымі ўстановамі і летнімі лагерамі. І ў планах яшчэ адзін буйнабюджэтны экалагічны праект.

Кацярына КІРЭЕВА

kаtуаkіrееvа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Офісная папера з макулатуры ўжо ў Беларусі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.